Беларуская Служба

Беларускі хор у Познані: Пачыналі спяваць у парку

13.03.2024 12:11
Хор «Познаньскі спеўны сход» лічаць візітоўкай мясцовай беларускай эміграцыйнай супольнасці.
Аўдыё
  • Беларускі хор у Познані: Пачыналі спяваць у парку
ПознаньAutorstwa Stanisław Szewczyk - Praca własna, CC BY 3.0, commons.wikimedia.org

Менавіта яны найчасцей прадстаўляюць беларусаў у Познані перад палякамі, украінцамі і іншымі нацыянальнасцямі. Менавіта праз іх у Вялікапольскім ваяводстве найбольш даведваюцца пра Беларусь. З кіраўніком хору і адным з яго заснавальнікам Іллём Сініцам гутарыць наш карэспандэнт.

- Ілля, як атрымалася так, што прыехаўшы пасля тых страшных падзей 20-га году, беларусы ў Познані літаральна адразу стварылі менавіта хор…

- З самага пачатку ўсё адбывалася без мяне. Я прыехаў трошкі пазней, калі людзі ўжо проста збіраліся ў парку і спявалі беларускія песні. У іх не было ні назвы, ні рэпертуару, а толькі жаданне спяваць. Многія з іх не мелі музычнай адукацыі, некаторыя не ведалі нават ніводнай ноты. Я калі прыйшоў, то пабачыў, што ёсць неабходнасць у кіраўніку, які мае музычныя кампетэнцыі.

- Па чым было бачна, што не стае музычных кампетэнцый?

- Ну вось, да прыкладу, людзі хочуць заспяваць «Магутны Божа», але не могуць узяць ноту ў правільнай актаве, а потым пытаюцца – чаму так дрэнна гучыць? Яны хацелі лепей, але не ведалі як.

- Наколькі я разумею, ідэя стварыць хор належала вам…

- Я б сказаў, што гэта была наша агульная ідэя. Так проста атрымалася. І назва «Познаньскі спеўны сход», менавіта -сход, як месца куды могуць прыходзіць людзі, дзе мы проста спяваем песні. А калі больш дакладна, то гэта азначае – ішоў хор. Не «Познаньскі спеўны хор», а менавіта «Познаньскі спеўны ход» – вось такая наша сапраўдная назва.

- Ваш хор пачынаўся з таго, што людзі спявалі ў парку беларускія песні, а якім быў наступны ход?

- А далей нам пашчасціла, што мы знайшлі такое месца, як фундацыя «Барак Культуры» і дамовіліся з імі аб супрацы. Спачатку гэта былі нефармальныя адносіны, а праз некалькі месяцаў рэпетыцый, калі аказалася, што мы можам нешта спяваць, яны прапанавалі нам афіцыйную супрацу і мы сталі іх рэзідэнтамі. Гэтае месца агулам нам вельмі дапамагло. У парку можна збірацца ўлетку, а калі прыходзіць зіма, то там асабліва не наспяваеш. А тут мы маем па дзве рэпетыцыі на тыдзень у памяшканні. Гэта вялікая справа для нас.

- Як складваўся ваш рэпертуар, з чаго пачыналі…

- Беларусы напэўна заўсёды пачынаюць з «Купалінкі», пачынаюць з «Пагоні», «Магутны Божа». Пачыналі з найбольш вядомых песень. Потым уключылі ў рэпертуар больш складаныя народныя спевы, калядныя песні. Яшчэ пазней такія песні, як «Не загаснуць зоркі ў небе», вядомыя песні Лявона Вольскага, польскія калядкі спяваем, зараз развучылі ўкраінскую песню.

- Я так разумею, што ваша творчасць не па прынцыпу прымусу, людзі самі прыходзяць у ваш калектыў?

- Ну так, у нас не можа быць ніякага прымусу(смяецца). Як можна ўтрымаць хор прымусам? Мы ж тут не маем ніякіх заробкаў, фінансава нават трацім, бо штомесяц даводзіцца скідвацца па 20 злотых на агульны фонд хору. Трэба ж набываць розныя матэрыялы для рэквізітаў і г.д.

