Беларуская Служба

Каталіцкае пахаванне падвойнага забойцы выклікала сумневы ў грамадстве

09.07.2025 13:30
Тэолаг паясняе, што Касцёл адмаўляе ў каталіцкім пахаванні толькі тым, хто свядома здзейсніў смяротны грэх.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. vlanka/pixabay.com/CC0 Public Domain

7 ліпеня ў касцёле ў Каменіцы(Kamienica) ў Ліманоўскім павеце адбылося пахаванне Тадэвуша Дуды, які адказвае за падвойнае забойства сваёй дачкі і зяця ў невялікай вёсцы Стара Весь(Stara Wieś) на поўдні Польшчы.

Нагадваем, цела мужчыны было знойдзена 1 ліпеня пасля некалькіх дзён буйнамаштабнай паліцэйскай аблавы. Паводле паліцыі, мужчына здзейсніў самагубства. Калі стала вядома, што пахаванне мела каталіцкі характар, у сацыяльных сетках з'явілася шмат крытыкі. Паводле слоў інтэрнэт-карыстальнікаў, мужчына не заслугоўваў такога пахавання.

Агенцтва PAP спытала ў каталіцкага ксяндза пра пазіцыю Касцёла адносна такіх радыкальных падзеяў. Доктар тэалогіі, дацэнт Кафедры дагматычнай тэалогіі і духоўнасці Тэалагічнага факультэта Сілезскага ўніверсітэта ў Катавіцах ксёндз Гжэгаж Стшэльчык, падкрэсліў, навязваючы да згаданага падвойнага забойства, што адбылося нешта жахлівае і страшнае – гэта «не выклікае сумненняў», аднак Касцёл заўсёды аналізуе, ці здзейсніў чалавек злы ўчынак цалкам свядома, ці, магчыма, не цалкам усведамляў, што робіць.

«Касцёл адмаўляе ў каталіцкім пахаванні толькі тым, хто здзейсніў публічны смяротны грэх», – падкрэсліў святар.

Смяротны грэх, паводле вучэння Каталіцкага Касцёла, гэта цяжкае парушэнне Дэкалога, якое аддзяляе чалавека ад Бога і пазбаўляе яго асвячальнай ласкі. Аднак, каб грэх лічыўся смяротным, павінны быць выкананы тры ўмовы: сурʼёзнасць прычыны, поўнае ўсведамленне граху і добраахвотнасць.

На думку тэолага, падыход Касцёла быў бы зусім іншы, калі б чалавек здзейсніў злачынства свядома, а потым – замест таго, каб саромецца зробленага і жадаць адкупіць віну – ён адчуваў б гонар за свой учынак. У такім выпадку ён не заслугоўваў бы каталіцкага пахавання.

На пытанне, ці такі чалавек, як згаданы Тадэвуш Дуда, улічваючы цяжкасць злачынстваў, у якіх яго абвінавачваюць, мае шанец – у адпаведнасці з каталіцкай рэлігіяй – трапіць у «рай», тэолаг адказаў, што спадзяецца на гэта.

Ксёндз Гжэгаж Стшэльчык нагадаў, што Бог ёсць міласэрны. І – як падкрэслівае Касцёл – кожны чалавек, нават у апошні момант свайго жыцця, можа да Яго звярнуцца.

аз

Трыццаць жанчын былі забітыя з пачатку года ў Польшчы. «Самы небяспечны момант, калі жанчына вырашае кінуць аб’юзера»

13.05.2025 18:28
За гэтымі лічбамі стаяць трагічныя гісторыі. І далёка не ўсе яны трапляюць на першыя старонкі газет.