Беларуская тэатральная студыя для дзяцей і дарослых у Варшаве «Купалінка» хутка завяршае чарговы, чацвёрты, сезон. З нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей паразмаўлялі з выкладчыцаю студыі, дзецьмі ды бацькамі пра ролю беларускіх праектаў у станаўленні беларускіх дзяцей як асобаў.
З дзецьмі ў студыі працуюць рэжысёр Наталля Локаць і выкладчыца, актрыса Святлана Зелянкоўская.
Святлана Зелянкоўская кажа, што для дзяцей важна адчуваць свае карані, гэта будзе іх кропкаю апоры ў будучыні:
«Мне здаецца, што дзякуючы «Купалінцы» дзеці змаглі адчуць сябе сямʼёй. І тое, што было разарванае з Беларуссю, цяпер іх абʼядноўвае. Мы ставім беларускамоўныя спектаклі, займаемся па-беларуску, спяваем беларускія песні. Дзеці адчуваюць сяброўства, сямейнасць, падтрымку. Мы перанеслі сюды маленькую краіну Беларусь. Хай і ў такім адарваным стане, але ствараем нашу Радзіму тут. Я веру ў кроў і ў карані. Веру, што гэта назаўжды з намі. Калі ты недзе нарадзіўся, то твая Радзіма нават у маленькім сэрцы б’ецца. Калі мы выхоўваем дзяцей у кірунку любові да сваёй Радзімы, мы выхоўваем асобаў, тых, хто мае крані, мае глебу, падставы, каб адчуваць, што ты паходзіш са сваёй Зямлі, ведаеш сваю мову. Хто, як не дзеці, будуць ствараць новую Беларусь».
Святлана Зелянкоўская кажа, што для яе і самой важная праца з беларускімі дзецьмі.
«Калі сустракаеш сваё роднае, бачыш, як дзіця размаўляе на тваёй мове, спявае твае песні, то адчуваеш палёгку. Быццам мая Радзіма са мною тут, хаця яна і далёка».
Алесь, бацька сыноў, кажа, што для яго важна далучаць дзяцей да беларускай культуры і супольнасці, паказваць, што беларуская мова існуе ў грамадстве, а не толькі дома.
«Мусіць быць шырэйшы кантэкст. Адчуванне сябе камфортна ў камунікацыі з іншымі людзьмі. Удзел у тэатральных, артыстычных гуртках важны, бо дзеці могуць бачыць сваіх аднагодкаў з Беларусі. Мы тут, на жаль, не на адзін год. То трэба прыкладаць намаганні, каб інтэгравацца ў польскае грамадства і адначасова захоўваць нашу ідэнтычнасць, нашы традыцыі».
Разважаючы пра тое, як дзеці мігрантаў будуць сябе ідэнтыфікаваць сябе, калі вырастуць, Алесь гаворыць, што цяпер дарослыя людзі маюць такі выбар.
«Па-першае, я хачу, каб мае дзеці былі годнымі людзьмі. Мы беларусы, і я думаю, што яны так сябе адчуваюць, спадзяюся, гэты падмурак у іх захаваецца. У нашым свеце саматоеснасць людзі маюць магчымасць выбіраць у дарослым узросце. Як яно будзе, я б не прагназаваў. Таксама ў камунікацыі з дзецьмі мы стараемся казаць пра ўдзячнасць краіне, якая нас прытуліла і добра да нас ставіцца».
5 чэрвеня «Купалінка» запрашае гледачоў на паказ трох спектакляў у Мазавецкім інстытуце культуры.
вх