Беларуская Служба

Алана Гембремарыям: Трэба размаўляць з рэжымам Лукашэнкі, што не абазначае прабачэння

26.05.2025 16:01
Грамадска-палітычная дзяячка адзначае, што саспела патрэба стварэння асацыяцыя былых зняволенных жанчын.
Аўдыё
  • Алана Гембремарыям: Трэба размаўляць з рэжымам Лукашэнкі, што не абазначае прабачэння
Алана Гембремарыямфота: Беларуская служба Польскага радыё

Мінула пяць гадоў ад пачатку шырокамаштабных рэпрэсій, якія пачаліся напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе. Па стане на 22 мая ў Беларусі надалей застаецца 1187 палітзняволеных (паводле ПЦ “Вясна”). Іх лічба, можна сказаць амаль з поўнай упэўненасцю, большая.

Пачаткова панавала агульнае перакананне, што людзі, якія атрымалі тэрміны, не будуць доўга сядзець, разам з перамогай пратэстаў яны выйдуць на волю. Паступова гэтая надзея гасла, а людзям давалі ўсё большыя тэрміны, саджалі ў тым ліку за лайкі і каментары.

Калі заходзіла гаворка аб перамовах з беларускімі ўладамі аб вызваленні палітвязняў, то меркаванні часта былі падзеленыя. Адныя лічылі, што для вызвалення неабходна жорстка ціснуць на рэжым, уводзіць яшчэ большыя санкцыі і нельга ісці на перамовы. Іншыя лічаць, што для выратавання людзей з-за крат неабходна рабіць усё, у тым ліку размаўляць з рэжымам.

Сярод усіх беларускіх спраў – вызваленне палітзняволеных з беларускіх турмаў з’яўляецца прыярытэтам. У гэтым перакананая былыя палітзняволеная, грамадска-палітычная дзяячка Алана Гембремарыям:

- Нам нельга апускаць рукі. Нам трэба памятаць, што толькі ад нашых рашучых дзеянняў залежыць, ці больш за 1200 чалавек выйдуць з-за крат. Гэтыя дзеянні гэта таксама размова з людзьмі, замежнікамі, на міжнародных сустрэчах. Дзе б вы не былі, гэтую інфармацыю трэба даносіць, бо Беларусь сыходзіць з павесткі. Дэмакратычныя сілы робяць шмат, але ў іх на павестцы шмат пытанняў. Сярод гэтых пытанняў палітзняволеныя могуць згубіцца для партнёраў. Важны пасыл: вызваленне – гэта тое, чым трэба займацца. Падтрымка і салідарнасць – гэта класна, але зараз самым важным з’яўляецца вызваленне праз нашых замежных партнёраў. Для гэтага трэба мець кантакты, хадзіць на сустрэчы і расказваць пра нашы прапановы канкрэтна, каб нашыя замежныя партнёры скарысталіся сваімі сувязямі, у тым ліку з рэжымам. Не трэба казаць, што з рэжымам не трэба размаўляць. Трэба. На жаль, каб вызваліць людзей, гэта прыйдзецца рабіць. Гэта не значыць выбачыць рэжым і забыць пра ўсё, што адбывалася. Гэта значыць гуманітарна выратоўваць людзей.


Алана Гембремарыям адзначае, што саспела патрэба стварэння асацыяцыя былых зняволенных жанчын. Гэта патрэба вынікае з істотных розніц умоваў зняволення жанчын і мужчын у Беларусі:

- Утрымліванне жанчын у калоніях значна адрозніваецца. У мужчын захаваліся старыя крымінальны традыцыі. Яны дазваляюць у некаторых выпадках адчуваць сябе лягчэй. Прычым кожны выпадак трэба разглядаць індывідуальна, бо некаторым людзям робяць абсалютнае пекла. Аднак мужчыны могуць сесці і разам паесці, чымсьці падзяліцца. А я не магла нічым падзяліцца, нават паперай ці пракладкай. У мужчын такога не было б. Яны могуць падзяліцца і не паедуць за гэта ў штрафны ізалятар. Неабходна вырашаць пытанне ўтрымання жанчын, неабходна выходзіць на жанчын былых палітзняволеных, на сваякоў. Вельмі важна гуртавацца, дзяліцца інфармацыяй, шукаць людзей. А галоўнае – вызваленне. Думаю, гэта могуць добра рабіць людзі, якія з’яўляюцца голасам гэтых жанчын. Якія праходзілі і дагэтуль разам са зняволенымі ментальна праходзяць гэты жудасны боль.

У краіне, дзе за іншадумства можна страціць волю, а цяпер і жыццё, кожная смерць у зняволенні — гэта не толькі асабісты боль для родных, але і цяжкі ўдар па ўсім грамадстве. Пакуль за кратамі застаюцца сотні людзей, абвінавачаных выключна за свае перакананні, небяспека такіх трагедый толькі ўзрастае.

Поўная размова з Аланай Гембремарыям – у далучаным гукавым файле.