Беларуская Служба

Палякі лічаць, што харчовыя кампаніі ставяць прыбытак вышэй за здароўе

01.07.2025 15:06
Праблема атлусцення закранае ўжо 57 працэнтаў палякаў, што дадаткова ўскладае адказнасць за харчовую адукацыю на кампаніі.
.
.Фота з адкрытых крыніц.

Больш за 68 працэнтаў палякаў лічаць, што харчовым кампаніям больш важны прыбытак, чым здароўе спажыўцоў - гэта вынік даследавання «Давер да ежы - што думаюць палякі?», паведамляе агенцтва друку PAP.

Справаздача, падрыхтаваная агенцтвамі PRCN і SW Research, паказвае, што 7 з 10 рэспандэнтаў успрымаюць вытворцаў прадуктаў харчавання як тых, хто ў першую чаргу арыентаваны на прыбытак. Гэта паказвае на сур'ёзныя праблемы ў камунікацыі вытворцаў ежы з пакупнікамі.

«У спажыўцоў змяншаецца давер да маркетынгавых паведамленняў, пакупнікі ўсё больш стрымана ставяцца да таго, што кажуць вытворцы прадуктаў харчавання. (...) Давер да ежы, або фарміраванне даверу да харчовых прадуктаў, з'яўляецца сёння адной з ключавых рынкавых задач», - падкрэсліла ў прэс-рэлізе старшыня агенцтва PRCN Івона Кубіч (Iwona Kubicz).

Эксперты адзначаюць, што праблема атлусцення закранае ўжо 57 працэнтаў палякаў, што дадаткова ўскладае адказнасць за харчовую адукацыю на кампаніі.

«Сёння недастаткова проста сказаць, што прадукт карысны для здароўя — гэта трэба даказаць», — адзначыла Кубіч.

Эксперты падкрэсліваюць, што для аднаўлення даверу пакупнікоў патрэбна не толькі празрыстая камунікацыя, але і ўзгодненасць паміж дэкларацыямі і рэальнымі дзеяннямі кампаній. Спажыўцы ўсё часцей чакаюць пацвярджэння якасці прадуктаў праз сертыфікаты і маркіроўку, якой можна давяраць.

яс