Беларуская Служба

Бельгійскія ўніверсітэты сутыкнуліся з праблемай – усё больш выпадкаў злоўжывання штучным інтэлектам

20.08.2025 17:17
Штучны інтэлект, які разглядаецца як інструмент, можа дапамагчы многім людзям значна спрасціць свае задачы і павысіць сваю эфектыўнасць. Аднак ёсць праблема злоўжывання ўсімі тыпамі моўных мадэляў.
.
.undetectable.ai

Бельгійскія СМІ паведамляюць, што злоўжыванне штучным інтэлектам становіцца значнай праблемай, хоць гэта цяжка даказаць.

«Часам, чытаючы дысертацыю студэнта, узнікае пачуццё трывогі. Вы ведаеце, што нешта не так, але часта не можаце даказаць, што ўся праца была напісана генератыўным штучным інтэлектам», – гаворыць прафесар Стывен Вандэрпутэн з Генцкага ўніверсітэту.

Ён адзначыў, што ў выкладчыкаў цяпер няма інструментаў для выразнага пацверджання аўтарства. Калі доказаў няма, выкладчыкам часта даводзіцца адмаўляцца ад дысцыплінарных мер.

Паводле дадзеных Генцкага ўніверсітэту, штучны інтэлект фігураваў у 19 з 73 працэдур плагіяту ў 2022/2023 навучальным годзе. Праз год было зафіксавана 13 такіх выпадкаў, у тым ліку тры ў магістарскіх дысертацыях. Падобныя тэндэнцыі прадэманстраваў Каталіцкі ўніверсітэт Левена (KU Leuven), дзе колькасць выпадкаў павялічылася з 18 да 23 на працягу года.

Прафесар літаратуры Пітэр Вермелен з Каталіцкага ўніверсітэту Левена адзначыў, што ўплыў штучнага інтэлекту бачны нават там, дзе няма доказаў злоўжыванняў – аналізы становяцца больш павярхоўнымі, а працы – усё больш падобнымі.

Тым часам прафесар Вінцэнт Джыніс з Брусельскага свабоднага ўніверсітэту мяркуе, што штучны інтэлект «дэмакратызаваў» магчымасць перадаваць задачы знешнім «памочнікам».

Даследаванні паказваюць, што ў 2025 годзе да 92% студэнтаў у Вялікабрытаніі выкарыстоўваюць інструменты штучнага інтэлекту для выканання акадэмічных заданняў, у параўнанні з 66% годам раней.

Універсітэты спрабуюць рэагаваць, даручаючы студэнтам больш частковых заданняў і ўводзячы абавязковыя вусныя прэзентацыі, каб палегчыць выяўленне несумленнай практыкі. Аднак эксперты прызнаюць, што барацьба з махлярствам з выкарыстаннем штучнага інтэлекту падобная на гонку паміж егерамі і браканьерамі, і ніводны з бакоў не мае перавагі.

forsal.pl/вх