Беларуская Служба

У Польшчы рэзка ўзрасла колькасць аварый з электрасамакатамі. Улады рыхтуюць змены?

20.06.2025 11:18
З пачатку года адбылося 447 такіх здарэнняў — супраць 242 за аналагічны перыяд 2024 года. У выніку пацярпелі 416 чалавек, чатыры — загінулі.
                        .
Дэпутатка Сейму Агнешка Марыя Клопатэк у траўня звярнулася да міністра інфраструктуры Польшчы Даруша Клімчака з заклікам разгледзець магчымасць увядзення абавязковага нашэння шлемаў для карыстальнікаў электрасамакатаў.shutterstock/PavelKant

У Польшчы зафіксаваны амаль двухкратны рост аварый з удзелам карыстальнікаў электрасамакатаў. Паводле дадзеных Галоўнай камендатуры паліцыі, з пачатку года адбылося 447 такіх здарэнняў — супраць 242 за аналагічны перыяд 2024 года. У выніку пацярпелі 416 чалавек, чатыры — загінулі.

Найбольшая колькасць інцыдэнтаў зафіксавана ў Кракаве (75), далей — Познань (51), Лодзь (44) і Варшава (37).

Адным з трагічных выпадкаў стаў выпадак у Серакавіцах (Паморскае ваяводства), дзе 13-гадовы хлопчык без шлема страціў кантроль над электрасамакатам і ўдарыўся галавой аб асфальт. Ён памёр на месцы. У іншай аварыі загінула 17-гадовая дзяўчына, якая разам з сябрам не справілася з кіраваннем на павароце.

— Кіраваць электрасамакатам складаней, чым роварам. Маленькія колы не вытрымліваюць няроўнасцяў дарогі, а карыстальнікі часта ігнаруюць шлемы, што павялічвае рызыку цяжкіх траўмаў, — адзначыў Антоні Жэчкоўскі з дарожнай службы паліцыі ў каментарыі  выданню Rzeczpospolita.

Дэпутатка Сейму Агнешка Марыя Клапатэк у траўня звярнулася да міністра інфраструктуры Польшчы Даруша Клімчака з заклікам разгледзець магчымасць увядзення абавязковага нашэння шлемаў для карыстальнікаў электрасамакатаў.

«Мы не можам чакаць, пакуль чарговая сям’я страціць маці, бацьку ці дзіця. Мы не маем права заставацца абыякавымі, ведаючы, што просты элемент абсталявання — шлем — можа выратаваць жыццё. Гэта не толькі пытанне адказнасці, але і праява спагады да ахвяр і іх сем’яў», — напісала дэпутатка.

Еўрапейская рада транспартнай бяспекі заклікае ўвесці абавязковыя тэхнічныя стандарты для самакатаў, у тым ліку абмежаванне хуткасці да 20 км/г. У Польшчы ўжо дзейнічаюць правілы: язда на электрасамакатах дазволеная толькі па веласцежках, пры іх адсутнасці — па дарогах з лімітам да 30 км/г або па тратуарах —  з захаваннем асцярожнасці і хуткасцю, прыстасаванай да хуткасці пешаходаў.

эж