Беларуская Служба

Крываўнік і крапіва - расліны, якія варта есці вясной

16.04.2024 10:10
Лёгкі доступ да прадуктаў харчавання, у тым ліку да зеляніны, прывёў да таго, што людзі забыліся пра расліны, якія растуць побач з намі.
Аўдыё
  • Крываўнік і крапіва - расліны, якія варта есці вясной
.
.klimkin/pixabay.com/CC0

Пустазелле – расліна, якая перашкаджае ў гародах і садах. Так большасць з нас прызвычаілася думаць пра гэтыя расліны. Няма нічога больш памылковага. Лёгкі доступ да прадуктаў харчавання, у тым ліку да зеляніны, прывёў да таго, што людзі забыліся пра расліны, якія растуць побач з намі, а якія можна выкарыстоўваць у кухні і фітатэрапіі.

Зёлкі рэгулярна з’яўляюцца ў меню Агнешкі Прымакі з Падляшша, якая пра лекавыя і кулінарныя ўласцівасці раслін ведае ўсё. Яна пагадзілася расказаць пра некалькі сваіх любімых раслін, якія растуць у дасяжнасці амаль кожнага з нас.

Такой раслінай з’яўляецца крываўнік. У фітатэрапіі выкарыстоўваюцца кветкі, іх трэба пачакаць да чэрвеня-ліпеня. Аднак лісты крываўніка паяўляюцца ўжо цяпер і імі можна карыстацца.

-Яны свежанькія, мяккія. Гэта расліна, якая з’яўляецца горкай. Горкія расліны вельмі нам патрэбныя ў харчаванні, але мы ад іх адмовіліся. У рацыёне сучаснага чалавека горкіх раслін амаль няма. Гэта вельмі кепска і ад гэтага церпіць нашая стрававальная сістэма. Я вельмі заахвочваю, каб такія расліны ўводзіць у свой рацыён. І адной з іх з’яўляецца крываўнік. Гэта была адна з самых любімых раслін святой Хільдэгарды. Цікавінка: калісьці лісткі маладога крываўніка збіралі і кармілі імі птушку ў гаспадарцы, асабліва індыкоў, яны лепш раслі, а таксама менш хварэлі. Мы таксама павінны час ад часу есці лісты крываўніка, - расказвае Агнешка Прымака.

Адначасова яна дадае, што лісты крываўніка, асабліва маладыя, не маюць празмерна горкага смаку, як, напрыклад, палынь. Маладыя лісткі крываўніка можна дадаваць да зялёных салатаў, пасыпаць яечніцу ці яйкі, дадаваць у суп. Агнешка Прымака раіць “горкія” расліны дадаваць да страваў у невялікай колькасці, але сістэматычна.

Сам крываўнік мае мноства вітамін і мікраэлементаў, кажа зялярка:

-У прынцыпе, як усе расліны, якія першымі паяўляюцца вясною. Прырода дае нам магчымасць імі карыстацца, а мы пасля зімовага перыяду аслабленыя, нам патрэбнае ачышчэнне крыві. У траве мы можам сустрэць многія расліны і іх выкарыстоўваць. Крываўнік вельмі добра дзейнічае на ўсялякія крывацёкі. Між іншым, яго выкарыстоўвалі пры моцнай менструацыі. Таксама святая Хільдэгарда рэкамендавала людзям, якіх чакала аперацыя, два тыдні перад і два пасля аперацыі рабіць сабе курс лячэння кветкамі крываўніка. Гаворка пра тое, каб не даходзіла да ўнутраных крывацёкаў. Яны вельмі небяспечныя, а мы часта нават не ўсведамляем, што ў арганізме нешта такое можа здарыцца. У сваю чаргу ў даўнія часы кожны жаўнер на пасе меў прывязаны мяшочак з высушанымі лісткамі крываўніка, сцертымі ў парашок, каб пасыпаць раны, каб зажывалі. Гэта быў такі элемент асноваў выжывання.

Агнешка Прымака кажа, што па гэтай прычыне варта ведаць як выглядае крываўнік. Параніўшыся па-за домам можна змяць лісты крываўніка і прыкладаць да раны.

Другі герой сённяшняй перадачы – крапіва. Маладую крапіву напэўна варта дадаваць да рацыёну, кажа Агнешка Прымака. Крапіва ўтрымлівае багата жалеза, мікраэлементаў, вітаміну Ц. Гэта расліна вельмі багатая рознымі карыснымі рэчывамі і будзе добра ўплываць на арганізм чалавека. Усё ж мала гаворыцца аб тым, што крапіва можа быць небяспечнай:

-Крапіва з’яўляецца вельмі добрымі зёлкамі, але нельга піць яе ў празмернай колькасці. З ежай праблем няма, бо ніхто не ў стане есць суп з крапівы штодзённа цягам двух месяцаў. Калі мы раз у тыдзень з’ямо суп з крапівы, то не пашкодзім сабе. У сваю чаргу, калі мы праходзім курс фітатэрапіі, п’ем два кубкі крапівы ў дзень, то нельга гэтага рабіць даўжэй, чым тры-чатыры тыдні, пра што варта памятаць.

Крапіва самая смачная менавіта цяпер – у красавіку і траўні. Пасля яна будзе станавіцца цвёрдай, з тоўстымі жылкамі.

Агнешка Прымака нагадвае, што свежыя расліны заўсёды маюць большую моц ад сушаных. Таму вясна – гэта выдатны час, каб падсілкаваць свой арганізм і дапамагчы здароўю.

Нашая суразмоўца вядзе блог на Фэйсбуку – Zielska Kolonia, у якім дзеліцца ведамі пра зёлкі і тое, як карыстацца багаццем прыроды.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце

Не з кожным пустазеллем трэба змагацца. Некаторае варта выкарыстаць у кухні

05.04.2024 17:46
Прыводзім прыклад раслін, якія лічацца пустазеллем, але насамрэч з'яўляюцца надзвычай карыснымі.