Беларуская Служба

Укладальніца "Турэмнага зборніка": Любы сайт можа перастаць існаваць, а кніга застанецца ў бібліятэках

09.05.2024 13:30
У кнігу ўвайшлі вершы, казкі, дзённікавыя запісы, успаміны, апавяданні і публіцыстычныя тэксты 52 палітвязняў. 
Аўдыё
  • Укладальніца Турэмнага зборніка: Любы сайт можа перастаць існаваць, а кніга застанецца ў бібліятэках
"Турэмны зборнік" фота: Л.Вялічка

“Турэмны зборнік: творы беларускіх палітвязняў” прэзентавалі ў Варшаве. Кнігу прэзентавала ўкладальніца Алена Лапцёнак. Гэта не першы досвед рэдактаркі з гэтак званай турэмнай літаратурай. Яна з’яўляецца рэдактаркай серыі “Беларуская турэмная літаратура”. Першыя кнігі з серыі былі выдадзены ў 2017 годзе.

-У 2020 годзе такіх аўтараў вельмі шмат. Я не змагала б нават пра кожнага расказаць. Той жа Аляксандр Васілевіч напісаў кнігу, яна аформленая, з малюнкамі, яе можна раздрукаваць. Гэта былі казкі для дачкі “Тата і пінгвін”. Я пачала збіраць творы яшчэ ў 2020 годзе. Іх станавілася ўсё больш і больш. Было зразумела што трэба рабіць кнігу.

У кнігу ўвайшлі вершы, казкі, дзённікавыя запісы, успаміны, апавяданні і публіцыстычныя тэксты 52 палітвязняў. Пры складанні зборніка выкарыстаны матэрыялы з асабістых архіваў сваякоў палітвязняў, публікацыі ў адкрытых крыніцах. У кнізе ёсць некалькі твораў, напісаных пасля выхаду на волю.

-У кнізе цалкам розныя жанры. Там і дзённікавыя запісы, і ўключаны часткі некаторых кніг, напрыклад, Алега Груздзіловіча. Успаміны Вольгі Класкоўскай, якая вызвалілася і пачала расказваць, што з ёй адбываецца ў калоніі. Гэта і вершы, і казкі, і эсе, публіцыстычныя артыкулы, праграмны твор Міколы Статкевіча. Там філосаф Уладзімір Мацкевіч. Хацелася паказаць менавіта розныя жанры. Паказаць, пра што пішуць розныя людзі, што іх турбуе. Андрэй Скурко праявіў сябе як выдатны дзіцячы аўтар, але гэта яго адна іпастась. У кнігу ўключаны яго гістарычна артыкул, бо ён вельмі глыбокі знаўца гісторыі.


Алена Лапцёнак Алена Лапцёнак

Алена Лапцёнак гаворыць, што падрыхтоўка такога зборніка важная як для саміх палітвязняў і іх сем’яў, але гэта таксама гісторыя і сведчанне аб тым, што прайшла нацыя на шляху да свабоды:

-Паколькі яны напісаныя на падставе ўласнага досведу, то гэта сведчанне тых умоваў, у якіх знаходзіўся чалавек. Пра што ён думаў, яго псіхалагічны стан і спроба вырвацца, бо душа застаецца вольнай. У кнізе шмат прыкладаў змагання. Гэтая кніга – важная праца, бо яна акумулюе гэта ўсё. Любы сайт можа перастаць існаваць, а кніга застанецца і будзе ў бібліятэках. Для мяне гэта важна.

Палітзняволеная Ірына, прысутная на прэзентацыі, гаварыла, што ніколі не думала, што час можа цягнуцца так доўга. Таму алоўкі і папера за кратамі – вельмі патрэбныя.

-Самы добры падарунак для палітвязня – гэта шмат паперы, шмат каляровых алоўках і фламастараў. Фламастарамі, напрыклад, можна зрабіць “макіяж”. Пакуль ты малюешся і і малюеш, ідзе час, а гэта выдатна, паколькі час там замірае. Там не заўсёды нават дазваляюць мець гадзіннік. Толькі па бою ў фарным касцёлы ты разумееш, якая цяпер гадзіна. Малюючы, час ідзе хутчэй, ты адчуваеш, што жывеш. Людзі пішуць, гэта магчымасць перанесці на паперу эмоцыі. Калі ты громка засмяешся, да цябе прыйдуць. А калі пішаш, гэта твая прыватнасць. Яны могуць бачыць, што ты пішаш, але не бачаць зместу.

На вокладцы кнігі “Турэмны зборнік: творы беларускіх палітвязняў” змешчаны турэмны малюнак вядома беларускага мастака Алеся Пушкіна, для якога турэмнае зняволенне стала смяротным прысудам.

У “Турэмным зборніку” ёсць верш Рыгора Кастусёва “Валадарка”. Прапануем паслухаць, як ён гучыць у выкананні Андрэя Цяпіна: