Беларуская Служба

«У эпоху алгарытмаў і сацыяльных сетак свабоду слова трэба перагледзець»

27.05.2025 14:36
Мы жывём у рэальнасці, дзе фэйкавыя навіны распаўсюджваюцца хутчэй за праўду, а давер да інстытутаў, СМІ і экспертаў штодня выпрабоўваецца.
Аўдыё
  • «У эпоху алгарытмаў і сацыяльных сетак свабоду слова трэба перагледзець»
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.LoboStudioHamburg/pixabay.com/CC0 Public Domain

Дэзінфармацыя — з'ява старая, як свет, і тым не менш сёння больш небяспечная, чым калі-небудзь. Мы жывём у рэальнасці, дзе фэйкавыя навіны распаўсюджваюцца хутчэй за праўду, а давер да інстытутаў, СМІ і экспертаў штодня выпрабоўваецца. Нашы суразмоўцы — эксперты па бяспецы, палітыкі і аналітыкі — распавядаюць пра тое, як выглядае сучасная інфармацыйная вайна і хто ў ёй перамагае.

Міхал Федаровіч з аналітычнай групы Res Futura адзначае, што ў эпоху алгарытмаў і сацыяльных сетак свабода слова патрабуе новага вызначэння. Важна знайсці баланс паміж свабодай выказвання меркаванняў і абаронай праз інфармацыю:

— Насамрэч, калі казаць пра праверку фактаў, то сёння мы можам ствараць хлусню кожныя 10 секунд. Аднак, каб праверыць адну хлусню, фактчэкеру спатрэбіцца гадзіна, паўтары, а можа нават тры дні. На самой справе з той колькасцю кантэнту, які мы маем сёння, у нас больш няма фізічнай магчымасці праверыць усю інфармацыю. Яшчэ адна рэч. У нас ёсць своеасаблівая лесвіца адказнасці. Газеты, радыё, тэлебачанне рэгулююцца, за кожным стаіць рэдакцыя, ёсць адказнасць. Аднак сацыяльныя сеткі маюць масавы ахоп, і на самой справе існуе поўная адсутнасць адказнасці, бо, з аднаго боку, платформы гавораць, што пішуць карыстальнікі, а з іншага, ідэнтыфікаваць карыстальнікаў сёння ў многіх выпадках практычна немагчыма. Цяперашняя сітуацыя сапраўды патрабуе змены ў архітэктуры даверу. Акрамя таго, мы дакладна ведаем, што дэзінфармацыя выкарыстоўваецца ў якасці зброі пастаянна. Гаворка ідзе пра поўнамаштабней інфармацыйныя аперацыі, якія праводзяцца ці на тэрыторыі Польшчы, ці ў краінах Еўрапейскага Саюза. Дэ-факта мы маем справу з падрывам даверу да інстытутаў, і ў асноўным да грамадскіх СМІ.

Міхал Федаровіч кажа, што гэта іх галоўная мэта, бо калі няма даверу да грамадскіх СМІ, то ёсць давер да смеццевых медыя. Эксперт дадае, што сацыяльныя сеткі існуюць ужо 15 гадоў, а поўных правілаў адносна таго, што рабіць, калі хтосьці хлусіць, няма.

Пра велізарную адказнасць грамадскіх СМІ гаворыць і дэпутат парламента, намеснік кіраўніка камітэта па культуры Сейма і старшыня Нацыянальнай рады па СМІ Войцех Круль. Ён прызнае, што няпроста спраўляцца з сітуацыяй у часы велізарнага інфармацыйнага хаосу:

— Нас бамбардзіруюць інфармацыяй, якую мы часта не можам праверыць. Акрамя таго, дэзінфармацыя — гэта даволі малады арганізм. Мы не набылі пэўнага імунітэту, і, напэўна, найгоршае яшчэ наперадзе, бо гэты арганізм развіваецца, дэзінфармацыі ўсё больш і больш. Пануе пандэмія хлусні. Вядома, найлепшым рашэннем праблемы пандэміі з'яўляецца вакцына. Ёй павінны быць грамадскія СМІ, традыцыйнае радыё і тэлебачанне. Аднак, каб яны былі эфектыўным супрацьяддзем, яны павінны карыстацца высокім узроўнем грамадскага даверу. Каб карыстацца даверам грамадскасці, яны павінны засяроджвацца на якасці журналісцкай працы, журналісцкай незалежнасці, празрыстасці, сумленнасці інфармацыі і медыяадукацыі. Без інвестыцый у якасць грамадскіх СМІ нам будзе ўсё цяжэй змагацца з дэзінфармацыяй.

