Беларуская Служба

Польская мова на эміграцыі: навучанне ды захаванне моўнага патэнцыялу

05.06.2025 14:48
Польская мова ўсё часцей гучыць не толькі ў Польшчы, але і за мяжой, у розных краінах свету. Польскую мову сёння выкладаюць у больш чым 30 дзяржавах, ад суседніх як Беларусь, па экзатычныя як Кувейт ці Мексіка.
Аўдыё
Ілюстрацыйнае фотаImage by crsntdesign from Pixabay/CC0

Разам з ростам польскай міграцыі з’явілася патрэба спрыяць захаванню мовы сярод мігрантаў. Польскія навукоўцы прыглядаюцца таму як мова змяняецца ў замежжы. Польскае радыё паразмаўляла з адмыслоўцамі наконт асаблівасцяў навучання ды захавання польскай мовы за мяжой.

За апошнія гады ў Польшчы важным стала пытанне навучання польскай мовы за мяжой. На сённяшні дзень польскую мову можна вывучаць не толькі ў Польшчы. Яна выкладаецца ў 36 краінах свету. Навучанне адбываецца праз адукацыйныя цэнтры, якія арганізаваны ў розных формах — напрыклад, як грамадскія школы або польскія секцыі ў замежных школах. Польскую мову можна вывучаць у Германіі, Італіі ці Беларусі, а таксама ў Кітаі, Кувейце ці Паўднёвай Афрыцы. Пра тое, як адбываецца навучанне ў Беларусі Польскаму радыё распавяла дырэктар Цэнтра навучання польскай мове ў Дзяржынску Вера Клімовіч.

— Наш цэнтр працуе пры Саюзе палякаў у Беларусі. У цэлым пры Саюзе існуе каля 50 розных цэнтраў, і мы дзейнічаем са згоды нашых уладаў. Што да нашага цэнтра, чым мы займаемся? Выкладаем польскую мову сярод польскай меншасці. Мы таксама займаемся культурай, клапоцімся пра месцы памяці. Але навучанне польскай мовы — вось наша ключавая задача. Мы вучым дзяцей, моладзь, дарослых, каб яны ведалі родную мову, ведалі польскую мову.

З якой колькасцю людзей вы працуеце? Ці адчуваеце вы ў гэтым сваю місію?

— У мяне вучацца каля 30 дзяцей і каля 40 дарослых. Думаю, што гэта маё пакліканне быць настаўнікам і перадаваць тое, што мне перадалі мае продкі, бабулі і дзядулі, бо я паходжу з польскай сям'і. Мае продкі таксама жылі на Гарадзеншчыне. І калі мяне пытаюцца, адкуль вы ведаеце польскую мову, я заўсёды кажу, што з пялёнак гэтая мова праследуе мяне. Таму што, калі я ездзіла ў вёску наведаць дзеда, заўсёды гучала Варшаўскае радыё. Мой другі дзед спяваў у царкоўным хоры, таму, калі я ездзіла ў іншую вёску, я чула польскую мову ў песнях. Вядома, у касцёле таксама было навучанне. І так жыццё склалася, што мая сучаснасць цяпер пабудавана вакол гэтай польскай мовы.

 Якія ў вас зараз умовы працы?

— Цяпер няпроста. Праводжу заняткі, літаральна ў мяне дома, бо выкладанне перайшло ў анлайн, таму што гэта дае больш магчымасцей для выкладання, дае доступ да падручнікаў. Яшчэ я шмат чаго магу паказаць, прадэманстраваць і такім чынам пашырыць абсяг навучання не толькі сярод людзей аднаго канкрэтнага горада, дзе я працую, але і даць усім, хто хоча, магчымасць заняцца вывучэннем польскай мовы. Хачу падкрэсліць, што мой стацыянарны цэнтр, які я прадстаўляю, ладзіць мерапрыемствы афлайн, але зараз я ў асноўным праводжу навучанне ў анлайн-фармаце.

 На чым вы засяроджваецеся ў навучанні?

— Я вучу алфавіту, вучу чытаць, разумець польскую мову, гэта як быццам дзіця прыходзіць у свет з чыстай старонкай, і на гэтай старонцы трэба ўпісаць веданне мовы, вось чым я займаюся. Чытанне, разуменне, размова і, што самае складанае, пісьмо. Польская граматыка заўсёды здзіўляе людзей.

