Чарнобыльская катастрофа адбылася 38 гадоў таму. Мы паразмаўлялі з інжынерам-фізікам Андрэем Ажароўскім, экспертам расійскай грамадскай Праграмы “Па бяспецы радыеактыўных адходаў”.
Пажар на Чарнобыльскай АЭС адбыўся 38 гадоў, але гэта не трагедыя, якая здарылася ў мінулым, гэта актуальная праблема. Андрэй Ажароўскі гаворыць, што забыць пра Чарнобыль цяпер – гэта злачынства.
-Гэта бясспрэчны факт. Тыя небяспечныя рэчывы, штучныя радыенукліды рэактарнага паходжання, якія трапілі ў навакольнае асяроддзе, да сіх пор ляжаць па палям, рэкам, азёрам, як ва Украіне, так і Беларусі, так і Расіі. Я тыдзень таму ездзіў па расійскай забруджанай тэрыторыі. Мала хто ведаў, што ў Бранскай вобласці ёсць сотні кіламетраў, дзе чарнобыльскія забруджанні бачныя пры дапамозе дазіметра. Чарнобыльскія радыенукліды цыркулююць у наваколлі, трапляюць у прадукты харчавання, потым на стол, выклікаюць унутраныя апраменьванні і робяць нашае жыццё больш небяспечным. Забываць Чарнобыль цяпер – гэта злачынства.
Падобная сітуацыя і ў Беларусі. Па афіцыйнай інфармацыі, на забруджанай тэрыторыі жыве каля аднаго мільёна чалавек. Павольна землі, якія былі забруджаныя радыяцыяй, прызнаюцца прыгоднымі і ўводзяцца ў эксплуатацыю. Агулам 2/3 тэрыторыі Беларусі падвергліся забруджанню ў той, ці іншай ступені. “Не для каго ні сакрэт, што беларускія прадукты ўзбагачаныя чарнобыльскімі радыенуклідамі”, - гаворыць Андрэй Ажароўскі.
Тым не менш, урокі з аварыі на ЧАЭС былі зробленыя, расказвае эксперт. Савецкая ядзерная праграма Чарнобылем калі была не забітая, то значна аслабленая:
-Былі спынены дзясяткі небяспечных рэактараў. Была закінутая будова Мінскай станцыі цеплазабеспячэння. У Савецкім Саюзе быў цалкам шалёны праект, каб будаваць рэактара наўпрост у гарадах, на ўскраінах гарадоў, каб вырабляць не электрычную, а цеплавую энергію для абагравання гарадоў. Амаль гатовая станцыя была пад Горкім, цяпер Ніжні Ноўгарад, не дабудавалі. Такія ж станцыі будавалі каля Архангельска, Варонежа, Мінска. Мы пазбеглі велізарнай небяспекі. Толькі ўявіце, калі б забруджанні адбыліся не ў невялікім гарадку Чарнобылі, а ў нейкім мільённіку, які я назваў, быў бы жах жахаў. Савецкая ядзерная праграма Чарнобылем калі была не забітая, то значна аслабленая.
У свеце падыход памяняўся пасля здарэння на Фукусімскай АЭС. Па прагнозах доля атамнай энергетыкі пасля 2050 году не будзе большай за 5%, цяпер гэтая доля складае менш за 10%, дадае Андрэй Ажароўскі. Доля атамнай энергіі будзе скарачацца, яе будуць падтрымліваць краіны, якія валодаюць атамнай зброяй. Суразмоўца перакананы, што тэхналогія не выжыве.
Небяспечнай з’яўляецца і тэхналогія, па якой пабудавана Астравецкая АЭС. Сітуацыя інфармацыйнай блакады і неінфармавання пра сапраўдны стан АЭС у беларусаў выклікае недавер. Андрэй Ажароўскі кажа, што і без афіцыйнай інфармацыі лёгка зразумець: Астравецкая АЭС - гэта сорам “Расатама”.