Грамадскія СМІ нясуць велізарную адказнасць за тое, каб быць абаронцам праўды, бо часта праўда не мае шанцаў абараніць сябе ў гэтым свеце дэзінфармацыі. Мне здаецца, што ў грамадскіх СМІ прыйшоў час засяродзіцца на антыфэйкавых рэдакцыях, якія спецыяльна будуць займацца барацьбой з дэзінфармацыяй.

Намеснік міністра лічбавых тэхналогій Павел Альшэўскі ўдакладняе: калі хтосьці думае, што дэзінфармацыю можна выкараніць, ён памыляецца. Можна толькі мінімізаваць негатыўныя наступствы дэзінфармацыі, бо нават калі яе абвяргаюць, то адразу ж з'яўляюцца новыя наратывы:

— Іх мэта, вядома, падрываць дзяржаўныя інстытуты, дзяліць, уводзіць хаос, прыводзіць да незразумення рэальнасці, фарміраваць адпаведныя сацыяльныя ўстаноўкі ў разуменні, напрыклад, Расійскай Федэрацыі. Мы назіраем гэта кожны дзень, мы развенчваем гэты кантэнт, але развянчаць складаней і даўжэй, чым пабудаваць сетку дэзінфармацыі. Мы таксама вельмі часта назіраем групу акаўнтаў у розных сацыяльных сетак, якія сістэматычна ствараюцца з вельмі нейтральным кантэнтам, а потым надыходзіць момант, напрыклад, выбары, калі гэтыя групы вельмі скаардынавана раптам пачынаюць мяняць свае папярэднія наратыўныя профілі на строга дэзінфармацыйныя, падтрымліваючы канкрэтных кандыдатаў, дыскрэдытуючы іншых. Таму гэта вельмі складаны працэс, які таксама ўключае ў сябе пытанне кібербяспекі.

У сваю чаргу дэпутат, гісторык, прафесар Павал Коваль не мяркуе, што Пуцін выйграе дэзінфармацыйную вайну. Тэксты пра дэзінфармацыю ён успрымае з пэўнай дыстанцыяй, бо ўспрымае як тэхналагічныя змены, а не як змену сутнасці:

- Па сутнасці, інфармацыйная вайна заўсёды была часткай Расійскай імперыі, яна заўсёды была часткай войнаў. Яна асабліва развівалася ў 1950-я і 1960-я гады, калі абапіралася на арганізацыі палітычных партый і палітычных колаў на Захадзе. Гаворка ішла проста пра пошук груп, якія б падтрымліваліся ў асноўным у інфармацыйнай сферы і фінансаваліся, каб яны перамагалі ў выбарчых кампаніях. Сутнасць удзелу Пуціна заключаецца ў тым, каб нават экстрэмальныя колы, калісьці левыя (Італьянская камуністычная партыя, Французская камуністычная партыя), а сёння папулісцкія або ўльтраправыя партыі, умацаваць фінансава, даць ім інфармацыйныя інструменты, у найлепшым выпадку прывесці іх да ўлады, але гэта рэдка здараецца, а ў іншым выпадку зрабіць значнай апазіцыяй. І як толькі палітычныя сілы бяруць на сябе гэтую ролю, яны пачынаюць рэалізоўваць гэтыя імперскія расійскія інтарэсы. Вось як гэта выглядае ў нашай частцы свету, але эфектыўнасць гэтага абмежаваная.

Павал Коваль кажа, што Пуцін не перамагае, хоць і дасягае поспехаў, якія таксама з'яўляюцца вынікам распаўсюджвання новых тэхналогій і электронных СМІ.

Дэбаты «Свабода слова ў эпоху алгарытмаў: паміж законам і ахопам» былі арганізаваныя PAP сумесна з Польскім радыё, Польскім тэлебачаннем і выдавецтвам Polska Press.

слухайце аўдыё