Беларуская Служба

«Прадмова» паміж фестывалямі: праца, мары і пошук фарматаў

09.06.2025 12:23
Сябра аргкамітэта фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова», каардынатарка Інстытута беларускай кнігі Лілія Іллюшына ў размове з нашым карэспандэнтам распавядае пра «кухню» фестывалю, бліжэйшыя планы і навінкі.
Аўдыё
  • «Прадмова» паміж фестывалямі: праца, мары і пошук фарматаў
Лілія ІллюшынаФота Паўла Залескага

Трошкі выдыхаем і зноў рыхтуемся

— Зусім нядаўна “Прадмова” была ў нас у Познані і ў іншых гарадах. Зразумела, што гэта быў даволі насычаны перыяд для вас. А чым займаецца “Прадмова” паміж фестывалямі?

— “Прадмова” ў гэты перыяд, па-першае, трошкі выдыхае, каб прыйсці ў сябе, а яшчэ недзе месяц–паўтара пасля завяршэння фестывалю праводзіцца нябачная праца — гэта рэфлексіі і справаздачы.
Перад фестывалем, перад самым першым горадам, падрыхтоўка займае, як найменш, тры месяцы. І сёлета каманда пачала працаваць ужо ў лютым: мы актыўна збіраемся і абмяркоўваем будучыя мерапрыемствы.
Акрамя гэтага, у нас ёсць некалькі дадатковых сайт-праектаў. Гэта найперш конкурс рукапісаў “Шуфлядка”, які акурат зараз адбываецца, і хутка мы будзем ведаць імёны пераможцаў — тых, чые рукапісы стануць кнігамі. У “Шуфлядцы” ўжо выйшаў ледзь не дзясятак кніг, і я лічу, што гэтым самым мы робім добры ўнёсак у беларускую літаратуру.
Другі наш праект — конкурс для мастакоў-графікаў і афарміцеляў. Ён называецца “Арт-Прадмова”. Сёлета праект мае перафарматавацца і праводзіцца не толькі падчас фестывалю, а цягам года.
І яшчэ адзін праект, якім мы зараз займаемся, — падтрымка канцэрта гурта “Філаматы”. Гэта музычны выступ. Хаця ў “Прадмовы” ёсць значная музычная частка, канцэртам асобна мы займаемся ўпершыню і спадзяёмся ўжо восенню яго пабачыць. Таму сачыце за навінамі.

— А чаму такая цікавасць да гэтага гурта?

— Нас зацікавіў гэты праект таму, што “Філаматы”, іх гісторыя не настолькі вядомая і “раскручаная”. Само паняцце “філаматы” мы чулі, а вось што тычыцца гурта — гэта мала каму вядома. Сам праект — гэта не гістарычная прэзентацыя тых падзей, а моцная пераклічка з сучаснасцю: студэнты, бунты, лёсы, знявечаныя сістэмай. Вось гэта вельмі цікава, і нас такая сучасная падача зацікавіла. Праект вельмі амбітны, прэтэндуе на мюзікл, рок-оперу, што не самая частая з’ява ў беларускай культуры. Таму мы вырашылі, што не можам прайсці міма гэтага праекта.

З кожным годам праект прырастае

— Напэўна, пасля кожнай “Прадмовы” вы не толькі выдыхаеце, але і падводзіце вынікі. Якія высновы з’явіліся пасля апошняй “Прадмовы”?

— Першае, што зразумелі — у “Прадмову” лёгка ўвайсці, у тым ліку ў аргкамітэт, але вельмі цяжка выйсці. І таму мы вельмі цешымся, што год ад году аргкамітэт прырастае: далучаюцца новыя людзі, з’яўляюцца свежыя ідэі і думкі. Таму, спадзяюся, каманда даруе мне за спойлерства, але мы хочам трошкі змяніць фармат. Мы думаем, што варта больш працаваць з наведвальнікамі, з чытачамі, рабіць больш камфортныя ўмовы для ўдзелу ў мерапрыемствах і, магчыма, трошкі змяніць формы прэзентацый, дыскусій і ўсяго астатняга. Што тычыцца нашага кароннага фармату — вандроўны фэст — гэта застаецца.

