Новы праект пачаўся з Нямеччыны
Новы праект пра жыццё пенсіянераў у Еўропе спадарыня Аляксандра распачала трохі больш як месяц таму. І першая сустрэча адбылася ў Нямеччыне. Суразмоўца распавяла, што сустракалася адразу з двума нямецкімі пенсіянерамі.
Ёй цікава параўноўваць жыццё пенсіянераў у Беларусі і Нямеччыне. І асабліва аўтарцы хочацца, каб яе матэрыялы пабачылі яе землякі ў Беларусі. Першае, на што звяртае ўвагу спадарыня, — нямецкія пенсіянеры значна больш актыўныя за беларускіх.
— Мы не такія актыўныя, бо ў нас пенсіі значна меншыя. Асабліва, калі хварэем, — нам вельмі цяжка. У іх значна лягчэй: ёсць дапамога ад дзяржавы, ахова здароўя на іншым узроўні. У мяне засталіся ў Беларусі знаёмыя, якія ледзь даюць рады хадзіць, але інваліднасць атрымаць не могуць. Бо для гэтага патрэбныя знаёмствы. У немцаў усё гэта выглядае зусім інакш.
Мы садзім бульбу на лецішчы, а яны — кветкі
Спадарыня Аляксандра, уздыхаючы, згадвае, што беларускім пенсіянерам і на пенсіі даводзіцца садзіць бульбу на лецішчы, гуркі, памідоры і надалей працаваць практычна штодзённа ў гародзе, каб потым зэканоміць у краме.
— У іх няма гародаў, а каля дамоў — кветкі. Адзін з маіх знаёмых, з кім мы рабілі матэрыял, жыве ў такім доме, дзе восем пенсіянераў. Я, калі туды ехала, уяўляла сабе нешта накшталт нашага дома ветэранаў, а аказалася — зусім не так. Там усё па-хатняму, жывуць і маладыя людзі, яны дапамагаюць сачыць за парадкам.
У Берліне халодная зіма, таму еду ў Іспанію
— Існуе такі стэрэатып, што на Захадзе людзі пенсійнага веку шмат падарожнічаюць...
— Гэта праўда. Вось гэты мой знаёмы, якому 82 гады, дагэтуль займаецца танцамі, спевамі, падарожнічае, хоць ужо менш, чым раней. А іншы знаёмы, якому 66 гадоў, купіў сабе дом на колах і кажа, што зіма ў Берліне не вельмі спрыяльная, таму ездзіць на гэты перыяд у Іспанію ці іншыя цёплыя краіны.
У іх мала хто глядзіць унукаў
Спадарыня Аляксандра згадвае, што раней была ў Галандыі, Бельгіі, і людзі пенсійнага ўзросту распавядалі, што шмат працавалі, але калі прыходзіў час пенсіі, амаль усе імкнуліся падарожнічаць, каб пабачыць свет.
— У іх мала хто глядзіць унукаў. На дачах і гародах таксама ніхто не мучыцца і не хвалюецца, што нешта засохне ці замокне.
Там таксама ёсць малыя пенсіі
Дарэчы, спадарыня Аляксандра кажа, што нямецкія пенсіянеры не любяць гаварыць пра тое, якую пенсію атрымліваюць, і адказваюць на такія пытанні часцей за ўсё проста: «Мне на ўсё хапае».
— Тыя, хто атрымлівае невялікія пенсіі, маюць магчымасць карыстацца крамамі, дзе прадукты прадаюцца па зніжаных коштах. Прадукты нармальныя, не пратэрмінаваныя. І яны гэтым карыстаюцца.
Маёй суразмоўцы даводзілася ў Нямеччыне сустракацца з пенсіянерамі, якія прыехалі з краін былога Савецкага Саюза і не зарабілі пенсіі там.
— Ім выдзелілі сацыяльнае жыллё. Там нават прыбіральшчыцы працуюць для іх. Пенсію дзяржава выдзеліла ім у 900 еўра. І такія пенсіянеры там лічацца беднымі. Я пазней прачытала, што такія людзі знаходзяцца на мяжы беднасці.
Яны не вераць, што ў цябе нехта можа праверыць тэлефон...
Спадарыня згадвае, што нямецкіх пенсіянераў таксама цікавіла жыццё ў Беларусі. Ніхто з іх, як высветлілася, раней не быў у нашай краіне.
— Шмат хто з іх нічога не ведаў пра жыццё ў Беларусі. Ім было цікава слухаць, але яны не маглі паверыць, што адбываецца ў нашай краіне. Што ў цябе нехта можа праверыць тэлефон, і за гэта ты патрапіш за краты. Яны не вераць, што такое адбываецца, лічаць, што гэта прыдумляюць несумленныя журналісты. Яны не могуць нават уявіць, што цябе на мяжы могуць абшукваць.
Там ёсць дамы прыстарэлых, але яны не такія, як у нас
У Нямеччыне, паводле маёй суразмоўніцы, яна часта сустракалася з выпадкамі, калі старых бацькоў, якім патрэбны догляд, дзеці аддаюць у дамы для прыстарэлых. Але там кожны жыве ў сваім пакоі, дзе ёсць нават кухня. У такіх дамах абавязкова працуе медыцынскі персанал. Праўда, уся пенсія ідзе на кошт пражывання.
— У нас лічыцца, што толькі вельмі дрэнныя дзеці аддаюць бацькоў у дамы для прыстарэлых, але там усё інакш. І самі гэтыя дамы іншыя: многія просяцца туды самі, бо дзеці ўвесь час на працы, а там ёсць лекары, забаўляльныя мерапрыемствы, вандроўкі.
Параўноўваць наша жыццё не атрымліваецца...
Падсумоўваючы размову, спадарыня Аляксандра кажа, што параўноўваць жыццё нямецкіх і беларускіх пенсіянераў не атрымліваецца, бо яно на вельмі розных узроўнях. І што б ні казала беларуская прапаганда, дастаткова хоць раз там пабыць, каб усё зразумець.
Менавіта распавесці беларусам пра тое, як насамрэч жывуць пенсіянеры ў Еўропе, яна і паставіла перад сабой мэту ў сваім новым праекце. Паводле яе, людзі павінны задумацца, чаму жыццё беларускага пенсіянера настолькі адрозніваецца ад еўрапейскага.
— У мяне 40 гадоў без аднаго месяца бесперапыннага стажу, і я нават не ведаю, як доўга яшчэ буду атрымліваць сваю пенсію, бо там круцяць як хочуць, каб пазбавіць нас яе па палітычных прычынах. Крыўдна. Я, дарэчы, яшчэ маю не самую горшую пенсію, але многія людзі ў Беларусі, маючы амаль такі ж стаж, скардзяцца, што атрымліваюць вельмі малыя пенсіі. І ўсё гэта таму, што сістэма налічэння пенсій у Беларусі несправядлівая. Крыўдна за сваіх калегаў...
Спадарыня Аляксандра, трохі задумаўшыся, дадае, што зробіць усё, каб распавесці беларускім пенсіянерам, як жывуць людзі сталага веку ў еўрапейскіх краінах.
Павел ЗАЛЕСКІ
Здымак: Аляксандра Ханевіч. Фота з архіва Аляксандры Ханевіч.