Беларуская Служба

Польскі рэжысёр зацікавіўся легендай Кастуся Каліноўскага

11.03.2024 13:58
У польскай сталіцы адбылася прэм'ера дакументальнага фільма пра героя трох народаў - Польшчы, Літвы і Беларусі – Кастуся Каліноўскага.
Аўдыё
  • Выйшаў дакументальны фільм пра легенду Кастуся Каліноўскага
Прэм'ера фільма «Легенда Кастуся Каліноўскага»Y.Likhtarovich/Praca własna

Аўтарскі калектыў высвятляў як паўстала легенда Каліноўскага, як гэтая гістарычная постаць успрымаецца сёння.

У Варшаве адбылася прэм’ера фільма «Легенда Кастуся Каліноўскага» рэжысёра Рафала Герэмка ў кіназале Музея гісторыі Польшчы. Музей стаў адным з рэалізатараў стужкі ў звязку з гадавінай паўстання 1863 года, якое ў Польшчы завецца «Студзеньскім паўстаннем». Распавядае дырэктар Музея Роберт Костра.

- Гэта наша першая прэм’ера фільма. Нас вельмі радуе, што ўдалося зняць гэты фільм. Стужка тэматычна ўпісваецца ў тэму, якой мы займаемся ўжо другі год сумесна з іншымі структурамі ў рамках ушанавання 160 гадавіны паўстання 1863 года. Важна тое, што дадзены фільм нагадвае пра ролю паўстання, і пра тое, што яно закранала ўсе народы былой Рэчы Паспалітай. У паўстанні ўдзельнічалі не толькі палякі, але беларусы, літоўцы, габрэі. Менавіта пра гэта мы імкнуліся нагадаць гледачам.

Фільм «Легенда Кастуся Каліноўскага» распавядае пра жыццё і барацьбу Каліноўскага, а таксама пра тое, як фармавалася памяць пра яго чыны, пра тое, як паўстала легенда Каліноўскага - бескампраміснага змагара з царскім дэспатызмам. Распавядае рэжысёр фільма Рафал Герэмэк.

- Я нічога не ведаў раней пра Каліноўскага . Гэтая постаць у Польшчы вядомая толькі гісторыкам, якія спецыялізуюцца на той эпосе. Я ўпершыню пабачыў гэтае імя, калі з’явілася інфармацыя пра стварэнне Полка імя Каліноўскага. Тады я пачаў цікавіцца кім быў Каліноўскі. Гэтая постаць мяне зацікавіла. Я думаў, што спачатку пакажам яго жыццё і барацьбу, але потым мяне зацікавіла тое, як паўстала легенда Каліноўскага, чалавека-змагара, які кіраваў паўстаннем.

Для аўтараў ідэі важна было засяродзіцца на Каліноўскім, бо гэтая постаць у сучаснай Польшчы малавядомая, зазначае дырэктар Бюро “Niepodległa” Войцех Кальват.

- Свядомасць нашай супольнай польса-літоўска-беларускай гісторыі пашыраецца. Тут адбыліся і адбываюцца значныя змены. Людзі любяць глядзець фільмы пра падзеі, якія яны ведаюць, але часам трэба ім нагадаць пра тое, што забылі. У Польшчы пра Каліноўскага забылі. Таму мы вырашылі нагадаць палякам пра яго, там што, гэта было апошняе паўстанне, дзе разам змагаліся палякі, літоўцы, беларусы ды украінцы. На гербе паўстання было Арол, Пагоня ды Архангел. Гэта сімвалы таго, што супраць царскай тыраніі выйшлі змагацца разам некалькі народаў, не толькі палякі. Паўстанне 1863 года было няпольскае, яно завяршыла гісторыю так званай Рэчы Паспалітай двух народаў.

Гэтую думку падзяляе і беларускі гісторык Алесь Смалянчук, які быў кансультантам фільма. Адмысловец заначыў, што Каліноўскі – гэта нацыянальны сімвал, але трэба і памяць пра кантэкст эпохі.

- Чалавек пражыў кароткае жыццё. Мы шмат пра яго ведаем, але найбольшая загадка – яго свядомасць і нацыянальныя погляды. Для памяці сапраўды патрэбны нацыянальны герой, але як гісторык, я павінен памятаць пра кантэкст. У палове 19-га стагоддзя вельмі цяжка з разуменнем, што такое тады Беларусь, такое паняцця не існавала. Заслуга Каліноўскага, што ён першым выйшаў на гэты шлях, зрабіўшы вельмі шмат. У першую чаргу пачаў казаць па-беларуску, і звяртаўся да сялян. Яго праграма была больш сацыяльная, чым нацыянальная. Мы не маем патрэбу сёння казаць пра яго як нацыянальнага героя. Яго трэба высока цаніць, але за тое, што ён першым пачаў успрымаць беларусаў, як суб’ект, але з таго было далёка да нацыянальнай ідэі ды дзяржаўнасці.

Вінцэнты Канстанцін Каліноўскі нарадзіўся 2 лютага 1838 года ў Мастаўлянах на Падляшшы, больш вядомы ў беларускім варыянце - Кастусь. Пасля вучобы ў Пецярбургу ён вярнуўся на радзіму ў раён тагачаснай Гродзенскай губерні, дзе вёў барацьбы супраць Расійскай імперыі. Каліноўскі быў адным з найбольш радыкальных лідэраў Студзеньскага паўстаньня, які спалучаў ідэю барацьбы за незалежнасць з ідэямі сацыяльных рэформаў. Пішучы пад псеўданімам Яська, гаспадар з Вільні, выдаваў часопіс «Мужыцкая праўда», які быў адным з першых часопісаў на беларускай мове.

Юры Ліхтаровіч