Правесці фестываль у Беларусі пакуль нерэальна

— “Прадмова” адбываецца за межамі, але асноўны чытач, і глядач, і слухач знаходзіцца ў Беларусі. Што рабіць з гэтым?

— Ну, тут думкі нашы цяжкія — як і ва ўсіх, хто апынуўся за мяжой. Можна, канечне, цешыцца, што наша міжнародная кар’ера пачалася нават раней, чым мы думалі. Мы планавалі маштабаваць фестываль за мяжой, але што гэта адбудзецца ў такіх умовах — не разлічвалі. І цяпер бачым нашу місію як сусветны фестываль “Прадмова” для ўсіх беларусаў па ўсім свеце. Але, вядома, хацелася б закрануць і Беларусь. Будзем шчырымі: пакуль што з тымі фарматамі, якія маглі б дасягнуць Беларусі, у нас складанасці. На сённяшні дзень я не бачу магчымасці, улічваючы сітуацыю ў краіне, правесці фестываль адкрыта і нармальна. Гэта нерэалістычна.
Мы можам, наколькі магчыма, запрашаць людзей прыязджаць сюды, ладзім стрымы, трансляцыі, выкладаем запісы, каб людзі маглі далучыцца, ствараем анлайн-пляцоўку. Думаю, гэта той максімум, які мы можам сабе дазволіць.

Інтэлектуальная кніга і вандроўны фэст — рысы нашай ідэнтычнасці

— “Прадмова” прадстаўляе інтэлектуальную частку беларускай культуры. Ці ёсць нейкая рэакцыя на яе з боку нашых суседзяў?

— Скажу так: пакуль што ў нас не настолькі добра наладжаныя сувязі з міжнародным фестывальным рухам, бо проста не стае рэсурсаў, каб гэтым займацца. Па-другое, сяброўства ў такіх арганізацыях, уваходжанне ў гэтае кам’юніці — гэта досыць дарагое задавальненне і яно часта дыктуе пэўныя ўмовы.
Мы пакуль не можам сабе гэта дазволіць. Плюс мы найперш арыентаваліся на дыяспару, на тых беларусаў, што выехалі. Мы, вядома, запрашаем замежных аўтараў і думаем, што ў далейшым гэты працэс будзе развівацца. Але ўсё ж хочам захаваць фокус на інтэлектуальную кнігу.
Нам увесь час раяць у мэтах маркетынгу і прасоўвання адмовіцца ад інтэлектуальнай кнігі, але для нас вельмі важна захаваць гэты фокус, бо інтэлектуальная кніга і вандроўны фэст — гэта дзве рысы нашай ідэнтычнасці. І гэта, дарэчы, адразу вылучае нас сярод вялікай колькасці фестываляў.
Ніхто не адмаўляе забаўляльны фармат — я і сама з радасцю схаджу на нешта такое — але ўсё ж утрыманне фокуса на рэфлексіі — гэта тое, ад чаго не хацелася б адмаўляцца. І гэта тое, дзе мы ўваходзім нават у еўрапейскім кантэксце ў невялікую супольнасць фестываляў, якія захоўваюць такі фармат. Думаю, падобных фестываляў — 5–6 на ўсю Еўропу.

— Чым “Прадмова” пацешыць сваіх чытачоў і слухачоў на наступным фестывалі?

— Галоўнае, чым я магу падзяліцца, — “Прадмова” будзе, хаця зараз такія часы, што гэта не відавочна. Мы захавалі свой фармат, і я спадзяюся, што і колькасць гарадоў таксама застанецца такой жа. А вось дзе менавіта гэта адбудзецца — пакуль прыхаваю як сакрэт.

Гутарыў Павел ЗАЛЕСКІ