Беларуская Служба

Гістарычная постаць: падпалкоўнік Станіслава Палеолаг – арганізатар і начальніца польскай Жаночай паліцыі (ФОТА + ВІДЭА)

01.03.2024 18:23
Жанчына ўсё сваё жыццё служыла ў мундзіры айчыне ў шэрагах арміі і паліцыі.
Аўдыё
  • Падпалкоўнік Станіслава Палеолаг – арганізатар польскай Жаночай паліцыі
   -    -      .  1935 ,
Станіслава Палеолаг з супрацоўнікамі-мужчынамі польскай паліцыі і жанчынамі-афіцэрамі жаночых падраздзяленняў паліцыі Францыі і Вялікабрытаніі. Май 1935 года, Варшава Narodowe Archiwum Cyfrowe

Два тыдні таму ў гістарычнай рубрыцы мы расказвалі пра Жаночую паліцыю – спецыяльнае падраздзяленне паліцыі, якое ўваходзіла ў структуры праваахоўных органаў міжваеннай Польшчы. А сёння мы пазнаёмім з важнай гістарычнай постаццю таго часу – гэта Станіслава Палеолаг, якая была заснавальніцай і начальніцай Жаночай паліцыі.

Станіслава Філіпіна Палеолаг нарадзілася ў маі 1892 года ў вёсцы Громнае (цяпер гэта Львоўскі раён Львоўскай вобласці Украіны). Атрымала сярэднюю адукацыю ў пансіёне каталіцкага жаночага ордэну Святога прычасця, пазней вучылася ў Львоўскай гандлёвай акадэміі. Падчас Першай сусветнай вайны была дзяячкай Польскай вайсковай арганізацыі.

Станіслава Палеолаг. Варшава, 1927 год Станіслава Палеолаг. Варшава, 1927 год

У часе польска-ўкраінскай вайны ў лістападзе 1918 года ў званні капрала прымала ўдзел у абароне Львова – служыла кур'ерам і санітаркай. Атрымала раненне. У снежні 1918 года Станіслава Палеолаг перайшла ў Грамадзянскую міліцыю, а потым – у Добраахвотніцкі жаночы легіён. У легіёне служыла курʼерам. Дарэчы, на такой жа пасадзе служыла ў легіёне і яе сястра Гэлена.

Пасля стварэння ў красавіку 1920 года Добраахвотніцкага жаночага легіёну пры штабе ваеннага міністэрства была ў званні падпаручніка адʼютантам камандзіра падраздзялення маёра Аляксандры Загурскай. У тым жа годзе ў складзе легіёну ўдзельнічала ў баявых дзеяннях пад Варшавай падчас польска-савецкай вайны.

Супрацоўніцы польскай Жаночай паліцыі. 1935 год Супрацоўніцы польскай Жаночай паліцыі. 1935 год

З 1922 па 1924 год працавала дырэктарам бальніцы ў Кракаве. А вось у 1925 годзе Станіслава Палеолаг была пераведзеная на службу ў Дзяржаўную паліцыю. З 1925 года займалася арганізацыяй і кіравала Жаночай паліцыяй, працавала ў следчых органах і паліцэйскай медыцынскай службе. Займалася барацьбой з прастытуцыяй і гандлем людзьмі. У 1933 годзе Палеолаг атрымала званне падкамісара паліцыі (паручніка), а ў 1939-м – камісара (капітана).

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны і нямецкай акупацыі Польшчы служыла ў калабарацыянісцкай паліцыі Генерал-губернатарства, створанага гітлераўцамі на частцы польскай тэрыторыі. Адначасова яна прымала ўдзел у польскіх падпольных арганізацыях, у тым ліку ў Арміі Краёвай.
Выкарыстоўваючы сваё становішча ў паліцыі, Палеолаг займалася арганізацыяй і навучаннем салдатаў разведвальных брыгад і жаночых разведвальна-дыверсійных падраздзяленняў. Была адным з арганізатараў падпольнага Корпусу дзяржаўнай бяспекі, уваходзіла ў склад Генеральнага штаба Арміі Краёвай. Станіслава Палеолаг прымала ўдзел у баях падчас Варшаўскага паўстання летам і восенню 1944 года. Пасля паразы паўстання ёй удалося пакінуць Варшаву з групамі мірных жыхароў.

10 жніўня 1946 года пад пагрозай арышту Станіслава Палеолаг пакінула Польшчу. Першапачаткова далучылася да частак II Польскага корпусу ў Італіі, створаным генералам Уладзіславам Андэрсам, у якім служыла ў званні маёра. Неўзабаве аднак падала ў адстаўку і пераехала ў Лондан. У 1955 годзе стала міністрам у першым польскім эміграцыйным урадзе. Прэзідэнт Польшчы ў выгнанні прысвоіў Станіславе Палеолаг званне падпалкоўніка.

У 1957 годзе апублікавала кнігу «The Women Police in Poland 1925-1939». Памерла Станіслава Палеолаг 3 снежня 1968 года ва ўзросце 76 гадоў ва Уэльсе. Пахаваная ў горадзе Манчэстэр.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

здымкі: Narodowe Archiwum Cyfrowe 

Больш на гэтую тэму: Машына часу

У паліцыі жаночы твар – гісторыя Жаночай паліцыі даваеннай Польшчы (ФОТА)

16.02.2024 06:01
У Жаночую паліцыю прымалі незамужніх жанчын альбо бяздзетных удоў, а з моманту падпісання кантракту яны не мелі права выходзіць замуж цягам 7 гадоў.