Беларуская Служба

Ты за свае правы можаш выйсці, а паспрабуй за іх пасядзець — палітзняволеная пра вызваленне людзей у Беларусі

22.05.2024 14:18
Палітзняволеныя расказваюць пра надзвычай жорсткае стаўленне сілавікоў, катаванні холадам, фізічны гвалт, адсутнасць медыцынскай дапамогі.
Аўдыё
  • На Акрэсціна яна прыехала ўся сіняя, мы называлі яе «ізалента»
             -     .
У Дзень салідарнасці з палітвязнямі ініцыятыва «Палітвязынка» ў партнёрстве з Беларускім Домам правяла прэс-канферэнцыю з удзелам былых палітзняволеных жанчын.Radyjo.net

У Беларусі некаторыя палітзняволеныя, хто быў асуджаны, напрыклад, у 2021-ым годзе і атрымаў невялікі тэрмін, ужо пачалі выходзіць на свабоду. Яны расказваюць пра надзвычай жорсткае стаўленне да палітвязняў, катаванні холадам, фізічны гвалт, адсутнасць медыцынскай дапамогі.

У Дзень салідарнасці з палітвязнямі ініцыятыва «Палітвязынка» ў партнёрстве з Беларускім Домам правяла прэс-канферэнцыю з удзелам былых палітзняволеных жанчын. Яны распавялі пра ўмовы ўтрымання палітзняволеных у беларускіх СІЗА і калоніях, пра настроі сярод палітзняволеных.

Міа Міткевіч да зняволення працавала менеджаркай культурных праектаў. За тры допісы «ВКонтакте» пра міліцыянтаў яе асудзілі на тры гады зняволення, абвінаваціўшы ў распальванні варожасці. Міа выйшла на свабоду, цалкам адбыўшы тэрмін пакарання. Цяпер яна знаходзіцца ў Варшаве.

Міа Міткевіч апісвае, як выглядае штрафны ізалятар:

— У ШЫЗА я была два разы, гэта маленькае памяшканне, у падвале. Стаяць два слупкі, на якія адкідваецца ўначы ложак — драўляная аснова з металічнымі перакладзінамі. Вакно маленькае, зацвілае ў самым версе, закратаванае. Умывальнік стары, адбіты напалову, туалет — дзірка ў падлозе. Там заўсёды холадна, хаця ў памяшканні ёсць батарэя цэнтральнага ацяплення.

У ШЫЗА жанчыны могуць быць апранутыя толькі ў спадніцу, майку без рукавоў і пінжак.Калі гэта зімовы час, дазволеныя ласіны, без шкарпэтак.

Пакрывала, коўдра, падушка, пасцельная бялізна — гэтага няма. Спіш проста на металічных перакладзінах. Калі ўначы моцна замярзаеш і пачынаеш неяк сагравацца, за гэта могуць выпісаць рапарт і затрымаешся там на даўжэйшы тэрмін. Я прыкладна кожныя трыццаць хвілін уставала і ішла быццам бы ў туалет, там была батарэя, каля якой можна было крыху сагрэцца. Канешне, ад такіх умоў пачаліся запаленчыя працэсы, але ні лекаў, ні лячэння для мяне не было.

Дарья Афанасьева працавала менеджарам, вяла свой блог пра правы жанчын. Была асуджаная на 2,5 года за ўдзел у пратэстах. Адбывала пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі, яна звяртае ўвагу, што цяжкія ўмовы працы і побыту моцна падрываюць здароўе жанчын.

«Здароўе падарванае. Мне здаецца, у якой дзяўчыны не спытай, як яна сябе адчувае, любая знойдзе на што паскардзіцца. У кагосьці баліць спіна, бо ўвесь час скручаны на фабрыцы працуеш, у некага баляць бронхі з-за пылу, бо гэта шкодная вытворчасць. У некага развіваецца пнеўманія, як гэта нядаўна было ў журналістак Кацярыны Андрэевай і Ксеніі Луцкіной, у яе да таго ж і пухліна ў галаве. У дзяўчат баляць ногі рукі з-за пастаяннай працы ў прамысловай зоне — зімой трэба цягаць снег, увесь час трэба нешта пераносіць. Псуецца зрок, слых, бо там вельмі шумна. Канешне, праблемы з жаночым здароўем, бо складана трымаць сябе ў чысціні: грамадскі душ раз на тыдзень, у атрадзе мыешся часткамі, у атрадзе, дзе знаходзяцца ад 90 да 100 чалавек, можа быць адзін душ, паспрабуй паспей памыцца. Гэта зубы, бо не хапае вітамінаў. Вітамінныя перадачы дазволеныя два разы на год і трэба выбіраць, ці хочаш цяпер вітамін С, ці вітамін Д. Таму са здароўем даволі складана, як і з маральным станам.

