Беларуская Служба

Як найлепш інтэграваць замежнікаў у польскае грамадства? Адны курсы польскай мовы – гэта мала

29.05.2025 17:32
Падрыхтоўчыя класы выключна для дзяцей мігрантаў - не самая добрая ідэя.
Аўдыё
  • Адны толькі курсы польскай мовы – гэта мала.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Shutterstock/GreenOak

Фонд «Захад-Усход падтрымкі», які працуе ў Варшаве, рэалізуе доўгатэрміновы праект, накіраваны на падтрымку і ўсебаковую дапамогу мігрантам з Усходняй Еўропы, галоўным чынам з Украіны і Беларусі. Вашай увазе гутарка пра інтэграцыю дзяцей мігрантаў. 

Фонд «Захад-Усход падтрымкі» быў створаны пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе. Прадстаўнікі арганізацыі кажуць, што эмігранты звяртаюцца да іх з просьбаю аб дапамозе па самых розных пытаннях, і яны адгукаюцца і стараюцца аказаць дапамогу. Хтосьці звяртаецца па рэкамендацыі сяброў, а хтосьці атрымлівае інфармацыю з сацыяльных сетак. Ірына Балюкевіч уваходзіць у кіруючыя органы фонду. Яна кажа, што ў 2020 годзе найбольш дапамогі яны аказвалі беларусам, якія былі прымушаныя з’ехаць з Беларусі.

 Мы дапамагалі мігрантам з Беларусі. Я сама - полька з Беларусі, таму гэтыя тэмы былі нам вельмі блізкія. Дык вось, у 2020 годзе, яшчэ да таго, як быў створаны афіцыйны фонд, мы ўжо тады пачалі падтрымліваць тыя сем'і, якім давялося ўцякаць, нават часам на роварах праз мяжу. Часам яны ехалі з адным заплечнікам, ноччу. Тады мы пачалі сваю дзейнасць. Гэта быў імпульс.

— А чым фонд займаецца цяпер? Як вы падтрымліваеце тых, каму патрэбная дапамога?

 Мы кіруем установай пад назвай «Акадэмія падтрымкі». На дадзены момант мы ў асноўным арыентуемся на моладзь ва ўзросце ад 10 да 18 гадоў. Гэта пачатковая і сярэдняя школа. Мы ладзім курсы польскай мовы, дапамагаем у выроўніванні адукацыйнага ўзроўню, праводзім псіхалагічныя семінары і проста розныя інтэграцыйныя мерапрыемствы. Цяпер, у цёплую пару года, у нас ёсць традыцыя ладзіць розныя пікнікі на Макатоўскім полі, палявыя гульні, якія інтэгруюць польскую моладзь і тых, хто мае досвед міграцыі. На працягу навучальнага года ў нас шмат адукацыйных мерапрыемстваў. Адны толькі курсы польскай мовы – гэта мала, паколькі ёсць такія прадметы, як матэматыка, фізіка і г.д., па якіх вучням, якія прыехалі з-за мяжы, неабходна тлумачыць розныя тэрміны на польскай мове. Часам чалавек можа вельмі добра ведаць матэматыку, але ён не ў стане выканаць заданне, бо не ведае гэтых матэматычных паняццяў па-польску.

— З якімі яшчэ цяжкасцямі змагаюцца дзеці, школьнікі, якія прыехалі з Беларусі ці Украіны і жывуць і вучацца тут, у Польшчы?

 Гэта залежыць ад узросту перш за ўсё. Падлеткі ва ўзросце 14-15 гадоў павінны зразумець сістэму адукацыі ў Польшчы, якая адрозніваецца ад сістэмы адукацыі Украіны ці Беларусі. Там яны заканчваюць школу ў 17 гадоў і ўжо могуць паступаць у ВНУ або ісці працаваць. А тут, пасля восьмага класа, ім трэба выбраць спецыялізацыю, вырашыць, што ім падабаецца, куды пайсці далей вучыцца. Такім чынам, мы гэта тлумачым, прапануем кансультацыі па выбары шляху прафесійнай кар’еры, а таксама праводзім псіхалагічныя семінары, якія дапамагаюць з інтэграцыяй і адаптацыяй, і проста разуменнем эмоцый. Ім трэба знайсці сваё месца тут, бо нялёгка цалкам змяніць сваё жыццё ў 14 ці 15 гадоў, калі ты расцеш і ў цябе ёсць праблемы сталення, плюс трэба знайсці сяброў, спраўляцца з праграмай у школе, добра ведаць мову, разумець бацькоў, якія таксама шукаюць працу, таму ў падлеткаў насамрэч шмат праблем.

— А з вашага пункту гледжання і досведу, які найбольш эфектыўны спосаб дапамогі такім маладым людзям?

— Гэтыя дзеці павінны ведаць, куды звярнуцца па дапамогу, калі ў іх ёсць псіхалагічныя ці эмацыйныя праблемы. На маю думку, у школах павінна быць больш групавых, псіхалагічных майстар-класаў ці розных трэнінгаў па развіцці сацыяльных навыкаў. У настаўніка сапраўды няма часу на інтэграцыю ці ўвагу людзям з міграцыйным досведам. А пандэмія яшчэ пагоршыла справу. Калі б у школах праводзілі больш такіх майстар-класаў, моладзь была б больш адкрытай. Мы зараз працуем у прыгараднай школе, дзе ёсць падрыхтоўчыя класы. З аднаго боку гэта выдатна, бо ў такім класе ёсць толькі дзеці з міграцыйным вопытам, якія вывучаюць польскую мову, каб пазней пачаць далейшую адукацыю ў польскай школе. Але на самой справе гэта няправільна, бо гэта стварае анклавы дзяцей, якія маюць кантакт з польскай мовай па 4-6 гадзін у дзень, а потым вяртаюцца ў сваё асяроддзе, дзе размаўляюць толькі і выключна на роднай мове. Я думаю, што лепш, каб былі змешаныя класы, напрыклад, 4-5 чалавек у класе з палякамі. Тады адбываецца сапраўдная інтэграцыя. З падтрымкай так званага міжкультурнага памочніка, дзякуючы майстар-класам, прысвечаным эмпатыі, супрацоўніцтву і эмоцыям, такая інтэграцыя была б больш эфектыўнай.

Польская служба/нг