Слухайце размову на падляшскай гаворцы ў далучаным файле!
— Я жыву ў белавежскай вёсачцы, у будзённасці я шчаслівая мама — маю чатырох сыноў і рабацяшчага мужа, які да таго ж мае шмат цярпення, каб глядзець дзяцей у час, калі я выязджаю па сваіх справах.
Наконт прафесіі, то я памятаю, як яшчэ была малая, мама казала мне, што рот не закрываецца — гаворыш і гаворыш. Усе думалі, што буду перакладчыцаю, так і сталася. Я скончыла ва ўніверсітэце Беластоцкім рускую філалогію, потым англійскую філалогію. А перад тым — беларускі ліцэй у Гайнаўцы. То бок столькі моў было ў аснове. Пазней я скончыла аспірантуру ў Беластоцкім універсітэце.
Спачатку займалася антрапаніміяй, запісам імён у царкве. Але кожны дзень я размаўляла мясцовай гаворкаю, гэта мяне цікавіла і ўрэшце зацягнула. Атрымлівалася знайсці фінансаванне на даследаванні, і калі атрымала грант з Кембрыджу на даследаванне, то падумала, што проста лёс мяне скіроўвае гэтым займацца.
Я раблю анкеты ў кожнай вёсцы ў некалькіх гмінах, паветы Семятыцкі, Гайнаўскі, Бельскі. Гэта сапраўды вялікі абшар для даследавання, шмат вёсак. Я хаджу ад дома да дома, ужо чатыры гады гэтым займаюся.
Гэта вялікая прыгода, як для даследчыцы, але гэта і асабістая справа. Бо хто б мог падумаць, што можна займацца гаворкамі, і гэта будзе і хобі, і прафесійная дзейнасць, і яшчэ зарабляць на тым!
— Кім сябе бачаць, адчуваюць людзі на гэтых абшарах, якія вы даследуеце: палякамі, беларусамі, украінцамі?
— Раблю анкеты і хачу сказаць, найбольш адказаў, што яны праваслаўныя палякі, на другім месцы — тутэйшыя, затым — беларусы і ўкраінцы. Але гэты працэнт змяншаецца, раней людзі больш ідэнтыфікавалі сябе як беларусы ці ўкраінцы, цяпер больш падаюць як праваслаўных палякаў і тутэйшых. Маюць права, гэта іх варыянт тоеснасці, што адчуваюць у сэрцы. Я толькі запісваю.
— Ці шмат маладых людзей размаўляюць мясцовай гаворкай? Вядома, што школа і царква, кацёл — гэта першыя інстытуцыі, якія прыбіраюць мясцовыя гаворкі, традыцыі.
— Ёсць мясцовасці, дзе гавораць больш, а ёсць і такія, дзе ўвогуле не гавораць «па-нашаму». Але цяпер ёсць модны трэнд — у Еўропе мясцовыя гаворкі вельмі папулярныя. Гэта падкрэслівае, што ты маеш сваю адметнасць. Думаю, наша асіміляцыя да польскага народу скончылася. Можа быць, мы крыху пазней, чым сілезцы, кашубы, гуралы, заўважаем, што нашы гаворкі каштоўныя, не саромеемся іх. Але пазітыўны момант у тым, што моладзь спрабуе гаварыць па-свойму. Думаю, мяне зразумеюць, што цяжка моладзі гаварыць па-беларуску ці па-ўкраінску, бо гэта літаратурная мова., а моладзь цяпер не чытае. Таму гаворкі ёсць лёгкім і натуральным шляхам, бо ў хатах так гавораць. І фактычна моладзь ужывае гаворкі, але таксама і стварае новую лексіку. Напрыклад, зацягнуў нову апку, еду да Варшавы і забукаваў новы хотель.
Я гэта заўважыла, калі рабіла свята мясцовых гаворак. Гэта была мая першая ініцыятыва. Першы фестываль гаворак памежжа «Па-своему» (Festiwal Gwar Pogranicza Po Swojomu) быў даволі просты. Але прыйшлі 350 чалавек, гэта вельмі шмат. Я запрашала ўсіх, каго бачыла. Другі фестываль быў скіраваны на моладзь. Людзі ўдзельнічалі ў конкурсе «sms у гаворцы». Атрымалі шмат паведамленняў, адно sms памятаю: «Не гневайся, буду лэйт, як можешь, зробі мне спогетті». Напісаў маме паведамленне, каб мама ведала, што рабіць. Другі фестываль паказаў, што на Гайнаўшчыне, Сокальшчыне, Бельшчыне моладзь спявае, стварае, піша па-свойму.
Потым быў перапынак на год, я была цяжарная і інтэнсіўна рабіла даследаванні, столькі кіламетраў прайшла па вёсках, што мой сын, мусіць, будзе бегуном. І трэці фестываль гаворак памежжа пройдзе 13 верасня ў Гайнаўцы. Больш інфармацыі можна знайсці на маёй старонцы ў блогу.
— Вы атрымалі ўзнагароду ад уладаў за сваю працу.
— Так, такі оскар наш! Атрымала адзнаку ў сферы культуры за арганізацыю фестывалю гаворак памежжа ў Гайнаўцы «Па-свойму». Гэта паказвае, што людзі бачаць, цэняць, фестываль патрэбны. Некалі напісала ў сваім блогу: настаўніца матэматыкі казала, што не атрымаю я Оскара па матэматыцы, няважна! Важна што тут атрымала, трэба рабіць тое, што атрымліваецца найлепш!
— На падляшскай гаворцы выходзяць нават кнігі, ці ёсць у іх чытачы?
— Так, пішуць і выдаюць за свае грошы. Можа, не ўсе чытаюцца, але тыя, у якіх апісваюць гісторыю вёскі, нешта жартаўлівае, відаць, добра прадаецца. Канешне, не так, каб можна было за гэта жыць. Аўтары звычайна маюць свае фірмы ці працуюць недзе. Даследуючы гэтую мясцовасць я даведалася, што шмат хто піша, але для сябе.
— Вы наведвалі Англію і Нарвегію, даследуючы тэму. Як у гэтых краінах ставяцца да дыялектаў?
— У Нарвегію і Англію я ездзіла як перакладчык, але з аказіі была ў парламенце саамаў у Нарвегіі, там гэта нацыянальная меншасць. І для мяне было вялікім натхненнем пазнаёміцца. Хаця дзяржава спачатку моцна ўціскала людзей, якія гавораць мясцовымі малымі мовамі, бо «забрудзяць мову». Лапландцы, у некаторых мясцінах яны называюцца саамы, мне расказвалі, што пачаткі былі вельмі цяжкія, бо Нарвегія не хацела іх бачыць. Цяпер жа яны маюць вялікі парламент, і іх прадстаўнікі, якія гавораць на мове саамаў, а яна мае пяць варыянтаў, маюць перакладчыкаў і паўтары хвіліны дадатковага часу ў выступах.
І я вам кажу — я так у Гайнаўцы зраблю! Будзе гаворка чыжоўская, будзе гаворка літоўская або мяккая, будзе гаворка падляшская, як я размаўляю. Я пакажу людзям, што гэта каштоўнасць. Хаця яны ўжо бачаць гэта, калі я распавядаю з вялікім зацікаўленнем. Нядаўна была ў судзе і суддзя мне кажа: «Я гавару па-свойму, але нікому не казаў пра гэта». Гэта ж сапраўды цудоўна, але нават у людзей адукаваных ёсць такі падыход, баяцца. Думаю, мы гэта зменім.
вх