Беларуская Служба

«Баяцца, але пішуць»: каму цяпер дапамагае Задзіночанне беларускіх студэнтаў

07.07.2025 12:09
Што аб’ядноўвае маладых беларусаў? Як дзейнічае арганізацыя, якую баіцца рэжым? ЗБС — не толькі пра студэнцтва, але пра будучыню краіны.
Аўдыё
  • «Баяцца, але пішуць»: каму цяпер дапамагае Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў
          .
У ЗБС распрацавалі інфагід пра несправядлівае размеркаванне і «адпрацоўкі» пасля ВНУ.Фота: https://www.zbsunion.org/aboutUs

Задзіночанне беларускіх студэнтаў (ЗБС) — гэта найстарэйшая моладзевая арганізацыя незалежнай Беларусі, заснаваная яшчэ ў 1992 годзе. З таго часу яна прайшла шлях ад легальнага саюзу студэнтаў да падпольнай супольнасці, а цяпер працягвае дзейнічаць у выгнанні. Але нават на чужыне Задзіночанне працягвае змагацца за правы беларускіх студэнтаў, як тых, хто застаўся ў Беларусі, так і тых, хто атрымлівае адукацыю ў еўрапейскіх краінах. 

— Мы стараемся рабіць усё, што ад нас залежыць. Хоць сапраўды, гэта ўжо экзістэнцыйнае пытанне: на што мы можам уплываць, які ў нас рэсурс, — кажа Ніна, адна з актывістак ЗБС у Польшчы.

Паводле яе, арганізацыя рэгулярна абмяркоўвае, хто сёння яе асноўная аўдыторыя: беларусы ўнутры краіны ці тыя, хто з'ехаў.

— Мы не адмаўляемся ад дапамогі тым, хто застаўся ў Беларусі. У нас ёсць праекты і для іх, і для беларусаў за мяжой. Напрыклад, нядаўна мы распрацавалі інфагід пра несправядлівае размеркаванне і «адпрацоўкі» пасля ВНУ. Мы таксама надаём юрыдычную дапамогу — і тым, хто ў Беларусі, і тым, хто ўжо з’ехаў.

Ніна распавядае пра нядаўні аналітычны дакумент («полісі-пэйпер») па пытанні пашпартоў для беларускіх эмігрантаў у Нарвегіі. Арганізацыя спрабуе быць мастом паміж дзвюма рэальнасцямі беларускага студэнцтва: унутры краіны і па-за межамі.

— Але праўда ў тым, што людзі баяцца. Мы бачым, як мала тых, хто звяртаецца да нас праз чат-боты. Людзі вельмі дбаюць пра сваю бяспеку. І цяпер мы думаем, як перафарматаваць камунікацыю, каб яна была яшчэ больш бяспечнай і даступнай, — падкрэслівае актывістка.

Адной з праблем Ніна называе «сепарацыю» паміж тымі, хто з'ехаў, і тымі, хто застаўся. Прычыны — аб’ектыўныя: для многіх, хто выехаў, на першы план выходзіць адаптацыя, праблемы з дакументамі, новай мовай ды інтэграцыяй.

— Людзі, што з’ехалі маладымі, без сацыяльнага капіталу, сутыкаюцца з цяжкасцямі, і клопат пра тых, хто застаўся, часта адыходзіць у цень. Але мы не забываемся пра гэтых людзей.

Па дадзеных ЗБС, у Польшчы навучаюцца дзясяткі тысяч беларускіх студэнтаў — і гэта другая па колькасці група замежных студэнтаў у краіне. Таму Задзіночанне распачало праект «Суполкі», мэта якога — аб’яднаць беларусаў, якія жывуць у адных гарадах, вучацца ў адных універсітэтах, але часта нават не ведаюць адзін пра аднаго.

— Мы праводзілі сустрэчы ў Варшаве, Кракаве, Любліне, Познані, Лодзі. Гэта былі інтэграцыйныя сустрэчы, лекцыі, вебінары. Мы хочам, каб людзі знайшлі адзін аднаго, а потым разам будавалі супольнасць. Поспехі на гэтым кірунку ёсць, і яны вельмі цешаць. 

ЗБС таксама актыўна супрацоўнічае з польскімі арганізацыямі, у тым ліку з Незалежным задзіночаннем студэнтаў (Niezależne Zrzeszenie Studentów — NZS).

— Нядаўна мы разам праводзілі кампанію для польскай аўдыторыі пра Беларусь. Было прыемна бачыць, як шмат палякаў прыйшло паслухаць пра нас, пра нашы выклікі. Пасля сустрэчы працягнулі размову ў нефармальнай абстаноўцы. Гэта вельмі каштоўны досвед — бачыць, як працуе студэнцкае самакіраванне ў еўрапейскіх краінах і да чаго нам варта імкнуцца.

У 2020 годзе ЗБС заняў актыўную грамадскую пазіцыю, не прызнаўшы вынікі выбараў, патрабуючы спынення гвалту і адстаўкі Лукашэнкі. Гэта прывяло да рэпрэсій і страты часткі структуры, але стала штуршком для перафарматавання: цяпер ЗБС — кааліцыя незалежных студэнцкіх ініцыятыў з фокусам на інтэлектуальную супольнасць будучыні.

— Мы ўсё яшчэ тут, мы не зніклі, і мы будзем працаваць далей, — падсумоўвае Ніна.

Слухайце аўдыё!

эж