Беларуская Служба

Лясное купанне - новы трэнд у пошуку адпачынку і цішыні

19.04.2024 13:00
Метад - родам з Японіі, дзе былі праведзены першыя навуковыя даследаванні, якія пацвердзілі яго эфектыўнасць.
Аўдыё
  • Лясное купанне - новы трэнд у пошуку адпачынку і цішыні
Ілюстрацыяфота: Pixabay.com/GDJ

Кантакт з лясным асяроддзем станоўча ўплывае на здароўе і агульнае самаадчуванне і нават падтрымлівае лячэнне або рэабілітацыю. 

З 2022 году ў Польшчы існуе Польскае таварыства лясных купанняў. Яно аб'ядноўвае гідаў па лясных купаннях. Асноўная мэта асацыяцыі - папулярызацыя ідэі блізкасці да прыроды і яе ўздзеяння на дабрабыт чалавека шляхам папулярызацыі ляснога купання/лясной тэрапіі і звязаных з імі ведаў, заснаваных на сучасных, прызнаных на міжнародным узроўні навуковых даследаваннях. У асацыяцыі лічаць, што любое дзеянне, якое паглыбляе сувязь з прыродай, дазваляе лепш яе разумець і клапаціцца пра яе.

Госцем Польскага радыё быў Адам Маркушэўскі з Польскага таварыства лясных купанняў. Ён расказвае, у чым яно заключаецца:

-Калі мы ідзём у лес, то можам увайсці ў яго як у мора, каб паплаваць. Калі мы заходзім у лес, то заходзім у атмасферу. А што мы маем у лесе: свежы кісларод, фітанцыды, бактэрыі, якія нам дапамагаюць. Метад лясных купанняў выводзіцца з Японіі, ён быў апрацаваны ў 80-ыя гады, каб заахвоціць людзей карыстацца японскімі лясамі. Па-японску: shinrin-yoku. Шынрын - лес, ёку – купацца. Спачатку, калі гэта быў тыповы турыстычны прадукт, каб заахвоціць запрацаваных людзей хадзіць па сцяжынках, пачалі праводзіць навуковыя даследаванні. Калі эфект лесу быў зацверджаны ў вельмі многіх даследаваннях, то пачалі прыходзіць да высновы, што гэта не толькі ўдыханне ляснога паветра, але гэта крок у напрамку медычнай практыкі. Таму пачалі гаварыць пра тое, што гэта лесатэрапія.

Лясное купанне зарадзілася ў Японіі і прадугледжвае «пагружэнне ў лясную атмасферу». Слова «купанне» адносіцца да метафары пагружэння ў атмасферу лесу, выкарыстоўваючы ўсе пачуцці падчас павольнай і ўважлівай прагулкі. Гэты метад мае свае элементы, тлумачыць Адам Маркушэўскі:

-У лесе мы карыстаемся пачуццямі, але робім гэта такім чынам, што мы іх дзелім. Асобна займаемся зрокам, асобна слыхам, дотыкам, пахам, смакам. Пазней, у канцы мы адпачываем і аб’ядноўваем усе гэтыя пачуцці, і тады адчуваем, што мы паглыбіліся ў лес. Тое, што мы, гіды, прапануем, гэта запрашэнні. Імі можна скарыстацца, а можна і не. Падчас апошняга знаходжання ў Кампіноскай пушчы я прапаноўваў паслухаць толькі тое, што ёсць з правага боку, потым толькі з левага. У такіх момантах прысутныя па-іншаму адчуваюць тое, што да іх прыходзіць. У лясных купаннях, якія я праводжу, важным з’яўляецца абмен досведам паміж людзьмі, як яны ўспрымаюць лес. Як яны ўспрынялі, ці адчулі нешта новае падчас гэтага запрашэння. Ёсць магчымасць супастаўлення з іншымі, на колькі па-іншаму мы адчуваем, ці наадварот аднолькава. Для некаторых людзей гэта татальнае здзіўленне, паколькі мы, як людзі, пра гэта не размаўляем, як мы ўспрымаем свет, як карыстаемся пачуццямі. А шкала пачуццяў насамрэч большая, чым асноўныя пяць.

Адам Маркушэўскі працягвае, што можна трэніраваць фантазію. Лес - гэта прастора, дзе ёсць вельмі шмат метафар і сімвалаў, якія трапляюць да чалавека, і могуць уплываць на жыццё чалавека:

-Мы пабачым трэснутае дрэва, пабачым расколатую сасну, вядомы сімвал у польскай літаратуры. І для нас пабачанае будзе мець нейкае значэнне. Ці на дарогу выйдзе лось ці казуля. І мы ўспрымаем гэта як важны пасыл для нас, звязаны, напрыклад, з дзікасцю.

Лясныя купанні павінны супакоіць чалавека на фоне шматлікіх раздражняльнікаў, якія ёсць у яго хуткім жыцці. Адам Маркушэўскі расказвае пра параўнанне, калі паглядзець на даўжыню існавання гатунку чалавека і параўнаць яго з чалавекам, якому 70 гадоў, то атрымліваецца, што ў гарадах людзі жывуць два тыдні. Нервовая сістэмы чалавека не прыстасаваная да такой колькасці імпульсаў. З гэтага бяруцца стомленасць, розныя захворванні. Вяртанне да натуральнага асяроддзя чалавеку патрэбна бездыскусійна, гаворыць госць Польскага радыё.

Лес пачынае дзейнічаць на чалавека ўжо праз 15 хвілін. З медычнага пункту гледжання найлепш для чалавека, калі ён знаходзіцца ў лесе дзве гадзіны:

-Гэта найбольш аптымальны час. Потым ужо гэтыя плюсы ажно так не растуць. Што адбываецца ў прамежку ад 15 хвілін да 2 гадзін? Падае ўзровень карцізола, гармону стрэса. У людзей, у якіх нізкі ціск, ціск расце. У каго высокі – паніжаецца. Расце ўзровень сератаніна, то бок гармону шчасця, дзякуючы глебавым бактэрыям, якія знаходзяцца ў лесе, у нашых гародах. Гэта дзейнічае на нас аўтаматычна.

На старонцы Польскага таварыства лясных купанняў чытаем, што сёння існуе мноства лясных купальных напрамкаў і структур. Яны могуць выконвацца самастойна або з гідам, засяроджвацца на пачуццях і ўважлівасці ў прыродзе, або мець больш шырокі характар, які суправаджаецца дадатковымі практыкаваннямі, якія называюцца "запрашэннямі".

Лясныя купанні эфектыўныя для людзей любога ўзросту, полу і паходжання, у любую пару года, калі ўмовы навакольнага асяроддзя не з'яўляюцца пагрозлівымі або некамфортнымі.

Лясное купанне - гэта не: прагулка па прыродзе, каб распазнаваць віды; эзатэрычная практыка; псіхатэрапія; яны не з'яўляюцца альтэрнатывай лекаванню; духоўная практыка; філасофія; спорт.

А.Кунікоўска/ав

          

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце

Законапраект аб пашырэнні плошчы нацыянальнага парку «Белавежская пушча» падзяліў жыхароў Падляшша

27.02.2024 11:12
Што далей з Белавежскай пушчай? Які лёс чакае славуты лес з польскага боку мяжы? У кантэксце новага праекту закону па ахове Пушчы, Беларуская служба Польскага радыё пагутарыла з жыхарамі навакольных мясцовасцей.

Малады паляк здымае ўнікальныя кадры ў лесе, напрыклад, трохногіх ваўка і дзіка

03.03.2024 09:17
3 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень дзікай прыроды.