Гэта не толькі з-за медыйнай прывабнасці рытуалу канклава. Папа — адна з нямногіх асоб у свеце, якая спалучае духоўны аўтарытэт з рэальным уплывам на міжнародную палітыку, сацыяльныя справы і дыскусію аб каштоўнасцях.
267-га пераемніка святога Пятра абіраюць сто трыццаць тры кардыналы. Сёння афіцыйна распачаўся канклаў, хоць яму папярэднічалі шматлікія сустрэчы іерархаў у Ватыкане, на якіх абмяркоўваліся выклікі перад Касцёлам і яго новым кіраўніком.
Сённяшняе адзінае галасаванне – вельмі важнае, тлумачыць ксёндз прафесар Анджэй Кабылінскі з Універсітэта кардынала Стэфана Вышыньскага:
- У галасаванні няма кандыдатаў. Усе галасуюць на ўсіх. Таму сённяшняе, першае галасаванне з'яўляецца асабліва важным. Яно пакажа, як паасобныя кандыдаты ацэньваюцца. У пэўным сэнсе ў моманце, калі з урны будуць выцягнутыя бюлетэні, будзе намаляваная рэальная мапа.
Новы Папа павінен атрымаць не менш за дзве траціны галасоў, гэта значыць восемдзесят дзевяць. Наступныя галасаванні адбудуцца ў чацвер:
-Раніцай адбудуцца два галасаванні. Калі яны не закончыцца пазітыўна, то будуць два чарговыя галасаванні пасля поўдня. Бюлетэні будуць спаленыя два разы – раз да абеду, і раз вечарам. А мы будзем чакаць белы дым над Сікстынскай капэлай, ён будзе абазначаць, што ёсць новы папа.
Ксёндз доктар Рафал Дапа, спецыяліст па кананічным праве і дацэнт тэалагічнага факультэта Сілезскага ўніверсітэта, нагадвае, што кардыналы не змогуць мець ніякіх кантактаў з знешнім светам у гэты час:
-Гэтае абмежаванне вынікае з ахвоты і жадання адізалявацца ад вонкавых уплываў, у тым ліку ад спекуляцый СМІ. Напрыклад, калісьці імператар меў вялікі ўплыў на выбар папы. У пэўным моманце кардыналы самастойна вырашылі, што добраахвотна выбіраюць такі шлях, ізалючыся ад усяго вонкавага, што магло б паўплываць на выбар новага пантыфіка.
Паводле меркавання ватыканскіх экспертаў і букмекерскіх кантор, відавочным фаварытам на перамогу ў канклаве з'яўляецца цяперашні дзяржаўны сакратар Ватыкана кардынал П'етра Паралін.
З сустрэч кардыналаў у Ватыкане, якія завяршыліся ўчора, вынікае, што пераемнік Францішка павінен працягваць яго рэформы і весці Касцёл тым жа шляхам. Больш за тое, 80% кардыналаў на канклаве з'яўляюцца кандыдатамі ад Францішка. Такім чынам, яго найважнейшы супрацоўнік, верагодна, з'яўляецца фаварытам. На другім месцы — філіпінскі кардынал Луіс Антоніа Тагле, якога называюць «азіяцкім Францішкам».
Аднак, паводле меркаванняў італьянскіх ватыканістаў, якія маюць выдатныя крыніцы ў Ватыкане, кардынал Паралін у цяперашні час можа разлічваць на 50 галасоў, а патрэбныя 89. Калі яму не ўдасца значна павялічыць колькасць прыхільнікаў у першых турах галасавання, яго кандыдатура будзе адхілена. Падобныя сітуацыі падчас канклава ўзнікалі неаднаразова. Ватыканісты пастаянна кажуць: мы больш-менш ведаем, якім шляхам пойдзе Касцёл, але мы не ведаем, хто яго павядзе.
Гісторык касцёла, ксёндз прафесар Марцін Высоцкі распавёў у эфіры «Польскага радыё Люблін» пра выклікі, якія стаяць перад будучым Папам, і пра вобраз Касцёла, якім яму давядзецца кіраваць. Выкладчык Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта звярнуў увагу на тое, што сённяшні Касцёл — гэта не толькі Еўропа, ён уключае ў сябе, сярод іншага, росквіт афрыканскага Касцёла:
-Я гэта бачу па нашых студэнтах. У нашай аспірантуры ўсё больш студэнтаў з афрыканскіх краін. І гэта не толькі KUL, але і іншыя навуковыя цэнтры маюць студэнтаў з Афрыкі. Магчыма, гэта і ёсць будучыня Касцёла. І гэта тое, з чым сутыкнецца папа, выбраны на гэтым канклаве. З аднаго боку Еўропа, якая губляе сваю тоеснасць, а з іншага Афрыка, якая гэтую тоеснасць будуе, пры чым будуе на вельмі традыцыйным фундаменце.
Нявыключана, што новы галава Каталіцкага касцёла будзе абраны да канца тыдня, — кажа гісторык касцёла з Гнезна, доктар ксёндз Лукаш Круцкі:
-Апошнія 100 гадоў паказалі, што канклаў не доўжыўся больш, чым пяць дзён. Кардыналы, якія ўдзельнічаюць у канклаве, робяць выбар, абапіраючыся на ўласнае разуменне пад уплывам малітвы, медытацыі, будучы адкрытымі на ўздзеянне Святога Духа, які напэўна пакіруе выбар ў бок чалавека веры. Колер скуры, мова – гэта сапраўды другасныя справы.
Ватыкан/PAP/EPA/FABIO FRUSTACI
Абранне новага Папы — гэта падзея, якая прыцягвае ўвагу ўсяго свету, незалежна ад рэлігіі ці геаграфічнага месцазнаходжання. Гэта не толькі з-за медыйнай прывабнасці рытуалу канклава ці белага дыму над Сікстынскай капэлай. Папа — адна з нямногіх асоб у свеце, якая спалучае духоўны аўтарытэт з рэальным уплывам на міжнародную палітыку, сацыяльныя справы і дыскусію аб каштоўнасцях. Кіраўнік Каталіцкага касцёла ўзначальвае супольнасць з больш чым 1,3 мільярда вернікаў, але яго словы таксама знаходзяць водгук сярод няверуючых, палітыкаў і актывістаў. Папа можа даць указанні па пытаннях міру, міграцыі, змены клімату ці біяэтыкі — тэмах, якія выходзяць за рамкі рэлігійных межаў.
З іншага боку, варта задаць пытанне: ці не пераацэнены гэты глабальны рэзананс? У свеце, які ўсё больш секулярызуецца, асабліва ў заходніх краінах, аўтарытэт інстытута Касцёла сур'ёзна падарваны. Для многіх абранне новага Папы — гэта хутчэй традыцыйнае відовішча, чым рэальная змена. Тым не менш, менавіта таму, што Каталіцкі касцёл застаецца адной з найстарэйшых і найбольш вядомых устаноў у свеце, любое рашэнне, якое можа паўплываць на яго ідэнтычнасць і кірунак развіцця, выклікае цікавасць. Нават калі не ўсе чакаюць новага Папу з надзеяй, амаль усе глядзяць на Ватыкан з цікаўнасцю — хаця б для таго, каб ацаніць, у якім кірунку будзе рухацца гэты глабальны маральны компас.
слухайце аўдыё
ав