Вядома, мы трымаемся, спрабуем пераключыць увагу, але заўсёды ёсць надзея: калі ласка, дастаньце нас, уратуйце. Нават калі на тыдзень раней, гэта будзе вялікім шчасцем. Але агулам, гэта маё меркаванне, ужо позна. Марфа Рабкова, якой прысудзілі 14 гадоў і дзевяць месяцаў, — яна ўжо сядзіць чатыры гады, гэта зашмат», — кажа Дарья Афанасьева.

Суразмоўца гаворыць, што палітзняволеныя паміж сабою абмяркоўвалі, колькі яны гатовыя адбываць пакаранне. Паводле слоў Дар'і, сама яна гатовая маральна была да арышту, але не да тэрміну ў калоніі.

«Да таго, як мяне затрымалі, я была актывісткаю, абараняла правы жанчын. Калі была ў СІЗА, то казала сабе: «Ты за свае правы можаш выйсці, а паспрабуй за іх пасядзець». І з кім бы я не размаўляла, усе гатовыя былі сядзець за свае правы, але быў бы вынік. Гэта пытанне для кожнага, ці быў чалавек гатовы да такога. Я была гатовая да арышту на 15, 30 сутак. Да зняволення ў жаночай калоніі я не была гатовая. Але прыняла гэта, ды і выбару ў мяне асабліва не было», — разважае Дар'я.

Дарэчы, усе дзяўчыны просяць называць іх палітзняволеныя, без прыстаўкі «былая», бо, паводле іх слоў, у гэтым досведзе няма такой опцыі.

Вольга Скаршчук распавяла, што сілавікі надзвычай жорстка ставіліся да жанчын, якія былі затрыманыя за каментарыі па «справе Зельцара». Нагадаем, гэтыя крымінальныя справы за абразу і распальванне варожасці заводзілі на людзей, якія каментавалі ў інтэрнэце смерць супрацоўніка КДБ Федасюка і ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцэра.

«Хачу расказаць пра такіх жанчын, як іх затрымлівалі і мы пасля апынуліся ў такіх цяжкіх умовах. Да Кірэйчык Марыны ўварваліся ў кватэру, выбілі дзверы, нацягнулі ёй на галаву майку і пачалі збіваць. На Акрэсціна яна прыехала ўся сіняя, мы называлі яе «ізалента». У суседнім пакоі падчас затрымання знаходзіліся яе муж і сын, чулі крыкі, але нічога не маглі зрабіць. Марыне пагражалі згвалтаваннем, калі везлі ў пастарунак, казалі, што вязуць у лес, дзе яна будзе капаць сабе магілу. Муж і сын на наступны дзень тэрмінова з'ехалі ва Украіну. Марына атрымала адзін год і восем месяцаў зняволення, цяпер яна выйшла на свабоду, але невыязная з краіны, знаходзіцца пад наглядам.

Доктара-стаматолага Наталлю Кукішаву затрымалі ў Оршы, да Мінска яе везлі ў мікрааўтобусе з завязаным ззаду рукамі, побач ляжаў на падлозе збіты мужчына, у яго цякла кроў і Наталля ляжала тварам у крыві гэтага чалавека. Пасля зняволення Наталля прадала ўсю маёмасць і з'ехала з краіны з сям'ёй.

З Мёр Віцебскай вобласці прывезлі пенсіянерку Эмму Антонаўну, на момант затрымання ёй было 68 гадоў. Тады быў ковід і жанчына ад слабасці ў СІЗА не магла ўстаць, ахоўнікі падчас праверак пыталіся: «Яна яшчэ не здохла?». Гэтая жанчына цяпер у Беларусі пад міліцэйскім наглядам, яна заслужаная настаўніца мовы і літаратуры», — распавядае Вольга Скаршчук.

Усе ўдзельнікі сустрэчы казалі пра тое, што палітзняволеных трэба вызваляць любымі метадамі, найперш таму, што людзі моцна губляюць здароўе ў зняволенні, а адміністрацыі наўмысна ствараюць невыносныя ўмовы.

вх