Эскейп-рум «Свіны лёс» — гэта 40-хвілінны імерсійны досвед, заснаваны на механіцы класічнага эскейп-рума, які дазваляе ўдзельнікам узяць на сябе ролю свінні і прасачыць за яе шляхам: ад нараджэння ў свінарніку, праз вырошчванне і транспарціроўку, да драматычнага фіналу на бойні.
Эскейп-рум распрацаваны ў рэалістычнай і кранальнай форме, каб паказаць паўсядзённае жыццё мільёнаў жывёл, чые жыцці падпарадкаваны мясной прамысловасці. Цесныя прасторы, стылізаваныя пад свінарнік, транспартны сродак і сімвалічнае «канцавое месца», ствараюць кранальны вобраз пакут і бездапаможнасці жывёл у жывёлагадоўчых фермах.
Месца ўзнікла па ініцыятыве фонду «Viva!», які гадамі займаецца абаронай правой жывёл і, сярод іншага, праводзіць кампанію «Стоп клеткам». Віцэ-старшыня фонду Анна Зяліньска кажа, што гэта чарговы элемент адукацыйнай кампаніі:
- Наш фонд ужо вельмі даўно праводзіць адукацыйныя кампаніі, звязаныя з буйной жывёлагадоўляй. Гэта тэма, пра існаванне якой большасць людзей ведае, але ніколі не мела магчымасці пабачыць, ці адчуць на сабе. Таму мы падумалі, што было б добра паказаць гэта з крыху іншага боку. Эскейп-рум — гэта такая прыязная форма адпачынку. Гэта значыць, што гэта не гвалтоўны кантэнт, ад якога большасць людзей адварочвае вочы і не хоча глядзець. Гэта проста нешта, што павінна выклікаць эмоцыі, але адначасова даць веды пра тое, што адбываецца за зачыненымі дзвярыма, ці то на фермах, ці ў розных месцах, якія звязаны з буйной прамысловай сельскай гаспадаркай. І паказаць гэта такім чынам, каб большасць людзей не адводзіла позірк, і адначасова перадаваць гэтыя веды далей. І гэта вельмі важны, значны адукацыйны элемент для нас.
У чым вы хочаце пераканаць наведвальнікаў? Каб яны не елі мяса, каб яны дзейнічалі, напрыклад, падпісваючы петыцыі, каб спыніць пакуты гэтых жывёл?
- Наша кампанія «Стоп Клеткам» ўжо шмат гадоў сканцэнтравана на прыцягненні людзей да розных мерапрыемстваў на карысць сельскагаспадарчых жывёл. Гэта можа быць падпісанне петыцый, а, перш за ўсё, адмова ад ужывання прадуктаў жывёльнага паходжання. Адначасова мы пакідаем гэты выбар таму, хто праходзіць праз эскейп-рум, бо лічым, што ўсведамленне — гэта самае галоўнае. Наша чалавечая свядомасць змяняе ўсё. Гэта змяняе наша стаўленне, змяняе тое, як мы ўспрымаем свет.
Гэта першы крок да таго, каб такія змены сапраўды сталі трывалымі. Таму для нас вельмі важна, каб пасля выхаду з такога пакою загадак у кожнага быў момант роздуму і разважанняў пра тое, што ён хоча змяніць у сваім жыцці. А таксама ў жыцці тых жывёл, якія чакаюць нашага першага кроку.
І хоць гучаць можа страшна, то «Свіны лёс» - гэта не пакой жахаў. Хоць, канешне, ён дастаткова незвычайны. Расказвае Барташ Едзікоўскі з платформы Lockme:
- Так, гэта даволі незвычайны эскейп-рум, але не хвалюйцеся. Гэта не пакой жахаў. Я б хутчэй назваў гэта пакоем прыгод і адукацыі, бо мы проста паказваем шлях, які праходзіць свіння ад нараджэння праз развядзенне да бойні. І не хвалюйцеся, тут няма ніякіх рэзкіх сцэн, таму кожны можа сапраўды прыйсці ў пакой і адчуць гэта, адчуць сябе свіннёй пры жыцці. І я думаю, што гэта найважнейшы вопыт і выснова, якія можна зрабіць з гэтай залы, бо мы можам бачыць увесь працэс і тое, да чаго ён прыводзіць. І факт, што людзі абсалютна не ведаюць, як ім дастаўляюць мяса.
У эскейп-румах звычайна трэба выконваць пэўную ролю, ідучы да мэты. Напрыклад, роля дэтэктыва, які расследую забойства ці крадзеж. Якая нашая задача ў «Свіным лёсе»? Хто мы тут?
- Мы ўваходзім у пакой у вобразе чатырох парасят. Пакой разлічаны на трох-чатырох гульцоў, і ў першай частцы пакоя мы перажываем жыццё свінні. Што адбываецца ў наступных пакоях? Я не буду гэтага раскрываць, бо гэта павінна быць сюрпрызам і адначасова далікатным урокам, але так, з самага пачатку мы свінні, і наша мэта — перажыць іх падарожжа. Няма абмежаванняў па ўзросце. Згодна са стандартамі эскейп-румаў, калі мы хочам, каб у пакой увайшоў маладзейшы чалавек, да 16 гадоў, ён павінен прыйсці ў суправаджэнні законнага апекуна, бацькоў, бабулі, дзядулі, але на самой справе няма ніякіх кардынальных рэчаў, якія б перашкаджалі, напрыклад, дванаццацігадовым дзецям гуляць у гэтым пакоі.
З 16 мая эскейп-рум будзе даступны для ўсіх. Кошт адной гульні для 2–4 чалавек складае 180 злотых, з якіх 50 злотых будуць ахвяраваны прытулку ў Карабевіцах, якім кіруе фонд Viva!
Праект арыентаваны на шырокую аўдыторыю — веганаў, вегетарыянцаў і людзей, якія толькі пачынаюць задаваць пытанні пра паходжанне ежы. Арганізатары падкрэсліваюць, што «Свіны лёс» не толькі развівае эмпатыю і ўсведамленне, але і імкнецца справакаваць рэальныя змены, у тым ліку: забарону жорсткіх практык развядзення, такіх як кастрацыя парасят без анестэзіі, гаворыць абаронцы правоў жывёл.
ав
слухайце аўдыё