Rzeczpospolita піша, што стваральнік ChatGPT Сэм Альтман (Sam Altman) папярэджвае: штучны інтэлект зменіць рынак працы. На яго думку, чалавецтва дайшло да пункту, калі немагчыма ацаніць наступствы тэхналагічных навінак. Аднак ён чакае выбуховага росту прадукцыйнасці і беспрэцэдэнтнага павелічэння багацця.
Ці азначае імклівае развіццё штучнага інтэлекту катаклізм на рынку працы, масавыя звальненні і масавае беспрацоўе? Словы Себасцьяна Семянткоўскага (Sebastian Siemiątkowski), гендырэктара кампаніі Klarna, які сам пачаў замяняць супрацоўнікаў ботамі, можна ўспрымаць як трывожны званок. Бізнесмен польскага паходжання заявіў: страты працоўных месцаў, выкліканыя штучным інтэлектам, прывядуць да рэцэсіі. Кампаніі па ўсім свеце скарачаюць колькасць офісных працоўных месцаў, замяняючы іх працоўнымі месцамі, звязанымі са штучным інтэлектам.
У сваю чаргу, Альтман апублікаваў маніфест, у якім ён прызнае, што «надыходзяць вельмі цяжкія часы» і «цэлыя групы прафесій знікнуць». Штучны інтэлект можа ліквідаваць кожную пятую прафесію пачатковага ўзроўню для работнікаў інтэлекту. Эксперты мяркуюць, што масавых звальненняў хутчэй не будзе, затое адбудуцца «натуральныя скарачэнні» і «змены ў арганізацыйнай структуры».
Дэвід Сакс (David Sacks), дырэктар Белага дома па штучным інтэлекце, скептычна ставіцца да прагнозаў некаторых аналітыкаў, якія кажуць пра рэзкі рост беспрацоўя - нават на 20% у бліжэйшыя некалькі гадоў. На ягоную думку, цяжка цалкам замяніць чалавечую працу.
Сэм Альтман малюе карціну радыкальнай трансфармацыі, а не простага апакаліпсісу. Ён прапануе бачанне, у якім штучны інтэлект стане самым магутным інструментам у гісторыі чалавецтва, што прывядзе да росту багацця. Гэтая новая рэальнасць, сцвярджае ён, дазволіць «разгледзець новыя палітычныя ідэі, якія мы ніколі раней не маглі сабе дазволіць», маючы на ўвазе магчымасць перагляду грамадскага кантракту. Замест масавага беспрацоўя ён прагназуе «выбух прадукцыйнасці». На яго думку, спецыялісты ўсё роўна будуць значна лепшымі за пачынаючых, хоць стварэнне праграмнага забеспячэння або мастацтва будзе даступным для значна шырэйшай групы. Пры гэтым, ён прадказвае адраджэнне групы творчых людзей. Паводле яго слоў, дзякуючы рэвалюцыі штучнага інтэлекту, сённяшнія прафесіі людзям у будучым будуць здавацца такімі ж незразумелымі і непатрэбнымі, як офісная праца здавалася фермеру 1000 гадоў таму.
нг