Такіх масавых выступаў не чакаў
Ягор са школьнага ўзросту цікавіўся палітычнымі працэсамі ў краіне, чытаў газеты, першы раз пайшоў на акцыю ў 2006 годзе, у 2010 ужо збіраў подпісы за Уладзіміра Някляева. А пазней яго актыўнасць толькі павялічвалася.
Што датычыць падзей 20-га году, хлопец прызнаецца, што самі пратэсты для яго не былі нечым не спадзяваным, але ён не чакаў такіх масавых выступаў.
-Кампанія 2010 году мяне вельмі ацвярозіла, калі я сам, збіраючы подпісы, пахадзіў па кватэрах, паразмаўляў з людзьмі. У мяне тады склалася такое ўражанне, што людзям нічога не трэба, у іх усё нармальна, усё задавальняе. Ці нават, калі і не задавальняе, то яны не вераць ні ў які поспех.
Вырасла крытычная маса
Колькасць людзей на вуліцах беларускіх гарадоў у 20-ым Ягор тлумачыць тым, што за дзесяць год вырасла крытычная маса незадаволеных уладай.
-Найперш гэта былі людзі, якія ў розныя часы сустракаліся з нейкай несправядлівасцю. Але было і многа тых, хто чытаў навіны і разумеў, што існуе іншае жыццё – людзі бачылі, як развіваецца свет. У многіх у дзясятыя гады стала больш грошай з’яўляцца, яны падарожнічалі. І Мінск пачаў развівацца культурна, стала шмат цікавых ініцыятыў, а таму і набралася крытычная маса, якая ў выніку і спрацавала. Да ўсяго, былі такія выбухі, якія раззлавалі людзей. Той жа закон аб дармаедах, стаўленне ўладаў да людзей падчас каранавірусу.
Адразу здалося, што патрапіў у машыну часу: сеў у турму ў адной краіне, а выйшаў у іншай
Хлопец згадвае, што па палітычных прычынах 6 жніўня быў затрыманы на 15 сутак і адбываў пакаранне ў Жодзінскай турме, таму самы пік пратэстаў прапусціў. Прызнаецца, што прадбачыў пратэсты, але не мог нават і ўявіць іх размах. А ў камеру даходзіла вельмі мала інфармацыі.
-Я ўяўляў, што будзе больш жорстка, чым у 2010-м годзе, кагосьці пакалечаць, але неяк усё заціхне за тыдзень і мы зажывём па-старому. Калі я выйшаў 14 жніўня і пабачыў пад Жодзіна лагер, дзе людзі займаліся першаснай дапамогай тым, хто вызваліўся, то мне здалося, што я патрапіў у нейкую машыну часу: сеў у турму ў адной краіне, а выйшаў у іншай. Я тады аж праслязіўся, мне далі тэлефон, я патэлефанаваў маці…
Пакуль не пабачыў сам, не мог зразумець
Ягора хутка ўвялі ў курс справы аб тым, што адбывалася ў гэтыя дні ў сталіцы і іншых гарадах Беларусі. Тым не менш, хлопец прызнаецца, што пакуль не пабачыў сам на свае вочы на ютубе відэаролікі, інтэрв’ю з людзьмі, не мог да канца зразумець усяго, што было.
-Я памятаю, што ў ноч з 15-га на 16-га жніўня сядзеў гадзін пяць каля камп'ютара, глядзеў усё гэта. Памятаю, што абудзіўся хворы, стрэс перажыў ад убачанага. Але ўсё роўна 16-га пайшоў на пратэст. Мы добра прабавілі час, пабачылі адзін аднаго, сустрэў шмат сяброў, знаёмых.
Быць сведкам гэтага – падарунак
Праўда, з часам пратэсты пачалі заціхаць і хлопец уцяміў, што і на гэты раз перамогі не будзе. Тым не менш, як сам прызнаецца, ён глыбей зразумеў і адчуў свой народ.
-Напэўна ў мяне пацвердзіліся пазітыўныя ўяўленні пра людзей. Людзі нашы не церпяць гвалту. Запомнілася адно прыгожае відэа на якім відаць, як едзе хуткая дапамога і натоўп расступаецца, машына праязджае і людзі ізноў зліваюцца ў адзін паток. І гэта выглядала, як суцэльны арганізм, быццам нейкая калектыўная свядомасць пачынае спрацоўваць. Гэта было неверагодна. Гэта быў такі шчыры парыў і быць сведкам гэтага – канешне, падарунак.
Пасля 24 лютага мяне стала калаціць
Ужо ў 21-м годзе, калі пратэсты сціхлі і пачаўся хапун, Ягор згадвае, што ўжо не мог спаць спакойна, пастаянна чакаў, што прыйдуць за ім.
-Але, калі наступіў 22-гі год, 24 лютага і я пра гэта даведаўся, у мяне пачаўся такі калатун, што я вырашыў: мне хопіць, я так больш не магу. Візы не меў, а таму з’ехаў у Грузію. Бываў там раней, мне падабалася, толькі вяртацца туды з такой прычыны было не вельмі вясёла. Пражыў там паўтара гады і пераехаў у Польшчу.
У Польшчы мне спакойна
Тут было шмат сяброў, якія дапамаглі ўладкавацца, працаваць пачаў на аддаленні.
-Грошы я атрымліваю невялікія, але на жыццё хапае. І мне тут спакойна, хаця да канца не асвоіўся. Запісаўся ў беларускі хор, хаджу спяваць беларускія песні. Карацей неяк так спраўляюся.
-А інтэграцыя ў польскае грамадства адбываецца?
-Пакуль не, большасць часу я жыву тут сярод беларусаў, з інтэграцыяй пакуль цяжка.
Самае галоўнае, як заўважае Ягор, з негатывам у стаўленні да сябе ў Польшчы не сустракаўся, краіна і людзі падабаюцца. Праўда, па дому, як і ўсе эмігранты, сумуе.
-Канешне, сумую па дому, па сям’і, па матулі, па братах, па сябрах. Канешне, хочацца да дому.
Павел ЗАЛЕСКІ