Я сам хіліўся да царквы
Айцец Сяргей — грэка-каталіцкі святар, адміністратар грэка-каталіцкай парафіі ў польскім Торуні. Успамінаючы свой шлях да святарства, ён адзначае, што сям’я яго не была асабліва набожнай, але сам з дзяцінства цягнуўся да царквы.
— Першапачаткова я фармаваўся і служыў ва Украіне. Потым, працуючы ў медыя, зразумеў, што патрабую адпаведнай адукацыі. Паехаў у Торунь, вучыўся тут у Акадэміі сацыяльнай і медыякультуры, дзе вывучаў журналістыку. Пасля заканчэння акадэміі крыху працаваў у Кракаве. Аднак неўзабаве ўзнікла патрэба ў душпастарстве грэка-католікаў у Торуні і ваколіцах. Біскуп Аркадзь Труханоўскі запрасіў мяне прыехаць сюды для гэтай працы.
Мы пачалі размову пра гісторыю грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі. Айцец Сяргей распавядае, што сам быў ахрышчаны ў праваслаўнай царкве, але вера і жыццёвыя абставіны прывялі яго ў грэка-каталіцтва.
Я гарманічна пачуваю сябе ў грэка-каталіцкай царкве
— Калі глядзім у гісторыю, а я, будучы студэнтам, яе спецыяльна вывучаў, бачым: грэка-каталіцкая царква адыграла важную ролю ў фармаванні беларускасці, беларускай духоўнасці. Яна была агульнай для беларусаў і ўкраінцаў. Нават частка сучаснай Расіі, сённяшні Смаленск, дзе жылі этнічныя беларусы, таксама мела грэка-каталіцкія парафіі.
Для мяне грэка-каталіцкая царква была духоўна сваёй, хоць выхаваны я быў у праваслаўі. Але сэрца маё заўсёды ляжала ў бок каталіцкай традыцыі. І натуральна, калі праваслаўны чалавек набліжаецца да каталіцтва, ён часта знаходзіць сябе менавіта ў грэка-каталіцкай царкве. Я гарманічна пачуваю сябе тут. Спосаб малітвы мне цалкам адпавядае, таму я прыняў рашэнне стаць грэка-каталіцкім святаром. Вучыўся ва Украіне, там служыў, а пазней мяне запрасілі на навучанне і душпастарскую працу ў Польшчу.
Айцец Сяргей адзначае, што хоць і з’яўляецца беларусам, але не належыць да структуры беларускай грэка-каталіцкай царквы.
— Я належу да супольнасці рэдэмптарыстаў, служу як у рыма-каталіцкай, так і ў грэка-каталіцкай цэрквах. Ёсць такая магчымасць адначасова служыць у двух абрадах. Я таксама належу да структуры грэка-каталіцкай царквы ў Польшчы. У асноўным яна складаецца з украінцаў, і мы молімся па-ўкраінску. Так склалася, што я не служыў у структурах Беларускай грэка-каталіцкай царкве, а ў Беларусі яна існуе і, наколькі магчыма, развіваецца.
— А ці ёсць беларускія грэка-католікі ў Польшчы? Якая іх сітуацыя?
— Як я ўжо казаў, у Польшчы большасць вернікаў грэка-каталіцкай царквы — украінцы. Але ёсць і беларусы, якія з’яўляюцца грэка-католікамі. Некаторыя з іх прыходзяць на ўкраінскія службы, іншыя ствараюць свае супольнасці. Ёсць душпастырства ў Варшаве, супольнасці ў Беластоку і Кракаве, дзе вернікі збіраюцца і моляцца па-беларуску.
Кінулі ў ваду: вучыся плаваць
Айцец Сяргей не хавае, што ў Польшчы грэка-каталіцкая царква — гэта царква меншасці. Але адзначае, што там, дзе няма сваіх храмаў, заўсёды на дапамогу прыходзяць рыма-католікі.
Я пытаюся ў айца Сяргея, як яму асабіста давялося інтэгравацца ў польскае грамадства, з якімі цяжкасцямі сутыкаўся.
— Гэта быў не першы такі досвед. У 2011 годзе, калі я прыехаў ва Украіну, быў там адзіным беларусам сярод украінцаў і таксама праходзіў шлях інтэграцыі. Вучыў мову, імкнуўся зразумець ментальнасць мясцовых людзей. Падобнае адбылося і ў Польшчы. Я жыву ў польскамоўным асяроддзі, я адзіны беларус у нашым манастыры. Таму гэта адбывалася натуральна. Нас яднае тое, што мы з’яўляемся часткай інтэрнацыянальнай супольнасці. У нашу кангрэгацыю ўваходзяць прадстаўнікі 75 краін свету, таму сярод братоў пануе інтэрнацыянальны дух. Мне, відаць, было прасцей яшчэ і таму, што не існавала нейкай «бурбалкі», у якой я мог бы схавацца інфармацыйна і моўна. Я адразу мусіў вучыцца гаварыць па-польску, камунікаваць. Гэта і дапамагло: кінулі ў ваду — і вучыся плаваць. Я навучыўся.
Ніхто нікога сілай у царкву не вядзе
Я пытаюся ў айца Сяргея, што, на яго думку, дае чалавеку рэлігія ў эміграцыі. Ці дапамагае яна пераадольваць цяжкасці?
— Вядома, жыццё ў эміграцыі мае свае выклікі, але і адкрывае магчымасці. Людзі хочуць збірацца разам, мець сваю супольнасць, каб памаліцца так, як іх вучылі з дзяцінства. Людзям патрэбная традыцыя.
Перад імі стаяць жыццёвыя выклікі: праца, іншая краіна, іншая мова. І гэтыя выклікі патрабуюць малітвы, духоўнага засяроджвання. Менавіта гэта яны і знаходзяць у супольнасцях — грэка-каталіцкай, рыма-каталіцкай або іншай.
Я пытаюся таксама, як у Польшчы адчуваюць сябе праваслаўныя беларусы.
— Ёсць праваслаўныя вернікі, якія знаходзяць сабе тут праваслаўныя парафіі. У Польшчы праваслаўе існуе, і нашы браты праводзяць літургіі па-беларуску, напрыклад, у Варшаве. Некаторыя знаходзяць сябе ў грэка-каталіцкай царкве, нехта — у рыма-каталіцкай. Гэта натуральны працэс: ніхто нікога сілай у царкву не вядзе. Туды, дзе чалавек адчувае сябе добра, дзе знаходзіцца ягонае сэрца, туды ён і пойдзе. Тут няма прыгоннага права. Беларусы, калі прыходзяць у царкву, робяць гэта свядома.
Разважаючы пра эміграцыю, айцец Сяргей расказвае, што зараз чытае кнігу вядомага грэка-каталіцкага святара Льва Гарошкі. Ён быў беларусам, напачатку ХХ стагоддзя вучыўся ва Украіне, працаваў на Радыё Ватыкан. Айцец Сяргей адзначае: тое, што Гарошка пісаў пра эміграцыю ў свой час, вельмі падобнае да сённяшняй сітуацыі. Маўляў, гісторыя паўтараецца. Бог дае нам магчымасці, і мы павінны іх выкарыстаць.
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл