Беларуская Служба

Былая палітзняволеная Ларыса Шчыракова: У мяне была магчымасць з'ехаць і не сесці ў турму

22.09.2025 07:15
«Кожны дзень ты прачынаешся і думаеш, што ты тут робіш, Госпадзі, што ты тут робіш?»
Аўдыё
  • «У лютым 2022 года быў чарговы ператрус у мяне, я была ў якасці сведкі. Мы прыязджаем у ГУБАЗіК, і яны, адзін з супрацоўнікаў, кажа: «Вось табе 24 гадзіны, нах.. уёб... адсюль».
Ларыса ШчыраковаБеларуская рэдакцыя Польскага радыё

Гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову асудзілі на 3 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Ларыса свядома заставалася ў Беларусі, хаця выдатна разумела, чым гэта пагражае. Калі да сканчэння тэрміну зняволення ёй заставалася блізу трох месяцаў, жанчыну вызвалілі і выслалі з Беларусі ў ліку 52 палітзняволеных.

Ларысу затрымалі ў снежні 2022 года. На той момант ужо сотні супрацоўнікаў беларускай медыйнай сферы з'ехалі з краіны. Ларыса ж публічна заявіла, што сыходзіць з прафесіі пасля таго, як супрацоўнікі ГУБАЗіКа ёй адкрытым тэкстам груба сказалі, каб яна зʼязджала.

— У лютым 2022 года быў чарговы ператрус у мяне, я была ў якасці сведкі. Мы прыязджаем у ГУБАЗіК, і яны, адзін з супрацоўнікаў, кажа: «Вось табе 24 гадзіны, нах.. уёб... адсюль». Упершыню са мной размаўлялі груба. Вельмі груба са мной размаўлялі — «маўляў, давай, звальвай, бяры свайго сына і на ўсе чатыры бакі», — згадвае тую размову Ларыса.

Аднак Ларыса засталася. Яна згадвае, што вобшук і затрыманне ў снежні 2022 года былі цяжкімі найперш з-за разумення, што яе чакае доўгае расстанне з сынам. Ён на той момант быў непоўнагадовым і на некаторы час трапіў у дзіцячы прытулак.

— Прыходзіць мой сын з крамы і кажа — а там жа зусім лаяльныя для мяне людзі, — што ў краме яму паведамілі, што цэлы дзень мой дом «пасвілі» менты. Цэлы дзень праседзелі, сачылі за домам.

Гэта была ўжо зразумелая для мяне «чорная метка». Я спачатку перапалохалася, але потым прыняла рашэнне застацца і сесці. Хаця апошняя магчымасць зʼехаць і не сесці ў мяне была.

Канешне, самае цяжкае была разлука з сынам, таму што праз некалькі гадзін прыбягае сын са школы, крычыць: «Мамачка, я прыйшоў, дзе ты? Унас звычайна рытуальныя абдымашкі, пацалункі». Да гэтага я не плакала, натуральна, а калі ўбачыла яго, я прама ўжо, як бабёр, заплакала. І ён заплакаў, і колькі там было, тры гадзіны мы разам праседзелі. І там, ну, і трошкі адцягвалася на іх, ну, у прынцыпе, мы разам праседзелі, праплакалі, ну і ўсё, і нас разам і забралі.

Пра зняволеных калег

Ларыса згадвае, што ў адным атрадзе была з Марынай Золатавай, галоўнай рэдактаркай партала Tut.by, Людмілай Чэкінай, яны карыстаюцца вялікай павагай сярод зняволеных.

— Я сядзела ў адным атрадзе з Марынай Золатавай, мне вельмі падабаецца, проста неверагодная  Людміла Чэкіна. Яна схуднела, у два разы меншая стала і цудоўна выглядае, яна заўжды на пазітыве, заўжды ўсміхаецца, хоць да раны яе прыкладай. Яе ўсе любяць, яна класная — і разумная, і адукаваная.

Я ведаю, што Марына Золатава вельмі цанілася як швачка, яе паважалі, яна акуратна шые. Адзінае, што не вельмі хутка, а гэта вытворчасць, там трэба і якасна, і хутка, але ўсюды яе хвалілі, ва ўсіх брыгадах, дзе яна была. Марына не такая адкрытая для кантактаў, стрыманая, але яна была ў аўтарытэце. Усе яе паважалі, таму што было бачна, што гэта культурны, ветлівы чалавек, і яна з годнасцю заўжды паводзіцца.

