Беларуская Служба

Андрэй Ягораў: Дэмакратычным сілам патрэбная палітыка ў галіне адукацыі

07.02.2024 16:21
Камісія па адукацыі, навукі і грамадскай думцы Каардынацыйнай рады правяла круглы стол на тэму «Адукацыя дэмакратычнай Беларусі: палітычныя актары і стратэгія камунікацыі».
Аўдыё
  • Андрэй Ягораў: Дэмакратычным сілам патрэбная палітыка ў галіне адукацыі
 .
Ілюстрацыйны здымак.DariuszSankowski/pixabay.com/СС0

Прадстаўнікі Каардынацыйнай рады распавялі пра сваю працу ў сферы адукацыі, пра сваё бачанне яе развіцця і яшчэ нявырашаныя пытанні.

Сфера адукацыі з’яўляецца надзвычай важнай у сённяшняй сітуацыі ў трох аспектах, адзначыў спікер КР Андрэй Ягораў. Па-першае, гэта будучыня. Сістэма адукацыі адна з нямногіх, якая наўпрост уплывае на будаванне будучыні. Яна закладвае светаўспрыняцце, мысленне і кампетэнцыі людзей, якія ў будучыні будуць адказваць за краіну. На яго думку, сёння можна і неабходна ствараць альтэрнатыўныя цэнтры адукацыі для беларусаў не толькі, каб падтрымліваць беларускамоўную адукацыю і ідэнтычнасць беларусаў, але каб даваць веды, якіх беларусы пазбаўлены ў самой Беларусі.

Андрэй Ягораў адзначыў яшчэ адзін аспект: дэмакратычным сілам патрэбная палітыка ў галіне адукацыі:

-Палітыка праз камунікацыю і ўзгадненне інтарэсаў самых розных актараў, якія непасрэдна рэалізуюць адукацыйныя праграмы. У адукацыйную палітыку заўсёды заангажаваныя суб’екты з вельмі рознымі інтарэсамі і пазіцыяй, таму камунікацыя паміж імі ніколі не бывае простай, але яна магчымая і, думаю, неабходная ў нашай сітуацыі. Калі такая палітыка ствараецца, то выпрацоўваецца змест таго, што сёння трэба рабіць. Гэтыя крокі і змест звязаныя з рэформай адукацыі, падрыхтоўкай кадраў. Гэтая палітыка патрэбная, каб вызначаць галоўнае на сённяшні дзень.

Член камісіі па адукацыі Каардынацыйнай рады Святлана Мацкевіч, сярод іншага, агучыла мэты і задачы беларускай адукацыі. З 2020 па 2024 года ва ўмовах відавочнага палітычнага крызісу, разгорнутых рэпрэсій, умоўнага падзелу сфер дзейнасці на замежжа і Беларусь вызначыліся асноўныя групы задач у сферы адукацыі:

-У першую чаргу гэта папаўненне дэфіцыту. Працяг адукацыі і запэўніванне кваліфікацыі на ўсіх узроўнях у супрацьвагу ідэалагічнай адукацыі ў Беларусі. Задача адаптацыі ва ўмовах міграцыі. Захаванне якасці адукацыі ўнутры краіны, падрыхтоўка чалавечага рэсурсу для будучых перамен. Гэта фундаментальная і асноўная задача. Адначасова ўзнікае шэраг іншых задач. Гэта фармаванне новых протаінстытутаў кіравання, метадалагічнага, навукова-даследчага рэсурснага забеспячэння адукацыі. То бок фармаванне новай інфраструктуры. Трэцяя асноўная задача – падрыхтоўка да будучай рэформы адукацыі.

Для рэалізацыі гэтых мэтаў былі створаны розныя адукацыйныя ініцыятывы. Таксама былі створаны палітычныя суб’екты, якія бяруць на сябе функцыю кіравання адукацыяй (Офіс Святланы Ціханоўскай, АПК, КР).

Паводле Святланы Мацкевіч у цяперашні момант можна канстатаваць, што першы этап фарміравання асноўных суб’ектаў і актараў адукацыі арганізацыйна завершаны. Гэта, аднак, не азначае, што праблем не існуе:

-Трэба канстатаваць, што агульнай згоды не адбылося. Мемарандум не падпісаны. Праграмы няма, аднак ёсць розныя версіі дарожных мап, якія могуць быць асновай. Назіраецца пераход ад пазіцыйнага этапу да змястоўнага. Ёсць згода на шэраг фундаментальных прынцыпаў, як дэмакратычнасць адукацыі, дэцэнтралізацыя адукацыі, гуманізацыя працэса, арыентацыя на правы чалавека і нацыянальны характар адукацыі. Адначасова прысутнічаюць тэндэнцыі канкурэнцыі ўнутры сферы. Ёсць пэўнае неразуменне, як узаемадзейнічаць з людзьмі ўнутры краіны. Адсутнасць адказу, дзе мы павінны дзейнічаць сумесна, а дзе паасобку.

Святлана Мацкевіч лічыць, што надалей не вырашаныя асноўныя пытанні беларускай адукацыі. А менавіта: якія мэты беларускай адукацыі ва ўмовах супрацьстаяння і палярызацыі беларускага грамадства, множнасці падыходаў і спада актыўнасці? Гэта пытанне базавага зместу адукацыі і аптымальнай формы трансляцыі адукацыйнага працэсу беларусам.

Для адказу на нявырашаныя пытанні КР прапануе, між іншым, правядзенне чарговых круглых сталоў. На апошнім абмеркаванні прысутнічалі прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага камітэту і Офіса Святланы Ціханоўскай.

ав

слухайце аўдыё

Польскія вучні сярод лідараў па выніках міжнароднага даследавання грамадзянскіх кампетэнцый

30.11.2023 10:40
У Міжнародным даследаванні грамадзянскіх кампетэнцый ICCS 2022 Польшчу апярэдзілі Тайвань і Швецыя.

Капернік і Скарына вучыліся ў адных і тых жа універсітэтах: цяпер пра гэта выходзяць кнігі

11.01.2024 16:01
Інстытут Polonika выдаў кнігу Ольгі Кухарчык пра Падуанскі ўніверсітэт.

Маргарыта Ворыхава пра змены ў сістэме адукацыі: Гэта прадуманая спроба мілітарызаваць адукацыю

01.02.2024 16:02
Школа павінная вучыць крытычнаму мысленню, а не трымаць зброю ў 12 год, падкрэсліла дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтве.