Польшча знаходзіцца сярод лідараў у Еўропе па колькасці людзей з празмернай вагой і атлусценнем. Польскае грамадства займаецца спортам менш, чым іншыя еўрапейцы. Нягледзячы на тое, што кожны дзясяты паляк пакутуе ад дэпрэсіі, дзве траціны ацэньваюць сваё здароўе як добрае. Гэта вынікі апошняга адзінаццатага Еўрапейскага сацыяльнага апытання па пытаннях здароўя.
Палякі ўсё менш рухаюцца, працэнт людзей, якія заяўляюць пра недахоп фізічнай актыўнасці, павялічыўся з 34% да 36%. Нядзіўна, што ажно 60% людзей маюць залішнюю вагу або атлусценне, кажа каардынатар Еўрапейскага сацыяльнага апытання, сацыёлаг Міхал Катнароўскі:
- Разам з Венгрыяй мы з'яўляемся лідарамі, калі казаць пра частату празмернай вагі і атлусцення. У нас празмерная вага выступае ў 40% апытаных, атлусценне – у чарговых 20%. То бок тое, што з’яўляецца нормай, у нашым грамадстве з’яўляецца меншасцю. У Італіі людзі з атлусценнем складаюць 6%. Італьянцы захоўваюць добрую фігуру, міжземнаморскі рацыён усё ж нешта дае.
Амаль тры чвэрці (68 працэнтаў) палякаў ацэньваюць сваё здароўе як вельмі добрае і добрае, а найбольшай праблемай са здароўем з'яўляецца боль, дадае Міхал Катнароўскі:
- Больш за палову апытаных казала, што цягам апошняга году ў іх нешта балела. Гэта быў боль галавы, суставаў, шыі, спіны. Гэта самае частае. І гэта можа адлюстроўвацца ў тым, што мы дастаткова часта купляем абязбольваючыя лекі. Другой самай частай праблемай называецца праблема з сэрцам – ціск, праблемы з рытмам сэрца.
І тут вялікае значэнне мае фізічная актыўнасць. Ніякія лекі не могуць замяніць змены ладу жыцця, гаворыць дыетолаг Малгажата Слома-Кшэсляк, каментуючы ўзрастаючую папулярнасць фармакалагічных метадаў лячэння атлусцення. Як яна падкрэсліла, здаровае харчаванне і рэгулярная фізічная актыўнасць з'яўляюцца ключом да ўстойлівых вынікаў пахудзення.
Ва ўмовах росту колькасці людзей, якія змагаюцца з атлусценнем, фармакалагічнае лячэнне становіцца ўсё больш папулярным. Яго эфектыўнасць, якая прадугледжвае зніжэнне апетыту і паляпшэнне пачуцця сытасці, часта спрыяе хуткім і простым рашэнням. Аднак, як падкрэсліваюць эксперты, гэта толькі адзін з інструментаў у барацьбе з атлусценнем.
- Дыета і фізічная актыўнасць — гэта асноўныя элементы, якія падтрымліваюць эфектыўнасць фармакатэрапіі. Рэцэптурныя лекі могуць быць карыснымі, але яны самі па сабе не гарантуюць пастаяннай страты вагі, калі мы не паклапоцімся пра правільнае харчаванне і штодзённую фізічную актыўнасць, — гаворыць дыетолаг Малгажата Слома-Кшэсляк.
Яна звяртае ўвагу на важную ролю адукацыі ў галіне аховы здароўя і ўвядзення невялікіх, але ўстойлівых змен у лад жыцця. Асабліва важным з’яўляецца рух. Пры чым не трэба адразу запісвацца ў спартзалу. 30 хвілін хады ў дзень могуць значна палепшыць сітуацыю.
Абучэнне навыкам займацца фізічнай актыўнасці павінна адбывацца з дзяцінства. Асабліва беручы пад увагу, што праблема празмернай вагі тычыцца не толькі дарослых. У Польшчы самы хуткі ўзровень павышэння вагі сярод дзяцей і моладзі ў Еўропе, і ў сярэднім 30% вучняў маюць залішнюю вагу. Гэта дадзеныя з апошняй справаздачы праекта «Фізкультура з AWF». Нягледзячы на тое, што праграма дзейнічае ўжо чатыры гады, вучні ўсё яшчэ не жадаюць займацца спортам у школах.
Прафесар Збігнеў Дзюбінскі з Акадэміі фізічнага выхавання (AWF) у Варшаве гаворыць, што нежаданне многіх вучняў наведваць спартыўныя ўрокі звязана, сярод іншага, з арганізаваным раскладам заняткаў і тым, што ранішнія фізкультурныя ўрокі часта выклікаюць у іх дыскамфорт:
- Раніцай павінны адбывацца заняткі па іншых прадметах, а пасля абеду школа павінна жыць спортам. Спорт павінен пераважаць. Павінны існаваць розныя групы, заняткі, а моладзь павінна сама выбіраць той від руху, які любіць.
Эксперт таксама звярнуў увагу на праблему, калі настаўнікі, якія адначасова праводзяць заняткі ў школе і ў спартыўным клубе, ставяцца да вучняў выбарачна, шукаючы найбольшы патэнцыял:
- Роля школы іншая, чым спартыўны клуб. Яна павінна даваць аснову, ствараць фундамент у маладога чалавека. Ён павінен быць падрыхтаваным. Ён заканчвае школу і гатовы самастойна займацца фізічнай актыўнасцю, бо ведае, што яна дапамагае вырашыць шмат яго жыццёвых праблем.
Праграма «Фізкультура з AWF», якая дзейнічае з пачатку пандэміі, накіравана на паляпшэнне якасці фізічнага выхавання шляхам павышэння фізічнай актыўнасці дзяцей і моладзі і прапаганды здаровага ладу жыцця.
ав
слухайце аўдыё