Калі ты працуеш з чалавекам у адну змену, то калі прыходзіш на фабрыку ёсць магчымасць папаліць, 10–5 хвілін, гледзячы, які кантралёр. Потым першы перапынак, таксама можна паразмаўляць, потым ты прыходзіш увечары, яшчэ можна перакінуцца там парай слоў.

Кацярына Андрэева, журналістка канала «Белсат», у зняволенні з восені 2020 года. І гэта вялікі скрадзены беларускімі ўладамі яе кавалак жыцця, што, канешне, уплывае на эмацыйны стан Кацярыны:

— Стомленасць у вялікай ступені, асабліва калі не было руху з памілаваннем. Яе эмацыйны стан, маральная стомленасць страшэнная. Няма пераследу, няма катаванняў, няма бесчалавечнага абыходжання, нічога гэтага няма. Але ёсць пяць год адсідкі, страшэнная стома, проста, калі псіхіка ўжо не вытрымлівае.

Кожны дзень ты прачынаешся і думаеш, што ты тут робіш, Госпадзі, што ты тут робіш?

Ларыса кажа, што ў яе выпадку не было вялікага ціску з боку адміністрацыі калоніі. Сама для сябе яна пастанавіла ўспрымаць зняволенне як вялікі досвед. Паводле яе слоў, надаць сэнсоўнасць таму, што адбываецца, – адзін з важных інструментаў у захаванні сябе ў такіх умовах.

– Мая задача была выжыць, максімальна захаваць псіхічнае і фізічнае здароўе. Прыкідвалася шлангам, каб мяне не пераследавалі там. Усё з жарцікамі.

Ідэалагічнае выхаванне і сцэны гвалту

Ларыса таксама звяртае ўвагу на ідэалагічнае выхаванне ў калоніі, асабліва запомніліся бясконцыя паказы фільмаў пра Вялікую Айчынную вайну і як гэта ўплывала на эмацыйны стан жанчын.

– Яны пастаянна каралі фільмамі пра Вялікую Айчынную вайну. Там дзяўчаты казалі, што ў нас адчуванне, быццам мы на вайне пабывалі. Генацыд – вайна, вайна – генацыд. Дэманстрацыя сцэн гвалту. А гэта жанчыны. Дзіця крычыць: «Мама, мама, расстрэльваюць!». Нават калі ты назіраеш сцэну гвалту ў кінатэатры, яна будзе ўспрымацца псіхікай як мікратраўма. Гэта ўсё паказвалі жанчынам, якія разʼяднаныя са сваімі дзецьмі. «Ідзі і глядзі» паказвалі сто разоў, «Знак бяды» — раздзіраючыя сцэны. Я казала супрацоўнікам, што пакараная зняволеннем, а не праглядам вайны.

Пра свае планы

Разважаючы пра сваю будучыню, Ларыса кажа, што не бачыць ужо сябе ў журналістыцы.

— Я тут ужо не бачу сябе, дзе я змагу прыткнуцца. Усё ж такі журналістыка як і любая іншая прафесія, у якой можна перагарэць. І, відаць, я проста ўжо крыху перагарэла, таму што мяне пераследавалі і да 2020 года, гэта не была камфортная праца. Я ў жорсткіх умовах прапрацавала, і гэта вымотвае вельмі, рэсурсы вычэрпваюцца. Таму і па прычыне, што выгаранне наступіла яшчэ да 2020-га года шчыра, калі шчыра. Потым я два гады пісала толькі пра пераслед, а гэта таксама на нервовую сістэму ўплывае даволі моцна.

У мяне была даўняя мара – атрымаць кваліфікацыю псіхолага, вывучыцца на псіхолага. Я паступіла ў магістратуру з 2022 навучальнага года, пачала вучыцца, і гэта бязмерна мне спадабалася. Калі ў мяне будзе такая магчымасць, я хачу атрымаць гэтую кваліфікацыю, прафесію псіхолага.

вх