З 4 чэрвеня на польска-беларускім памежжы павінна была пачаць дзейнічаць буферная зона, шырынёй прыкладна ў 200 метраў ад лініі мяжы. Справа ў тым, каб забяспечыць лепшую ахову мяжы і павысіць бяспеку функцыянераў, якія яе ахоўваюць – так ва ўрадзе тлумачаць аднаўленне абмежаванняў, якія занепакоілі мясцовыя ўлады.
Спачатку аб стварэнні буфернай зоны ў мінулую сераду абвясціў прэмʼер-міністр Дональд Туск, які наведваў Падляшша. Ён паясняў, што гэта вынік росту міграцыйнага ціску і абвастрэння жорсткасці нападаў на польскія службы. Нагадваем, на мінулым тыдні паранены нажом польскі жаўнер быў дастаўлены ў шпіталь.
У сваю чаргу віцэ-прэм’ер і кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш паведаміў, што буферная зона ахопіць Гайнаўскі і Беластоцкі паветы Падляскага ваяводства. Усяго 27 месцаў – як населеных пунктаў, так і іхных ваколіц.
Пастанова Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі аб увядзенні буфернай зоны павінна была ўступіць у сілу ў аўторак, 4 чэрвеня, але ў панядзелак пасля поўдня стала вядома, што тэрмін увядзення буфернай зоны на мяжы з Беларуссю быў перанесены.
Кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Томаш Сямоняк паведаміў, што ўраду спатрэбіцца яшчэ некалькі дзён, каб дапрацаваць пастанову. Паводле яго, кансультацыі па гэтай справе працягнуцца ў бліжэйшыя дні.
Рашэнне ўраду непакоіць мясцовыя ўлады, якія асцерагаюцца адтоку даходаў, якія вынікаюць, між іншым, з турыстычнага руху. Таксама Белавежскі нацыянальны парк накіраваў у Міністэрства клімату і аховы навакольнага асяроддзя прапанову аб змене межаў буфернай зоны, якая будзе праходзіць праз тэрыторыю парку.
Розніцы ў стаўленні да пытання абмежаванняў бачныя таксама ўнутры ўрадавай кааліцыі. «Моцная дзяржава клапоціцца пра тых грамадзян, якія плацяць цану за бяспеку ўсіх астатніх», – пракаментараваў у сацсетках спікер Сейма і лідар «Польшчы 2050» Шыман Галоўня. На яго думку, «людзі, якія жывуць і вядуць бізнес вакол памежных тэрыторый, якія будуць зноў зачыненыя, павінны неадкладна атрымаць фінансавую падтрымку ад урада».
Віцэ-прэм’ер і кіраўнік Мінабароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш(Władysław Kosiniak-Kamysz) супакойвае, што магчымыя страты мясцовых прадпрымальнікаў будуць мінімізаваныя:
- Шмат кампаніяў, якія дзейнічаюць на памежжы, змогуць прыняць удзел у будаўніцтве «Усходняга шчыта». Нагадваю, зараз гатэлі, пансіянаты, аграсядзібы – гэта месцы, якія наймаюць жаўнеры. Гэта таксама форма падтрымкі з нашага боку. Калі будзе неабходная дадатковая падтрымка прадпрымальнікаў на памежжы, мы таксама адкрытыя на перамовы.
Старшыня парламенцкага Камітэта культуры і СМІ Богдан Здраеўскі (Bogdan Zdrojewski) нагадвае, што ўмацаванне аховы ўсходняй мяжы адбываецца таксама ў інтарэсе бяспекі мясцовых жыхароў:
- Трэба памятаць, што ахова мяжы таксама ў іхным інтарэсе, бо яны, скажам так, на першай лініі фронту. Ім пагражаюць рознага роду інцыдэнты, колькасць якіх можа павялічвацца і ўплываць на іхную бяспеку.
Каміла Гасюк-Піховіч (Kamila Gasiuk-Pihowicz) з «Грамадзянскай кааліцыі» нагадвае, што дзяржава мае абавязкі таксама перад тымі, хто ахоўвае ейную мяжу з Беларуссю:
- Польская дзяржава павінна прадпрыняць дзеянні з мэтай мінімізаваць пагрозы здароўю і жыццю асобам, якія служаць, ахоўваючы польскую мяжу; ейную шчыльнасць.
Марцін Гарала (Marcin Horała) з апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць» прызнаў, што ў цяперашняй сітуацыі стварэнне буфернай зоны – адзінае правільнае рашэнне. Аднак ён абвінаваціў урад у крывадушнасці:
- Раптам аказваецца, што мы маем справу з гібрыднай атакай на Польшчу, а не з беднымі іншаземцамі, якія шукаюць свайго месца на зямлі. Нагадваю, «Грамадзянская платформа» галасавала супраць плота на мяжы, а зараз яна пераконвае, што плот карысны і яго трэба абавязкова пашырыць… Гэта неверагодная крывадушнасць.
Рашэнне аб увядзенні буфернай зоны не здзівіла Канцылярыі прэзідэнта, запэўнівае Славамір Мазурэк (Sławomir Mazurek):
- Калі гаворка ідзе пра пытанні бяспекі, то супраца паміж Мінабароны і Бюро нацыянальнай бяспекі мае станоўчы характар. Цяжка тады казаць, што згаданае рашэнне было нечаканае.
Сітуацыя на польска-беларускай мяжы тым больш складаная, што зараз гаворка ідзе пра ўзброеныя правакацыі, кажа старшыня парламенцкага Камітэта культуры і СМІ Богдан Здраеўскі (Bogdan Zdrojewski):
- Беларускі бок праверыў ужо розныя магчымасці нелегальнага перасячэння мяжы і абвастрэння сітуацыі на ёй; тэставаў сістэмную падтрымку гэткіх дзеянняў. Зараз мы маем справу з тэставаннем устойлівасці нашай мяжы. Гаворка ідзе пра атакі ўзброенага характару.
Між тым, мясцовыя ўлады звяртаюць увагу, што праект пастановы Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі не згадвае пра буферную зону, а ўводзіць часовую забарону на знаходжанне ў асобнай зоне ў памежнай з Беларуссю тэрыторыі.
Мясцовыя чыноўнікі падкрэсліваюць, што ўвядзенне забароны на знаходжанне азначае завяршэнне турыстычнага сезона, то бок таксама меншыя даходы гмінаў ад мясцовай турыстычнай галіны.
Яны адзначаюць, што наступствы аналагічных рашэнняў, прынятых на пачатку міграцыйнага крызісу на польска-беларускай мяжы, адчуваюцца і сёння.
Сваю заклапочанасць выказалі і няўрадавыя арганізацыі, якія аказваюць гуманітарную дапамогу на польска-беларускай мяжы. Група Granica падкрэслівае, што ўвядзенне забароны на знаходжанне зробіць немагчымым дапамогу мігрантам.
Планавалася, што пастанова МУС будзе ўведзеная на 90 дзён. Вядома, што на памежжа будуць накіраваныя дадатковыя сілы войска і паліцыі.
IAR/аз