Беларуская Служба

Беларуская эмігрантка: «У Польшчы я забылася, што пакаваць да трывожнага чамаданчыка»

02.09.2025 06:12
Яна прайшла ўсе няпростыя этапы эміграцыі і цяпер адчувае сябе спакойна. Беларусь згадваецца, але ёй падабаецца і ў Польшчы.
Аўдыё
  • Беларуская эмігрантка: «У Польшчы я забылася, што пакаваць да трывожнага чамаданчыка»
ПознаньБеларуская служба Польскага радыё

Перыяд адаптацыі расцягнуўся на паўгода

Аліна прыехала ў Польшчу амаль два гады таму. Згадвае, што многае было для яе тады новым. Кажа, што проста не было, але тым не менш, як і іншыя эмігранты, імкнулася пераадолець цяжкасці.

— Перыяд адаптацыі ў мяне працягваўся недзе каля паўгода. Яшчэ да пераезду пачала вывучаць польскую мову ў Беларусі на курсах, але тут зразумець палякаў было складана. Усе гавораць хутка, і ты можаш зразумець толькі пачатак і канец сказа. Таму першыя месяцы было цяжкавата.

Мне найбольш дапамагала шокавая тэрапія

А таму Аліна сваім уласным метадам спрабавала вырашыць свае цяжкасці. І, канешне, асноўнае напачатку было вывучыць мову.

— Мне найбольш дапамагала шокавая тэрапія. Я хадзіла на польскія івэнты, на гутаркі, спрабавала проста размаўляць з людзьмі, выяўляла найчасцей ужываныя словы, імкнулася зразумець і замацаваць структуру сказаў. Шмат глядзела відэа на польскай мове і чытала польскія форумы. Патроху, паволі падняла свой узровень недзе да В1. Але зараз пачынаю зноў працягваць моўныя курсы, каб атрымаць моўны сертыфікат дзеля таго, каб у далейшым не было праблемаў з атрыманнем карты сталага побыту.

Значную ролю адыграла беларуская дыяспара

Праўда, суразмоўца кажа, што ў інтэграцыйным сэнсе ў польскае грамадства значную ролю адыграла беларуская дыяспара, дзе яна не толькі завяла новых сяброў, але і наблізілася праз яе да польскай грамадскасці.

— Паляпшэнне свайго жыцця адчула пасля таго, як пачала інтэгравацца ў беларускую супольнасць у Польшчы. Гэта мне дазволіла ўстанавіць новыя кантакты, замацавацца з новымі знаёмствамі і ўжо пачаць вывучаць Познань як горад, польскую культуру. Ужо можна было нейкім чынам і сябе паказаць на той прасторы, дзе бралі сумесны ўдзел беларусы і палякі.

Да атрымання карты побыту давялося тройчы змяніць месца працы

Што датычыць працы, то, паводле Аліны, было таксама не зусім проста. Але ад самага пачатку яна спрабавала працаваць як прыватная прадпрымальніца і пераважна з замежнымі фірмамі. Праўда, не заўсёды ўдавалася зарабіць гэтым на пражыццё.

— Гэта такая манета з двума бакамі. Знаходзіць сабе працу праз прадпрымальніцкую дзейнасць нібыта лягчэй, бо фірмы хутчэй ідуць на супрацоўніцтва. А з іншага боку, ім і прасцей звальняць такіх супрацоўнікаў. Яшчэ да атрымання карты побыту мне давялося тройчы змяніць месца працы. Працавала нават у дастаўцы харчавання, бо трэба было мець нейкі сталы заробак. У той сітуацыі давялося і аднапакаёвую кватэру змяніць проста на асобны пакой.

Людзі тут з разуменнем ставяцца да эмігрантаў

Аліна распавядае пра гэта без асаблівых эмоцый і нават кажа, што асобны пакой у кватэры ёй больш спадабаўся, бо там жыве з іншымі людзьмі, што ёй зусім не замінае, а, наадварот, неяк весялей. Цікаўлюся ў яе, што ёй найбольш падабаецца ў Польшчы.

— Падабаецца, што тут усё не так строга, людзі любяць паадпачываць, любяць сваю культуру і развіваюць яе. Я люблю наведваць звычайныя івэнты і прасторы, і ў Познані такога больш, чым хапае. Тут заўсёды адбываюцца розныя цікавыя рэчы. Ну і калі размаўляю з людзьмі, то бачу іх разуменне і стаўленне да эмігрантаў.

Эміграцыя падзяліла маё жыццё – да таго і пасля таго

Мы загаварылі пра эміграцыю, пра тое, што яна значыць для Аліны. Дзяўчына адказвае не адразу, задумваецца, але гаворыць упэўнена, бо прайшла праз гэта сама, а не недзе прачытала ў кніжцы.

— Дакладна, эміграцыя падзяліла маё жыццё – да таго і пасля таго. Так шмат рэчаў за гэты час змянілася: і маё штодзённае жыццё, і ўвесь мой светапогляд. Нават з улікам усяго таго стрэсу, звязанага з легалізацыяй, пошукам працы, усё ж адчуваю сябе тут больш спакойна, чым у Беларусі. Ужо не трэба хвалявацца, што ў нейкі пэўны момант да цябе з’явіцца паліцыя. Я нават ужо забыла, што трэба было пакаваць у трывожны чамаданчык.

У мяне няма ўжо такой настальгіі па Беларусі…

— А наогул, вам згадваецца Беларусь?

— Згадваецца, канешне. Акрамя таго, як праз дыяспару, у такіх рэчах, калі бачу нешта падобнае з архітэктурай Мінска, стравы польскія, нейкія аспекты культуры, ды і асяроддзе шмат у чым падобнае. Я заўважыла, што ў мяне няма ўжо такой настальгіі па Беларусі, бо для мяне ўсё ўжо тут выглядае знаёмым. Калі б у мяне была магчымасць зараз спакойна вярнуцца ў Беларусь, я б падумала, але мне і тут падабаецца.

Аліна трохі ізноў задумалася, але ўпэўнена кажа, што ёй падабаецца ў Польшчы.

Павел ЗАЛЕСКІ

Ілюстрацыйны здымак: Летам у Познані над Вартай. Фота Паўла Залескага