Кампус Горна-металургічнай акадэміі імя Станіслава Сташыца AGH у Кракаве неўзабаве сыграе ролю Марса. У адным з найбуйнейшых тэхнічных універсітэтаў Польшчы пачалася падрыхтоўка да Міжнароднага конкурсу марсіянскіх робатаў.
«Плошча памерам у некалькі спартовых пляцовак будзе імітаваць паверхню «чырвонай планеты», – кажа арганізатар і ініцыятар конкурсу Лукаш Вільчыньскі – старшыня Еўрапейскага касмічнага фонду.
- Будзе створаная вялізарная плошча Марса і гэта не будзе адна толькі гара чырвонай зямлі. Мы адлюструем фрагмент Марса – будуць кратары, мы падрыхтавалі кавалкі застылай лавы, будуць пагоркі і вулканы. На гэтай тэрыторыі адначасова будуць спаборнічаць дзве каманды, яны будуць выконваць спецыяльныя задачы.
Для робатаў будуць пастаўленыя задачы, падобныя да тых, што выконваюць прафесійныя марсаходы NASA.
– Першае – гэта пошукі слядоў жыцця. Марсаход павінен пад'ехаць у вызначанае месца, зрабіць свідравіну, узяць пробу зямлі і праверыць, ці ёсць у гэтым пробным матэрыяле след жыцця. Наступная конкурсная задача называецца «сляпая навігацыя» – камандам адключаюць камеры. Ёсць ёсць яшчэ заданні, звязаныя з рамонтам рэактара. Мы ўсталюем на нашым Марсе спецыяльны рэактар.
Марсаходы ў Кракаве зʼявяцца ў першы тыдзень верасня.
Міжнародны конкурс марсіянскіх робатаў пройдзе ў дзясяты раз. Штогод у спаборніцтвах прымаюць удзел больш за сто каманд з усяго свету. У фінал праходзяць трыццаць лепшых марсаходаў і каманды, якія іх пабудавалі.
яс/IAR