Беларуская Служба

З'ехаўшы з Польшчы, жыць стала лягчэй - палякі ў эміграцыі

14.06.2025 08:15
Часопіс Newsweek расказвае пра палякаў, якія з'ехалі ў Іспанію.
Іспанія крыніца: сайт турбюро Itaka

Некаторыя ехалі «на хвіліну» i заставаліся на даўжэй, а то і назаўжды. Іншыя свядома прадалі ўсё ў Польшчы і пераехалі на другі канец Еўропы. Ёсць і такія, што хочуць мець там другі дом і жыць у ім некалькі месяцаў у год. Яны там працуюць або адпачываюць. Усіх спакушае іспанскае сонца і спакойнае жыццё.

Палякі пераязджаюць у Іспанію па розных прычынах

Адны не адчуваюць сябе камфортна ў Польшчы, іншым не падабаецца палітычны клімат, сістэма адукацыі, многія проста аддаюць перавагу жыць там, дзе больш сонца і час цячэ павольней. Той, хто ў Польшчы гадамі жыў у спешцы, на поўдні Еўропы хоча навучыцца запаволіць тэмп жыцця.

Гадамі ў Іспаніі сяліліся немцы, англічане, скандынавы, галандцы, нават французы. У апошнія гады да іх далучыліся палякі. І гэта не знакамітасці, артысты і не багацеі. Там можна сустрэць лекараў, механікаў, IT-спецыялістаў, агентаў па нерухомасці, юрыстаў, прадпрымальнікаў, прадаўцоў, афіцыянтаў і афіцыянтак.

Няма лепшага доказу таго, што як грамадства палякі сталі багацейшымі

Больш чым 30 гадоў пасля падзення камунізму і 20 гадоў пасля ўступлення ў Еўрапейскі Саюз усё больш палякаў набываюць дом на поўдні Іспаніі. Няма лепшага доказу таго, што як грамадства палякі сталі багацейшымі, вывучылі замежныя мовы, проста далучыліся да Заходняй Еўропы.

Не ўсім гэта ўдалося, гэта ўсё ж дзверы, праз якія могуць прайсці не ўсе. Не забывайма, што ў эміграцыі ёсць і цёмны бок: адзінота, адчужэнне, шкляная столь.

Чаго не хапае тым, хто з'ехаў з Польшчы? Хтосьці сумуе па сям'і, па ванне з гарачай вадой (бо ў Іспаніі пераважна душ), хтосьці сумуе па польскім хлебе ці квашаных агурках. Але большасць герояў артыкула ў Newsweek пацвярджаюць: з'ехаўшы з Польшчы, жыць стала лягчэй.

яс