Яно заўсёды адзначаецца ў чацвер, праз 60 дзён пасля Вялікадня, і мае характар падзякі і пакланення. Яно ўшаноўвае ўстанаўленне сакраманту Еўхарыстыі — таямніцы прысутнасці Хрыста ў постаці хлеба і віна. Гэта дзень, калі вернікі асаблівым чынам сведчаць пра сваю веру, удзельнічаюць не толькі ў Святой Імшы, але і ў еўхарыстычных працэсіях па вуліцах гарадоў і вёсак.
Працэсіі, у якіх нясуць манстранцыю з Найсвяцейшым Сакрамантам, спыняюцца ля чатырох алтароў, якія сімвалізуюць чатыры Евангеллі. Традыцыйна дзяўчаты ў белых сукенках пасыпаюць пялёсткамі кветак дарогу, а ўдзельнікі спяваюць еўхарыстычныя песні.
У Польшчы Божае Цела мае не толькі рэлігійнае, але і глыбокае культурніцкае вымярэнне. Гэта дзень, які аб'ядноўвае пакаленні і ўцягвае цэлыя мясцовыя супольнасці ў падрыхтоўку свята. Жыхары ўпрыгожваюць вокны і вуліцы зялёнымі галінкамі, кветкамі і выявамі святых.
Адным з самых маляўнічых і сімвалічных элементаў святкавання Божага Цела ў многіх рэгіёнах Польшчы з'яўляюцца кветкавыя дываны, раскладзеныя ўздоўж маршруту працэсіі. Гэты ўнікальны звычай, асабліва распаўсюджаны на паўднёвым усходзе Польшчы, з'яўляецца вынікам шматгадзіннай працы цэлых сем'яў і парафіяльных супольнасцяў. Кветкавыя дываны, якія часам цягнуцца на некалькі сотняў метраў, прадстаўляюць рэлігійныя матывы, еўхарыстычныя сімвалы, выявы святых, а таксама элементы мясцовай спадчыны.
Кветкавыя дываны – гэта неад’емны элемент святкавання на Азорскіх выспах, аўтаномнай тэрыторыі Партугаліі. Асабліва калярова яго святкуюць менавіта ў Лацінскай Амерыцы, расказвае кандыдат тэалагічных навук, філосаф і публіцыст Себыстыян Дуда:
- Некаторыя з іх незвычайна доўгія, бо, напрыклад, каля двух кіламетраў такога дывана, які рыхтуецца спецыяльна для гэтай нагоды. Гэта перш за ўсё характэрная рыса святкавання Божага Цела, асабліва ў Лацінскай Амерыцы, дзе гэтыя ўрачыстасці таксама пэўным чынам спалучаюцца з індзейскімі традыцыямі. Нам можа быць цяжка ўявіць гэта ў Польшчы, але працэсія Божага Цела ў такіх краінах, як Панама, Венесуэла і Нікарагуа, выглядаюць так: ідуць святары і літургічныя сімвалы, далей ідуць вернікі, але яны пераапранутыя. Некаторыя ў д'яблаў, дэманаў, якіх у гэтай працэсіі “прыручаюць”, а пазней выганяюць. Гэта выглядае неверагодна маляўніча і вельмі прыгожа.
Себастыян Дуда дадае, што ў свеце хапае дзіўных традыцый, звязаных са святкаваннем Божага Цела. У горадзе Бехар, недалёка ад Саламанкі ў Іспаніі, падчас Божага Цела людзі не толькі апранаюцца ў маляўнічыя касцюмы, але і шыюць адмысловыя кафтаны з моху:
- Там не толькі кветкі, не толькі працэсія з фератронамі, велізарнай манстранцыяй, якая едзе на возе. Але і мужчыны, які апранаюцца ў касцюмы з моху. Гэта вельмі характэрныя касцюмы, якія звязаны з пэўнай традыцыйнай гісторыяй. У самым Бехары, калі маўры нападалі на хрысціян, тыя хаваліся ў лесе. І каб абараніць сябе ад нападаў маўраў, яны пакрываліся мохам, бо так іх нельга было распазнаць. На працэсію Божага Цела з кавалкаў моху, прышытых да палатна, вырабляюцца вялікія кафтаны і капюшоны, у іх мужчыны ідуць падчас працэсіі на Божае Цела. Таму не толькі кветкі, але і мох.
Замежныя госці прыязджаюць паглядзець на святкаванне ў Польшчу, у прыватнасці ў Ловіч. Традыцыя ловічскай працэсіі налічвае стагоддзі і з 2014 года знаходзіцца ў Нацыянальным спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Натоўпы турыстаў уздоўж маршруту назіраюць за гэтай працэсіяй, у якой ідуць жыхары ў нацыянальных строях. Вернікі ў характэрных строях нясуць рознакаляровыя падушкі, харугвы і ферэтроны, уносячы мясцовы фальклор у прастору рэлігійнага досведу.
Іх строі — сапраўдны твор народнага рамяства. Жаночыя сукенкі могуць важыць да 18-20 кг, пашытыя з воўны і аксаміту, упрыгожаныя вышыўкай у ружы і аксесуарамі з шоўку. Мужчыны носяць аранжавыя штаны і капелюшы, упрыгожаныя кветкамі. Гэтыя багата ўпрыгожаныя касцюмы, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, з'яўляюцца сімвалам гонару і сувязі з культурай рэгіёна.
Вялікае ўражанне пакідае святкавання Божага Цела ў Баварыі. Яно адбываецца не столькі на вуліцах гарадоў, колькі на азёрах, расказвае Себастыян Дуда:
- Людзі, таксама апранутыя ў незвычайныя касцюмы, сядаюць на лодкі. Працэсія з манстранцыяй адбываецца ў такім шэрагу лодак, якія плывуць па баварскіх азёрах. Тыя, хто бачыў гэтыя ўрачыстасці ў Баварыі, кажуць, што гэта нешта неверагоднае і вельмі прыгожае.
Свята Божага Цела – адно з найстарэйшых у Каталіцкім касцёле. Яно было ўстаноўлена ў 1246 годзе. Паступова распаўсюдзілася на краіны Еўропы, а потым і цэлы свет.
Сёння ў Польшчы свабодны ад працы дзень у сувязі з каталіцкім святам Божага Цела.
ав
слухайце аўдыё