- Колькі людзей у вашым хоры і наколькі запоўнены спектр неабходных галасоў?

- На рэпетыцыі прыходзіць да 25 чалавек. За два гады існавання калектыву склад значна змяніўся. Адны адыходзяць, іншыя прыходзяць. Праўда, хацелася, каб гэта было трохі раўней. Маю на ўвазе, каб прыходзіла больш мужчынаў, бо болей жадаючых сярод жанчын. І ўсе яны, як правіла, хочуць спяваць сапрана, а вось альтоў не шмат. Мужчыны відавочна сумняюцца, ці ім патрэбны такі занятак, як спяваць у хоры.

- Дзе адбываліся вашы першыя публічныя выступы і наколькі былі ўдалымі?

- Першы публічны выступ быў у беларускай кавярні «МЫ». Там спявалі «Купалінку» і «Магутны Божа». Вечарына была прысвечана «Ночы расстраляных паэтаў». Гэта быў наш першы публічны выступ у 2022 годзе. З таго часу выступаў станавілася больш і больш. Гэта былі, як мерапрыемствы для польскай аўдыторыі, так і вельмі часта выступалі на самых розных беларускіх імпрэзах.

- І як вас прымаюць гледачы?

- Я нават не магу сказаць дакладна, бо сам па-рознаму ўспрымаю нашы выступы. Часам вельмі раздражняе наш дылетантызм і мне здаецца навошта мы гэта робім. А часам я слухаю і чую, як класна гучыць наш спеў і вельмі прафесійна для аматарскага хору. Часам пасля канцэрту мне кажуць, што ў людзей былі слёзы на вачах. А гэта значыць, што песні кранулі іх і гэта добра.

- А якія канцэрты вам найбольш запомніліся?

- Адзін з такіх вялікіх канцэртаў у Познані ў нас быў на вуліцы Святога Марціна, калі яе ўрачыста адкрывалі пасля доўгага рамонту. Сабралася вельмі багата людзей і многія прыйшлі менавіта дзеля таго, каб пачуць наш хор. Пасля ў нас было некалькі цікавых паездак. У Варшаве мы спявалі разам з Лявонам Вольскім. Яшчэ адзін цікавы канцэрт быў у невялічкім гарадку каля Познані. Там мы спявалі для людзей, якія ніколі ні чулі пра беларусаў, але прымалі нас вельмі цёпла.

- Якія планы ў хору надалей?

- Падвышаць уласны прафесіяналізм. Ёсць яшчэ куды расці. Хацелася б знаходзіць, спяваць, папулярызаваць беларускія песні, творы пра якія мала хто ведае, але якія ёсць і застаюцца малавядомымі.

- Ілля, вы калі выходзіце на сцэну – хвалюецеся? Ці ёсць у вас нейкія рэцэпты на гэта?

- Я калі вучыўся ў музычным каледжы, для мяне гэта была вялікая праблема перад выступам. Але чамусьці з хорам гэтага проста няма. Я не ведаю чаму. Магчыма, таму што не спяваю разам з хорам. Але трэба заўсёды памятаць, што гэта мастацтва для чыстай прыгажосці, а не дзеля фальшывых ці чыстых нот.

- Дарэчы, на пачатку нашай размовы вы сказалі, што беларусы любяць спяваць. А ў чым крыецца такая цікавасць у беларусаў да спеваў, на ваш погляд?

- Па-першае, гэта хіба наяўнасць не перарванай традыцыі народных спеваў. Людзі ведаюць што такое народныя спевы, ведаюць, як спяваць альбо прынамсі чулі гэта і могуць сабе ўявіць. І праз гэта, што пачулі, лягчэй гэта рэканструяваць уласным голасам. Ну і, канешне, у такія цяжкія цёмныя часы мала што застаецца толькі, як спяваць і такім чынам захоўваць нашу мову. Бо людзі, якія не гавораць на ёй штодня, могуць дакрануцца да яе хаця б у спевах.

- А калі паставіць такое простае пытанне: чаму наагул людзі спяваюць?

- Таму што яны шукаюць кантакту з сусветам. Яны шукаюць кантакту з уласнай душой…

Павел ЗАЛЕСКІ

слухайце аўдыё