У выданні Rzeczpospolita гутарка з адвакаткай Данутай Ваўроўскай пра юрыдычны падыход да згвалтаванняў. Паводле існуючага права, калі ахвяра не крычыць, дык суд можа палічыць, што злачынства не было. Справа ў тым, што фармуліроўка згвалтавання была прынятая каля 100 гадоў таму, яна базуецца на супраціве ахвяры – крыку або фізічнай абароне.
Аднак многія гвалтаваныя жанчыны не крычаць, паколькі натуральнай фізіялагічнай рэакцыяй з’яўляецца «замарозка», арганізм замірае, як бы хацеў сказаць «мяне тут няма». Акрамя таго, чалавек, на якога хтосьці напаў, як Ліза, маладая беларуска, не ведае, чаго хоча агрэсар, баіцца за сваё жыццё, таму не рэагуе. Ліза таксама не крычала, калі яе гвалтавалі. Калі б яна выжыла, то гвалтаўнік мог бы пазбегнуць пакарання. Ён раней не парушаў законаў, і калі б некалькі чалавек за яго паручыліся, суд мог бы гэта ўспрыняць як змякчальныя абставіны.
Парламент працуе над зменай права. Прэзумпцыя згоды была б замененая прэзумпцыяй нязгоды. Калі папраўкі будуць прынятыя, паліцыя ў выпадку згвалтавання ўжо не будзе збіраць доказаў актыўнага супраціву ахвяры, а будзе працаваць над даказваннем, ці была згода на секс, ці не. Маўчанне і пасіўнасць ахвяры ўжо не будзе азначаць згоды.
Адвакатка таксама кажа, што абсалютная большасць жанчын не падае заяваў на гвалтаўніка. У паліцыю кожны год паступае афіцыйна прыкладна 500-700 заяваў, а паводле дадзеных блакітнай лініі, штогод ахвярамі гвалтаўнікоў становяцца каля 30 тысяч жанчын. Як правіла ахвяры мяркуюць, што няма сэнсу падаваць заяву, паколькі злачынца і так не будзе пакараны.
нг