-Хопіць паглядзець на звычайную статыстыку працы рэактара. Калі адкрыць сайт Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі, там ёсць спіс усіх рэактараў у свеце і дадзеныя пра іх працу. Першы блок, пабудаваны “Расатамам” у Астраўцы, непрацаздольны ў 50%. Астатнія 50% станцыя прастойвае. Гэта такі саром “Расатаму”. Усе павінны паглядзець на гэтыя дадзеныя і задумацца, ці “Расатаму” ўвогуле можна давяраць? Яны абяцалі, што гэтая АЭС 90% часу будзе вырабляць энергію. Пакуль абышлося без сур’ёзных аварый. Але я хачу прыцягнуць вашую ўвагу, што Мінэнерга Беларусі перад уводам у эксплуатацыі другога блока па нейкім недаглядзе апублікавала свае ж даследаванні, што апраменьванне людзей з навакольных мясцовасцяў вырасла ў выніку дазволеных выкідаў радыенуклідаў. Мы ведаем, што газападобныя радыеактыўныя адходы ачышчаюцца і часткова выдаляюцца праз вентыляцыйныя трубы. Тое, што АЭС, яшчэ не дажыўшы да нейкай сур’ёзнай аварыі, ужо працуе над пагаршэннем здароўя, гэта сумны факт. А мы яшчэ не закранулі пытанне радыеактыўных адходаў. А гэта праблема на вякі.
Вялікай памылкай з’яўляецца меркаванне, што калі на АЭС няма аварыі, гэта значыць станцыя бяспечная. Любы рэактар, у тым рэактар атамнай станцыі, адносіцца да катэгорыі ядзерна і радыяцыйна небяспечнага прадмету. Словы “бяспечная АЭС” – гэта хлусня. Іх, хутчэй за ўсё, гаворыць прапагандыст атамнай энергетыкі, канстатуе Андрэй Ажароўскі. Кожная АЭС небяспечная, прынамсі з-за радыеактыўных адходаў, якія яна вырабляе. Дагэтуль не знойдзена вырашэння гэтай праблемы.
-Нават калі АЭС не выбухне, яна непазбежна вырабляе радыеактыўныя адходы. Гэта небяспечныя, доўгажывучыя рэчывы, з якімі ні ў ніводнай краіне незразумела, што з імі рабіць у доўгатэрміновай перспектыве. Іх можна захоўваць у спецыяльных кантэйнерах каля станцыі ці на адмысловых пляцоўках, але гэта доўга і дорага. Спробы іх закапаць пакуль не рэалізаваны ні ў ніводнай краіне. Толькі Фінляндыя намагаецца пабудаваць глыбінны магільнік для адходаў сваіх АЭС. Спроба закапаць – гэта фактычна зняцце адказнасці з людзей, і перакладванне адказнасці на геалагічныя структуры, якія ў доўгатэрміновай перспектыве не стабільныя. Закапваюць жа ж адходы з плутоніем з перыядам паўраспаду 24 тысячы гадоў. На такі час ніводзін геолаг не гарантуе, што, напрыклад, не расколецца гранітная скала, у якую адходы спрабуюць закапаць. У любым выпадку, нават калі атамныя станцыі не ўзрываюцца, яны вырабляюць небяспечныя рэчывы, з якімі будуць вымушаныя разбірацца наступныя пакаленні. Гэта вельмі несправядліва. Гэта міжпакаленная праблема: адно пакаленне бяздумна пабудавала атамныя станцыі і карыстаюцца энергіяй, але іншыя пакаленні будуць расплачвацца за такія рашэнні. Гэта этычная праблема, па якой, між іншым, у некаторых краінах вырашылі адмовіцца ад атамнай энергетыкі.
Германія адмовілася ад атамнай энергетыкі. Працу спынілі ўсе нямецкія АЭС, якія давалі 30% энергіі. Атамная энергетыка была і ў Італіі, якая ў 90-ыя зачыніла тры свае атамныя станцыі. Атамная станцыя была і ў Літвы, нагадвае Андрэй Ажароўскі.
Паводле яго, пытанне будовы АЭС заўсёды павінна вырашацца на нацыянальным рэферэндуме, паколькі гэта рашэнне на сотні гадоў: атамную станцыю дзясятак гадоў будуюць, эксплуатуюць 50-60 гадоў, а наступныя сотні змагаюцца з радыеактыўнымі адходамі.
Поўная размова з экспертам - у далучаным гукавым файле.
ав