Увядзенне пастаяннага летняга часу на працягу ўсяго года, без змены стрэлак гадзіннікаў у сакавіку і кастрычніку, становіцца ўсё больш рэальным. Парламенцкі законапраект, унесены дэпутатамі Польскай сялянскай партыі, прадугледжвае адмову ад існуючай практыкі пераводу стрэлак.
Актуальна ў Польшчы дзейнічае закон з 2003 года, які прадугледжвае змену часу два разы ў год: у апошнюю нядзелю сакавіка і апошнюю нядзелю кастрычніка. Калі дэпутатам удасца прыняць новы закон, то змены ўступяць у жыццё 1 сакавіка 2026 года. Гэта азначае, што апошні перавод стрэлак адбудзецца ў кастрычніку 2025 года.
Змена часу ў краінах ЕС рэгулюецца дырэктывай з 2000 года. У 2019 годзе Еўрапейская камісія паведаміла пра планы адмовы ад змены часу, аднак гэтае рашэнне прынятае так і не было. У тэорыі, дзяржавы-члены могуць самастойна ўвесці пастаянны час, але пастанова патрабуе праінфармавання Камісіі і каардынацыі з іншымі краінамі ЕС. На практыцы гэта азначае, што Варшава можа прыняць такое рашэнне самастойна, але яго неабходна пракансультаваць з Бруселем, каб пазбегнуць хаосу на транспарце, у гандлі і міжнародным супрацоўніцтве. Дарэчы, у 2018 годзе Еўракамісія правяла апытанне наконт змены часу, і больш за 80% жыхароў супольнасці выказаліся за тое, каб адмовіцца ад пераводу стрэлак вясной і восенню.
Змена часу дзейнічае ў Польшчы з 1977 года, хоць першыя спробы яе ўвядзення мелі месца ў 1940-х гадах. У Еўропе перавод стрэлак быў матываваны эканоміяй энергіі, хоць цяпер гэтае пытанне стала менш актуальным у сувязі з развіццём энергаашчадных тэхналогій.
вс