Беларуская Служба

Папулярнасць спартыўнай стральбы ў Польшчы вырасла, а разам з ёй колькасць сумнеўных камерцыйных курсаў

29.05.2025 12:30
Ад членаў экзаменацыйных камісій паступаюць розныя сігналы адносна ўзроўню падрыхтоўкі асобаў, якія прайшлі такое навучанне.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. YasDO/pixabay.com/CC0 Public Domain

«Мы не хочам браць на сябе адказнасць за віртуальныя курсы стральбы, бо ведаем, што з выкананнем правілаў бяспекі на іх бывае па-рознаму», – кажа ў размове з выданнем Rzeczpospolita старшыня Польскай асацыяцыі спартыўнай стральбы Тамаш Квецень.

На пытанне газеты, ці спартыўная стральба можа палепшыць навыкі самаабароны грамадства ў выпадку вайны, ён адзначыў, што спартыўная стральба вучыць карыстацца зброяй.

«Такі чалавек ведае, як яе адмыкаць, як зараджаць, куды падключаць магазін. Карацей кажучы, яна вучыць асноўных элементаў самаабароны з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі», – сказаў эксперт.

Ён таксама пацвердзіў, што пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, у Польшчы вырасла зацікаўленне стральбой і атрыманнем ліцэнзіі на стральбу. Да 2021 года было выдадзена каля 27 тысяч такіх ліцэнзій, а пасля лютага 2022 года быў зафіксаваны значны скачок зацікаўлення.

«Цяпер у нас каля 95 тысяч чалавек з ліцэнзіяй на стральбу», – сказаў Тамаш Квецень.

У Польшчы папулярнымі сталі таксама анлайн-курсы, якія дзейнічаюць пад легендай стралковага спорту, пасля праходжання якіх удзельнікам прапануюць здаць афіцыйны дзяржаўны экзамен на ліцэнзію на стральбу. «Між тым выкананне правілаў бяспекі на такіх курсах з'яўляецца праблемай», – кажа старшыня Польскай асацыяцыі спартыўнай стральбы.

«Мы не хочам браць на сябе адказнасць за гэта, мы хочам, каб трэніроўкі праходзілі на базе бацькоўскага клуба. У яго ёсць трэнеры, інструктары, і ён адказвае за падрыхтоўку новых адэптаў стралковага спорту. Мы не хочам аддаваць поле «віртуальным інструктарам», якія не звязаны са спартыўным клубам, і мы ў прынцыпе не ведаем, хто яны», – падкрэсліў Тамаш Квецень.

Ён дадаў, што ад членаў экзаменацыйных камісій паступаюць розныя сігналы адносна ўзроўню падрыхтоўкі асобаў, якія прайшлі такое навучанне. «Часта яны не ведаюць як карыстацца зброяй», – кажа эксперт.

аз