Беларуская Служба

Валеры Сахашчык: У нашым грамадстве, нацыі і так вялікі разлом. Паглыбляць яго за кошт мовы было б неразумна

21.02.2024 07:13
Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі па абароне і бяспецы Валеры Сахашчык ужо падчас палітычнай карʼеры пачаў карыстацца беларускай мовай у публічнай сферы. Паразмаўлялі з ім пра мову дзяцінства, яго погляд на моўную сітуацыю ў краіне.
Аўдыё
  • Валеры Сахашчык: Так, мы павінны валодаць роднай мовай, але не ствараць з-за гэтага канфліктныя сітуацыі, ладзіць паляванне на людзей, якія гавораць па-руску. вх
Падпалкоўнік Валерый Сахашчык на фронце ва Украінефота: Абʼяднаны пераходны кабінет

– Спадар Валер, мы размаўляем з нагоды Дня роднай мовы. Якая вашая мова была першай? Вы паходзіце з Драгічынскага раёну, падазраю, што раслі ў беларускамоўным асяроддзі, можа быць, нават з дамешкам польскай мовы, бо гэта Заходняя Беларусь.

– Усё ж такі руская, хаця гэта і не да канца так. Я нарадзіўся ў вёсцы ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Гэта вёска на стыку Беларусі, Украіны, блізка Польшча. Да 1939-га наша тэрыторыя была пад Польшчай. Мае дзед і баба хадзілі ў польскую школу, засталося шмат польскіх слоў, шмат украінскіх – свая гаворка, мяшанка слоў. Гэта была першая мова, з якой я пачынаў. Калі мне было сем гадоў, мы пераехалі ў Драгічын, у школе я вучыўся ўжо на рускай мове, а беларускую мову і літаратуру мы пачалі вывучаць з чацвёртага класа.

– Вы з ліку тых людзей, хто ў дарослым узросце перайшоў на беларускую мову, падцягнуў ці аднавіў яе да ўзроўню размоўнай, бо ўпачатку вашага з'яўлення ў палітыцы вы былі рускамоўным чалавекам. Ці складна было? Распавядзіце, як вы гэта рабілі?

– Я і цяпер рускамоўны чалавек, бо ў маім асяроддзі не так шмат беларускамоўных людзей. Але спрабую і нешта атрымліваецца. Я люблю беларускую мову і размаўляў бы на ёй увесь час, калі было з кім, гэта першае. А другое, не на ўсе тэмы гэта мажліва. Бо, калі гаварыць пра нейкія вайсковыя справы, то папросту няма адпаведнай лексікі. Нехта напісаў вайсковы слоўнік, не ведаю калі і хто, але ён вельмі бедны. На сёння шмат тэрмінаў, якіх і няма ў беларускай мове. Можна, канешне, нешта дамысліць. Напрыклад, любая зброя мае дзясяткі складнікаў, а калі возьмем танк ці самалёт, там тысячы складнікаў, назваў якіх няма ў беларускай мове.

Гэта не так проста. Я б сказаў болей. Я прысутнічаў цяпер ва Украіне падчас кіравання боем, і нават там, дзе ўжо трыццаць гадоў краіна навучае ўсіх украінскай мове, большасць людзей гавораць на ёй, і калі ідзе бой, то большасць каманд – па-руску. Не так проста перайсці. Не думаю, што гэта будзе хутка і лёгка для нас.

Памятаю, як у 1994-ым нам прапанавалі перайсці на беларускую мову. Я быў камандзірам парашутна- дэсантнага батальёна. Нам пераслалі нейкі статут, перакладзены на беларускую мову. Было цяжка яго чытаць без слёз, бо гэта быў нейкі хуткі пераклад і не самымі добрымі спецыялістамі, у выніку карыстацца ім немагчыма. Думаю, каб Беларусь, уся краіна, пчала гаварыць па-беларуску, то мусіць быць у дзіцячым садку, у школе праграма нашмат большая, чым ёсць цяпер. Бо нават мае дзеці, якія вучыліся ў беларускіх школах, не размаўляюць цяпер лёгка і прыгожа па-беларуску.

Калі напісаць загад, што ад панядзелка ўсе размаўляюць па-беларуску, то нічога не выйдзе. Каб перавесці ўсё дзяржаўнае кіраванне, справаводства, трэба падрыхтаваць шмат спецыялістаў. Трэба гэта зрабіць, мы павінны гэта зрабіць. Але, калі нехта марыць, што гэта можна зрабіць хутка, то я б расчараваў гэтых людзей.

– Не дзеля спрэчкі, але ў 1990-ыя беларускай мовы ў дзяржаўных структурах было непараўнальна больш. І схільнасць уладаў да русіфікацыі зрабіла сваю справу.

– Вы маеце рацыю. Канешне, гэта так. Калі б прэзідэнт, урад любілі родную мову, карысталіся ёй, то і вынікі былі б іншыя.

– З улікам вашага досведу, як ставіцеся да думкі, што нацыянальная мова – гэта важны кампанент для выхавання нацыі, фармавання яе?

– Няма сумневу, што беларуская мова павінна быць дзяржаўнай мовай, і як мінімум усе чыноўнікі павінны размаўляць па-беларуску. Але думаю, што на нейкі час, можа на года, а можа на пяць-дзесяць гадоў, у нас будзе дзве дзяржаўныя мовы. Не так проста будзе перайсці. А можа, як прапанаваў Вадзім Пракопʼеў, будзе і тры мовы дзяржаўныя – яшчэ і англійская. Гэта, канешне, жарт, але было б карысна.

Хацеў бы, ізноў жа, прывесці прыклад таго, што я бачыў ва Украіне. Калі пачынаюць «патрыёты» патрабаваць, каб усе размаўлялі па-ўкраінску, то хлопцы з усходніх рэгіёнаў гавораць, калі вы такія разумныя, то ідзіце і ваюйце, чаго вы пахаваліся ў сваім Закарпацці і Львове? А мы, рускамоўныя, за вас тут ваюем. Такая праблема існуе. Яна стаіць востра.

У нашым грамадстве, нацыі і так вялікі разлом. Паглыбляць яго яшчэ і за кошт мовы было б неразумна. Трэба абʼядноўваць нацыю. Так, мы павінны валодаць роднай мовай, але не ствараць з-за гэтага канфліктныя сітуацыі, ладзіць паляванне на людзей, якія гавораць па-руску.

вх