Шматлікія беларусы, якія былі прымушаныя пакінуць сваю радзіму пасля 2020 года, пасяліліся на польскай Беласточчыне (рэгіён Падляшша).
Але таксама і беларусы, якія паехалі жыць у іншыя польскія ці еўрапейскія гарады, з сентыментам адносяцца да памежнага польскага рэгіёну, дзе з некаторых месцаў можна нават убачыць Гродна.
Усё часцей беларускія эмігранты выбіраюць Падляшша на месца летняга адпачынку. Наш карэспандэнт паразмаўляў з Вольгай і Алесем, якія ўжо другі раз наведалі Падляшша летам – вёску Ланева ў гміне Чыжы ў Гайнаўскім павеце. Мы запыталі, чаму яны выбралі менавіта гэты польскі рэгіён для адпачынку?
Алесь: Мы ў Беларусі жылі ў вялікі горадзе, у Мінску, і прывыклі да таго, што кожныя выходныя і кожнае лета мы ездзілі на вёску. І гэта тое, чаго тут нам абсалютна не хапае, таму што мы мусім жыць у Варшаве, але вёскі ў нас тут ужо няма. А на Падляшшы мы адчуваем сябе як дома! Тут усё падобнае да тых мясцінаў у Беларусі, куды мы ездзілі адпачываць. Тут і людзі здаюцца вельмі блізкімі! Гаворка мясцовая таксама зразумелая нам абсалютна інтуітыўна. І гэта нам вельмі дапамагае. Гэта для нас такая летняя псіхатэрапія.
Адно – гэта прыехаць на вёску і прасядзець два тыдні, а іншае – гэта яшчэ нешта пабачыць. Што атрымалася пабачыць на Падляшшы?
Вольга: Мы з’ездзілі ў Белавежу. Там пабачылі рэзерват зуброў, наведалі краязнаўчы музей, таксама старую чыгуначную станцыю. У Бельск ездзілі, у Гайнаўку. Але мы не ставілі за мэту нешта цікавае пабачыць. Перш за ўсё мы хацелі проста пабыць у вёсцы, падыхаць вясковым паветрам. Мы праязджалі праз вёскі, дзе даволі шмат фермаў, дзе каровы. І там такі пах супер знаёмы для мяне!
Мая мама з Заходняй Беларусі, таму пах фермы для мяне, можна сказаць, родны. Для мозга можна закрыць вочы, але пахі, гукі яны вяртаюць нас проста да дому, таму што я ў вёсцы той, можна сказаць, і вырасла. Я, праўда, нарадзілася ў Мінску, але з двух месяцаў мяне вазілі ў вёску на ўсе канікулы. Калі мы з’ехалі з Мінску, мне Мінск не сніцца... Мне зніцца толькі мая вёска.
І тут гэта такая псіхатэрапія ці па-іншаму – месца, дзе мая ўнутраная батарэйка падзараджаецца, таму што ў Варшаве я сябе абсалютна не адчуваю дома. А вось тут гэта набліжае крыху да таго, што было ў Беларусі.
Размаўляў Яраслаў Іванюк
слухайце аўдыёфайл