Беларуская Служба

У Польшчы і Еўропе расце захворвальнасць хваробамі, якія перадаюцца палавым шляхам

04.07.2025 07:06
Колькасць новых выпадкаў гэтых захворванняў з 2020 года павялічылася больш чым на 300%.
,
Пара, інтымнасцьTereshchenko Dmitry/Shutterstock

У Польшчы і Еўропе расце захворвальнасць хваробамі, якія перадаюцца палавым шляхам, піша партал Onet. Ганарэя, сіфіліс, хламідыёз – хваробы, якія памылкова лічыліся рэліктам мінулага, цяпер вяртаюцца з сілай, якая здзівіла нават экспертаў.

У Польшчы ў апошнія гады назіраецца значны рост захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам (ІППШ). Згодна са справаздачай Нацыянальнага інстытуту грамадскага здароўя і Нацыянальнага інстытуту гігіены, колькасць новых выпадкаў гэтых захворванняў з 2020 года павялічылася больш чым на 300%. Толькі ў перыяд з 2021 па 2022 год колькасць зарэгістраваных выпадкаў ганарэі вырасла на 48%, сіфілісу – на 34%, а хламідыёзу – на 18%.

У адказ на гэтую трывожную тэндэнцыю ў красавіку 2024 года была запушчаная новая стратэгія барацьбы з ІППШ, распрацаваная Нацыянальным цэнтрам па барацьбе са СНІДам у супрацоўніцтве з Галоўнай санітарнай інспекцыяй.

Падобныя тэндэнцыі росту палавых інфекцый назіраюцца і ў іншых еўрапейскіх краінах. Згодна з апошняй справаздачай Нацыянальнага інстытуту грамадскага здароўя Нідэрландаў, колькасць выпадкаў такіх інфекцый, як ганарэя, сіфіліс, хламідыёз і ВІЧ, пастаянна расце з 2014 года, дасягнуўшы найвышэйшага ўзроўню за апошнія гады.

Рэальная лічба выпадкаў заражэнняў можа быць значна вышэйшая за афіцыйныя дадзеныя. Многія людзі не звяртаюцца да ўрача з-за сораму ці страху, а некаторыя лечацца прыватна – статыстыка з прыватных паліклінік часта не трапляе ў санітарна-эпідэміялагічныя станцыі і Нацыянальны інстытут гігіены, таму яна не ўключаная ў афіцыйныя дадзеныя.

вс