1 верасня ў Польшчы распачынаецца школьны навучальны год. Паводле ацэнак Міністэрства адукацыі Польшчы, у 2025/2026 навучальным годзе ў школах будзе 4,89 млн вучняў, сярод якіх каля 30 тысяч малых грамадзянаў Беларусі.
Адукацыйную падтрымку для беларускіх дзяцей і кансультацыі для бацькоў у Варшаве ладзіць Акадэмія добрай адукацыі, арганізаваная праз Таварыства добрай адукацыі.
Таварыства вядзе дзейнасць 13 школ і ўстаноў асветы ў Польшчы і на працягу пяці гадоў супрацоўнічае з настаўнікамі з Беларусі.
Псіхолаг Наталля Барысёнак, якая працуе з дзецьмі і падлеткамі ў межах Школы добрай адукацыі ў Варшаве, лічыць, што беларускія дзеці ў польскай сістэме адукацыі — адна з найбольш уразлівых груп:
«Нашы беларускія дзеці, на жаль, яны самыя неабароненыя, на мой погляд, у гэтай краіне. Бо для ўкраінскіх дзяцей створана сістэма падтрымкі, украінскія псіхолагі таксама ёсць паўсюдна, і іх шмат, ініцыятывы таксама накіраваны на ўкраінцаў.
А нашы дзеці выключаныя. Ім палякі часта кажуць: З'язджайце назад ва Украіну. Яны адказваюць: Мы з Беларусі. Ці ўкраінцы кажуць: Вы рускія, дадому! Замкнёнае кола. А дзеці застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі. І ў гэтым, на мой погляд, самая вялікая праблема: нашы дзеці трохі іншыя, яны не праз вайну вымушаныя пераехаць. Для іх у Беларусі была нейкая відавочная бяспека: яны хадзілі ў школу, з іх перспектывы ўсё было добра, вучыліся, мелі свае цікавасці сяброў. Яны пераязджаюць сюды — становяцца выключанымі з супольнасці, а сістэмна гэту праблему ніхто не вырашае.
Добра, калі ёсць магчымасць гуртавацца вакол уласна такой супольнасці, як Акадэмія добрай адукацыі, яка дазваляе мінімізаваць выклікі адаптацыі ў польскую сістэму, адначасова захоўваючы беларускія сэнсы. Для падлеткаў асабліва важна мець магчымасць быць у супольнасці», — кажа псіхолаг.
Арцём (імя зменена па просьбе суразмоўцы) нядаўна разам з бацькамі пераехаў у Польшчу, маладзён абраў дыстанцыйную форму навучання пры падтрымцы Акадэміі добрай адукацыі. Ён тлумачыць свой выбар так:
«Па-першае, адразу пераходзіць у польскую школу даволі складана, бо мова яшчэ не на ўзроўні, як у палякаў. Гэта было б магчыма, але, на маю думку, лепш развівацца паступова: спачатку ў такой змешанай сістэме, а павольна ўваходзіць. Гэты аптымальны варыянт — атрымліваць адукацыю і павольна але паспяхова інтэгравацца ў польскую культуру і грамадства.
Мы прыходзім у школу тры дні на тыдзень, і з намі займаюцца лепшыя беларускія настаўнікі, таму праблем з падрыхтоўкай няма. Па профільных прадметах польскія настаўнікі праводзяць дадатковыя заняткі на польскай мове і разам з польскімі вучнямі — гэта інтэграцыя праз навучальны працэс».
Беларускі кансультацыйны пункт пры Акадэміі добрай адукацыі ўзначальвае Ягор Сурскі, педагог з міжнародным досведам работы:
«Мы прапануем для беларускіх дзяцей і моладзі адукацыйны праект, які забяспечыць ім з аднаго боку выкананне польскага абавязку навучання ў пачатковай і сярэдняй школе і ліцэі, а з другога — вывучэнне мовы, гісторыі і культуры Беларусі. У нас вельмі добрая дынаміка. Мы пачыналі з суботняй школы ў Варшаве на базе прыватнай польскай школы. Праз год з'явілася магчымасць працягнуць і пашырыць гэты фармат у Познані і Гданьску.
Цяпер у нас ёсць стацыянарныя ліцэйскія групы з першага па чацвёрты клас: дзеці, якія на хатнім навучанні, могуць наведваць заняткі і атрымліваць кансультацыі, паспяхова падрыхтавацца да экзаменаў. Такім чынам, з гэтага года структурна мы самаарганізаваліся ў Ліцэй. Гэта вельмі важна, бо ініцыятыва спачатку стваралася для падтрымкі дзяцей з Беларусі ў адаптацыі да польскай сістэмы.
Мы бачым, што такая падтрымка зніжае рызыку складанай адаптацыі і дае магчымасць дзецям мець роўныя магчымасці для развіцця і далейшага навучання на ўзроўні польскіх ВНУ. Агулам зараз праз наш праект у Варшаве, Гданьску і Познані праходзіць каля 200 дзяцей і маладзёнаў», — патлумачыў педагог.
Важную ролю для вучняў беларускага аддзялення Акадэміі добрай адукацыі адыгрывае захаванне нацыянальнай тоеснасці праз заняткі ў школкцы выходнага дня. Адна з вучаніц, Анатасія (імя зменена па просьбе суразмоўцы), кажа, што такая магчымасць унікальная:
«Тут вельмі прыемная атмасфера, усе людзі добрыя, калі нешта не ведаеш — дапамогуць і растлумачаць. Ёсць магчымасць вучыцца на беларускай мове: выкладчыкі праводзяць заняткі па беларускіх прадметах. Я чытаю кнігі па-польску, але стараюся не забываць беларускую. Беларуская мова вельмі класна гучыць, і я не хацела б яе згубіць у гэтым свеце», — кажа дзяўчына.
Такім чынам, беларуская адукацыйная прапанова ў Польшчы, сярод іншага, уключае магчымасць хатняга навучання пры падтрымцы Акадэміі добрай адукацыі з моцным беларускім акцэнтам у выглядзе суботняй школкі. Удзел у суботняй школцы не выключае традыцыйнага вочнага навучання ў звычайных польскіх школах. Гэта комплексны падыход, які спалучае адаптацыю ў польскай сістэме і захаванне беларускай тоеснасці.
Слухайце аўдыё!
эж