Беларуская Служба

Міністр назваў сферы, у якіх навуковае супрацоўніцтва паміж Польшчай і Украінай можа прынесці карысць абодвум бакам

08.02.2024 13:22
Неўзабаве плануецца падпісанне новай польска-ўкраінскай дамовы аб навуковым супрацоўніцтве.
Dr hab. Andrzej Szeptycki
Dr hab. Andrzej SzeptyckiWojciech Kusiński/Polskie Radio

«Навуковае супрацоўніцтва паміж Польшчай і Украінай можа прынесці карысць абодвум бакам. Украіна з'яўляецца цікавым партнёрам для польскіх навукоўцаў», заявіў намеснік міністра навукі Анджэй Шаптыцкі (Andrzej Szeptycki), падчас свайго нядаўняга візіту ў Кіеў.

«Гаворка ідзе не пра выкраданне даследчыкаў з Украіны, а пра навуковае супрацоўніцтва паміж намі, якое прыносіць карысць абодвум бакам», – запэўніў Шаптыцкі ў інтэрвʼю PAP.

Віцэ-міністр сустрэўся ў Кіеве са сваім украінскім калегам Міхайлам Вінніцкім і прачытаў лекцыю пра польска-ўкраінскае навуковае супрацоўніцтва ў Нацыянальным універсітэце імя Тараса Шаўчэнкі.

Адказваючы на ​​пытанне аб кірунках супрацоўніцтва, Шаптыцкі адзначыў, што Польшча можа дапамагчы ў падрыхтоўцы ўкраінскіх кадраў у плане пабудовы сучаснай дзяржавы, рэформаў і інтэграцыі з Еўрасаюзам.

У сваю чаргу, ва Украіны ёсць патэнцыял у галіне тэхнічных навук – адзначыў намеснік міністра.

«Гэта ўключае ў сябе ўсё, што звязана з АЭС. Украіна мае вялікі практычны вопыт у гэтай сферы, а мы толькі пачынаем. Магчыма, нашы спецыялісты захочуць гэтым скарыстацца», – адзначыў Шаптыцкі.

«Ва Украіне таксама ёсць пэўныя тэмы, якія, несумненна, цікавыя ў сферы грамадскіх навук, звязаных з вайной», – мяркуе палітык.

Прадстаўнік польскага ўраду высока ацаніў украінскае матэрыялазнаўства і даследаванні звязаныя з космасам.

Шаптыцкі падкрэсліў, што Украіна – другое пасля Бруселю месца, куды ён прыязджае ў якасці намесніка міністра навукі, адказнага за замежнае супрацоўніцтва. «Гэта паказвае напрамкі і прыярытэты нашай дзейнасці», – растлумачыў ён.

Ён таксама паведаміў, што неўзабаве плануецца падпісанне новай польска-ўкраінскай дамовы аб навуковым супрацоўніцтве.

яс/З Кіева Яраслаў Юнко (PAP)

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка