Беларуская Служба

Магчыма, грамадствы Еўропы павінны падрыхтавацца да неабходнасці адпраўкі войскаў ва Украіну

28.02.2024 14:50
Першым гэта згадаў прэзідэнт Францыі. Раней заходнія палітыкі абяцалі шырокую падтрымку Украіны, але меркавалі, што яна павінна справіцца сама.
            .
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон першым дапусціў удзел натаўскіх салдат у вайне ва Украіне. Фота: PAP/EPA/GONZALO FUENTES / POOL

Gazeta Wyborcza прыводзіць словы французскага прэзідэнта Эманюэля Макрона, які заявіў надоечы, што не выключае адпраўкі натаўскіх салдат ва Украіну. Ён адзначыў: пакуль што няма на гэта згоды, але дынаміка вайны такая, што трэба зрабіць усё магчымае, каб Расія не перамагла. Раней заходнія палітыкі, хоць і казалі пра шырокую падтрымку Украіны, але меркавалі, што яна павінна справіцца сама, без удзелу натаўскіх сілаў.

Францыя – адзіны член Еўрасаюза, які мае ядзерную зброю. Расіі прыходзіцца сур’ёзна ставіцца да словаў Макрона. Гэта сігнал Пуціну, што Еўропа можа адказаць, калі б Расія вырашыла выкарыстаць тактычную ядзерную зброю. Выказванне Макрона выклікала буру. Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што канфлікт паміж Расіяй і НАТА можа стаць непазбежным.

Польшча не намерана адпраўляць сваіх салдат ва Украіну. Прэм’ер-міністр Дональд Туск заявіў: «На маю думку, мы не павінны сёння разважаць, ці паявяцца новыя абставіны, якія маглі б прымусіць нас памяняць сваю пазіцыю». Аб гэтым польскі прэм’ер казаў падчас саміту Вышэградскай групы ў Празе. З ім згадзіўся чэшскі прэм’ер-міністр Пётр Фіяла, які адзначыў, што на дадзены момант неабходна засяроджвацца на ваеннай дапамозе.

Адпраўку войскаў ва Украіну пакуль што выключаюць Швецыя, Германія і Венгрыя. Словы Макрона выклікалі таксама крытыку ўнутры самой Францыі.

Барташ Веліньскі, Марта Келчэўска-Канопка

нг