Беларуская Служба

Крыптавалюты – новы від паводніцкіх залежнасцей, папярэджваюць псіхолагі

22.08.2025 14:05
Паводле іх, рынак крыптавалютаў – гэта не проста прастора для фінансавых інавацый, але таксама асяроддзе, якое спрыяе развіццю сур’ёзных залежнасцей.
.
Крыптавалюта. ІлюстрацыяShutterstock/Chinnapong

Усё больш палякаў інвестуюць у крыптавалюты, але частка з іх робяць гэта «праблематычным» чынам, які нагадвае азартныя гульні, вынікае з апошняга даследавання Інстытута псіхіятрыі і неўралогіі, паведамляе агенцтва PAP.

Даследаванне, праведзенае па замове Нацыянальнага цэнтра прафілактыкі залежнасцей, паказала, што ажно 31% інвестараў праяўляе мадэль паводзін, якая вызначаецца як «праблемная», то бок звязаная са стратай кантролю над часам, фінансамі і эмоцыямі. Характэрна, што 28% апытаных інвестараў таксама праяўляе сімптомы гэтак званай праблемнай азартнай гульні.

Паводле суаўтара даследавання, сацыёлага Інстытута прыкладных сацыяльных навук Варшаўскага ўніверсітэта Міхала Буяльскага, гэта асабліва тычыцца кароткіх часовых гарызонтаў, высокай рызыкі і псіхалагічных механізмаў, характэрных для азартных гульняў, такіх як абавязак кампенсаваць страту, пошук хвалявання або рызыка, звязаная з магчымай стратай.

«Праблемныя інвестыцыі» ў крыптавалюты ўсё больш нагадваюць азартныя гульні

«Інвеставанне – гэта не азартная гульня, але некаторыя яе формы, асабліва тыя, што заснаваныя на спекуляцыях, наўмысна маюць рысы «азартных гульняў» – выкарыстоўваюць механізмы, вядомыя з азартных гульняў, каб павялічыць эмацыйную актыўнасць карыстальнікаў», – падкрэсліў даследчык.

Ён таксама звярнуў увагу на тэхналогіі – сучасныя інвестыцыйныя праграмы, даступныя кругласутачна, выкарыстоўваюць алгарытмы, якія аналізуюць паводзіны карыстальнікаў і адаптуюць свае прапановы такім чынам, каб падтрымліваць іх у пастаянным стане напружання і эмацыйнага ўзбуджэння.

Mужчына ва ўзросце 30-40 гадоў

Профіль «праблемнага» інвестара ў крыптавалюты ў Польшчы – гэта, часцей за ўсё, імпульсіўны мужчына ва ўзросце 30-40 гадоў з універсітэцкай адукацыяй, які шукае эмоцый і, у той жа час, часта змагаецца з адзінотай, стрэсам або страхам.

«Нашае даследаванне паказвае, што праблемныя інвестыцыі ў крыптавалюты і азартныя гульні маюць амаль аднолькавыя псіхалагічныя карані. Гэта не толькі эканамічная, але і сацыяльная і культурная з'ява, што падмацоўваецца сучасным наратывам поспеху, мужнасці і хуткага багацця», – дадаў доктар Буяльскі.

У 2023-2024 гадах колькасць інвестараў у крыптавалюты ва ўсім свеце павялічылася амаль на 34%, перавысіўшы 560 мільёнаў чалавек. У Польшчы 11,7% рэспандэнтаў паведамляюць, што валодаюць імі.

Між тым, праведзеныя ў Польшчы даследаванні, сведчыць аб высокім узроўні ўцягнутасці: 21% рэспандэнтаў інвеставалі ў крыптавалюты хаця б раз на тыдзень, 5% рабілі гэта штодня або амаль штодня, а 31% штодня правяралі каэфіцыенты. У той жа час ажно 86,5% апытаных інвестараў таксама займаюцца азартнымі гульнямі, у першую чаргу ў анлайн-букмекерскіх канторах і латарэях.

Гэтак званыя праблемныя інвестыцыі могуць закранаць ажно 31% рэспандэнтаў-інвестараў у крыптавалюты, 9 з 10 з якіх адпавядаюць крытэрам высокарызыкоўных гульнявых паводзінаў.

Рынак крыптавалютаў – гэта не проста прастора для фінансавых інавацый

«Наша даследаванне выразна паказвае, што рынак крыптавалютаў – гэта не проста прастора для фінансавых інавацый. У многіх выпадках ён становіцца асяроддзем, якое спрыяе развіццю залежнасцей, якія могуць мець сурʼёзныя наступствы для псіхічнага здароўя», – падкрэсліў доктар Міхал Буяльскі.

На яго думку, праблемныя інвестыцыі ў крыптавалюты варта разглядаць як новую, растучую пагрозу паводніцкіх залежнасцей. Таму неабходныя прафілактычныя, адукацыйныя і тэрапеўтычныя меры, каб абмежаваць негатыўныя наступствы гэтай зʼявы – як індывідуальныя, так і сацыяльныя.

аз

Палякі паступова набіраюць давер да крыптавалютаў

20.05.2025 14:30
Палякі купляюць крыптавалюты па розных прычынах – не заўсёды, каб зарабіць.