У апошнія гады вельмі шмат палякаў з’ехала з краіны за мяжу ў эміграцыю. Аказалася, што вялікай колькасці людзей патрэбна падтрымка з тым, каб захаваць сваю польскую мову, перадаць дзецям. Польскія навукоўцы пачалі прыглядацца і вывучаць, як змяняецца польская мова на чужыне. Навукоўцы з Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве правялі рэвалюцыйнае даследаванне «Польская мова ў эміграцыі: якія адбываюцца змены», каб акрэсліць і  растлумачыць, як змяняецца польская мова ў эміграцыі. Вынікамі даследавання з Польскім радыё падзялілася прафесар і загадчыца Лабараторыі моўнай псіхалогіі і білінгвізму ў Ягелонскім універсітэце Зоф'я Ваднецкая-Хліпальская.

— Калі мы гаворым пра мову, звычайна людзі не думаюць, што псіхолаг можа займацца такой з'явай, як мова. Гэта, безумоўна, заўсёды было сферай дзейнасці лінгвістаў. Псіхолагі таксама вельмі зацікаўлены ў мове, але ў крыху іншым аспекце, нас цікавіць тое, як функцыянуе наш розум і мозг пры выкарыстанні мовы. Гэта значыць, што змяняецца, калі наша нейракагнітыўная сістэма змяняецца з-за міграцыі і кантакту з іншымі мовамі.

Якія высновы можна зрабіць з Вашага даследавання? Калі з’язджаеш за мяжу, няхай гэта будзе на кароткі час ці назаўсёды, ці роднай мове пагражае забыццё?

— Забыццё — празмерна рэзкае слова. Я думаю, што пра гэтую справу трэба думаць як пра набытак, бо шмат што змяняецца, і мы ведаем з іншых даследаванняў, што сам факт ведання больш чым адной мовы фундаментальна змяняе тое, як функцыянуе наш мозг. Гэтаксама як і тое, як мы карыстаемся мовай, якую ведаем з нараджэння. Нам варта крыху перафармуляваць наша мысленне пра тое, што нам дае веданне замежных моў. Гэта не абавязкова звязана са стратамі, але са зменамі, таксама са зменай якасці, у якой наш мозг проста жанглюе рознымі мовамі. Я згадаю найбольш важныя адкрыцці нашага праекта, бо аказваецца, што многія аспекты выкарыстання роднай мовы, безумоўна, схільныя да змен, пад уплывам працэсаў міграцыі. Найбольш выразныя змены, якія мы назіралі да гэтага часу, звязаныя з так званай фаналогіяй мовы, гэта значыць маўленнем. Пад уплывам жыцця ў іншым моўным асяроддзі людзі пачынаюць размаўляць на роднай мове з замежным акцэнтам. Аднак нават кароткачасовае знаходжанне ў роднай краіне змагло змяніць гэтую тэндэнцыю, гэта значыць прывесці да таго, што акцэнт зноў становіццва больш родным. 

Як працяглае знаходжанне за мяжой, а таксама кароткачасовае наведванне краіны, уплывае на лёгкасць згадвання польскіх слоў?

— Мы заўважылі, што нават кароткачасовае знаходжанне ў краіне дазваляе нам хутчэй згадваць польскія словы. Асабліва тыя, з якімі нам давялося сутыкнуцца ў краіне, гэта значыць тыя, якія з'яўляюцца словамі з высокай частатой ужывання ў польскай мове. Аднак знаходжанне за мяжой не абавязкова суправаджаецца вялікімі праблемамі са згадваннем польскіх слоў, не больш чым у двухмоўных людзей, якія не жывуць за мяжой, але часта карыстаюцца тут англійскай мовай. Такім чынам, калі вы часта карыстаецеся роднай мовай, жывучы за мяжой, працэсы, звязаныя з забыццём польскіх слоў, неабавязкова павінны адбывацца.

Дадзены  даследчы праект фінансаваўся Нацыянальным навуковым цэнтрам у Польшчы. Аднак мы рэалізавалі яго ў супрацоўніцтве з Эдынбурскім універсітэтам і таксама выкарыстоўвалі даследчую лабараторыю, размешчаную ў гэтым універсітэце.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч