Беларуская Служба

Жыццё становіцца на першае месца. Як украінцы жывуць у рэаліях вайны

24.09.2025 15:32
За апошнія гады больш за мільён украінцаў вярнуліся з Еўропы на Радзіму. Што імі кіруе, як яны ўладкоўваюць жыццё дома? Пра гэта мы паразмаўлялі з Вольгай, якая вярнулася з Гамбурга ў Адэсу.
Аўдыё
  • Украінцы вяртаюцца на Радзіму з Еўропы
:
Адэса: від на мора і знішчаны расіянамі будынак Марскога вакзалуY.Likhtarovich/Polskie Radio dla Zagranicy

Ужо чацьвёрты год Украіна жыве ва ўмовах працяглай расійскай агрэсіі. Вайну адчувае ўся краіна, расіяне ўвесь час атакуюць мірныя гарады. Як кажуць украінцы, іх жыццё падпарадкавана вайне: пастаянныя бамбаванні, прылёты ракет, інфармацыя пра раненні знаёмых, смерць. Нягледзячы на такія ўмовы, за апошнія гады больш за мільён украінцаў вярнуліся на Радзіму з Еўропы. 

Расійская агрэсія на Украіны стала прычынай найбуйнейшага вымушанага перасялення насельніцтва ў Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны. Паводле звестак Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН), па стане на сярэдзіну 2025 года за мяжой пражывала каля 7 мільёнаў украінцаў. Большасць перамешчаных асоб знайшлі прытулак у краінах ЕС, у першую чаргу ў Германіі, Польшчы і Чэхіі. 

Пры гэтым, за апошнія гады нямалая частка бежанцаў вярнулася на Радзіму. Пры канцы 2024 года УВКБ ААН зарэгістравала больш за 5 мільёнаў перасячэнняў мяжы ў бок Украіны. У красавіку 2024 года Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАМ) ацаніла рэальную колькасць тых, хто вярнуўся з-за мяжы, у 1,2 мільёна чалавек.

Мы паразмаўлялі з украінкай Вольгай, якая паўтара года жыла ў Германіі, але потым вярнулася ва Украіну. Чаму яна з'ехала і чаму вырашыла вярнуцца?

— На пачатку вайны, у першыя дні, з'ехалі сястра з мужам, да сваякоў мужа ў Малдавіі. На наступны дзень, у маёй дачкі, ёй было тады 20 гадоў, пачаліся панічныя атакі. Мама, чаму мы сядзім? Чаму Таня выехала, а мы сядзім? Бабуля з дзядулем, а мы на той момант з імі жылі, пачалі казаць, што яны адсюль не з'едуць, маўляў, тут наша хата. Я яе супакойвала як магла, але панічныя атакі працягваліся. Яна прачыналася раніцай і пачынала крычаць: чаму мы сядзім, нас усіх заб'юць... Я ёй давала супакаяльныя лекі, не дапамагалі, дайшло да таго, што мы спалі апранутыя, таму што мы не разумелі, што ўвогуле адбываецца. У выніку я пасадзіла сваё дзіця на  дастаткова моцныя антыдэпрэсанты, таму што яна была проста некантралюемая. Я не ведала, што з гэтым рабіць, яна проста крычала, гарлапаніла, ледзь не ў бойку кідалася: чаму ты сядзіш, чаму ты не ратуеш сваё жыццё і маё жыццё. У выніку мне знаёмы патэлефанаваў і запрапанаваў вывесці да сястры ў Малдавію.

 Вольга з'язджала на тыдзень, думаючы, что хутка сітуацыя супакоіцца.

 — Гэта было вымушанае рашэнне. Тады ж усюды пісалі, што трасы абстрэльваюць, што стралялі ў машыны з мірнымі жыхарамі. Калі мы ехалі, я малілася. Мяне давёз знаёмы да мяжы, мы праз мяжу самі ішлі. Я проста раўла. Чаму? За што? Гэта сон, я прачнуся, гэта ўсё няпраўда. Вельмі цяжка, калі ты едзеш кудысьці не з уласнае волі! Калі ты сам прыняў рашэнне: я еду за мяжу, еду зарабляць грошы, альбо дзеці з'яжджаюць вучыцца, - гэта адно. Але калі ты вымушаная, гэта іншае. Я ішла пешшу з чамаданам, і калі на мяжы сталі перабіраць мой чамадан на прадмет колючых-рэжучых, я не магла супакоіцца, проста крычала, істэрычна. За шта? Ён мне яшчэ ўвесь чамадан перакапаў, а я гляджу, што набрала ўсякую дробязь, нейкія кухонныя ручнікі чамусьці  ўзяла. Заўсёды так у паніцы збіраешся. Прычым, па выніку аказалася, што сапраўды важнае - зарадкі - я забылася. Потым мы сядзелі ў Малдавіі, для мяне на сённяшні дзень Кішынёў - гэта горад слёз. Я ўпершыню там расслабілася, што змагла вывезці дзіця. У першыя дні я была моцная, а калі туды прыехалі, - проста выла цэлымі днямі. Прачынаешся, і плачаш проста. Мы дзён дзесяць там пасядзелі ў сваякоў, але разумелі, што трэба асобна жыць. Пачалі шукаць жыллё, але высветлілася, што ўсе пачалі рэзка здымаць, і ніхто не здаваў. Мы пачалі шукаць у інтэрнэце знаёмых, валанцёраў, куды далей ехаць.

Нехта параім ім ехаць у Германію, маўляў, там прымалі ўцекачоў.

— Мы паехалі ў Нямеччыну. Нас прынялі, пасялілі ў гасцініцы, потым мы аформіліся, і, у прынцыпе, я тамака паўтара года пражыла, але тамака ты не жывеш, ты як бы існуеш з думкай, калі гэта скончыцца. Нават яшчэ ў траўні месяцы мне здавалася, што гэта нейкі сон, што ты неўзабаве прачнешся. 

Потом пачалі прызвычайвацца, але нечага не хапала, кажа Вольга.

— Жывучы там, я працавала анлайн, потым пайшла на курсы, але мне сказалі, што давядзецца гадоў шэсць вучыцца бухгалтэрыі, і спачатку пойдзеш простым звычайным бухгалтарам. Мае трэніроўкі пілатэс таксама трэба было афармляць, гэта ўсё вельмі дорага, патрэбна ўсе сертыфікаты пацвярджаць, усё правяраць, што азначала таксама пару гадоў. Я разумела, што я таксама не дзяўчынка ўжо, мне 40 гадоў, і давядзецца яшчэ 10 гадоў аддаць на пацверджанне сваіх уменняў. А ўвесь гэты час дзе жыць і за што? Ты разумееш, што там пакуль толькі фізічная праца: хадзіць мыць пад'езды і так далей. Тады я прыняла рашэнне, што вярнуся сюды, пакуль мяне не звольнілі: тут я ўсё ж такі галоўны бухгалтар.

 Яшчэ Вольга вярнулася з-за сям'і. Гэта вельмі важна для яе.

— Калі я жыла ў Нямеччыне, я перыядычна прыязджала сюды на пару тыдняў родных убачыць. Я казала, што еду дадому, а потым назад таксама ехала дадому. Выходзіла, што быццам бы ў цябе два дамы. І было такое нейкае адчуванне - незразумела, а дзе ж мая хата? Усё ж такі мой дом там, дзе родныя. 50, мусіць, адсоткаў было тое, што ў мяне тут пажылыя бацькі. І не дай Бог нешта з імі станецца. І ў мяне ёсць сястра, якая засталася адна тут, а нас было тры сястры, дзве з'ехалі, адна засталася. Яна кажа, што ў мамы праблемы, у шпіталь паклалі. Мама кажа, Волечка, ну калі вы ўжо вернецеся? Усё роўна хочацца, каб нехта быў побач, каб маме дапамагалі з татам, яны ўсё ж пажылыя, часам ім сапраўды патрабуецца проста нават фізічная дапамога ў нейкіх пытаннях.

Не шкадуеце, што вярнуліся?

— Не! Пакуль там засталася дачка, я яе пакінула, сказаўшы, што ты наша падстрахоўка, калі раптам тут нешта прыляціць, і мы застанемся без жылля, калі раптам рускія прыйдуць. Мая дачка катэгарычна не прымае іх, у яе нейкая нянавісць, проста ад гэтага слова яе трасе. «Мама, ты не бачыла, колькі каментароў яны пішуць у сацыяльных сетках, якія яны ж злыя таксама. Гэта не проста Пуцін, гэта рускія людзі падключыліся і ненавідзяць украінцаў». Я ёй сказала, што ты наша падстрахоўка на выпадак, калі тут мы застанемся без нічога, што хаця б мы туды... Аня цяпер цягне гэтую адказнасць, перыядычна тэлефануе і плача: мама, я вярнуся, буду працаваць. Я ёй кажу, паспрабуй там працаваць. Яна зараз вось здала ўжо Б1, далей пойдзе. Яна кажа, мне гэта не трэба. Яна тут скончыла якраз 18 лютага эканамічны каледж, атрымала дыплом. Пайшоў тыдзень, ужо стажыравалася. Цяпер жа яна кажа, што хоча ва Украіне працаваць, хоча быць каля бабулі, з дзядулем, каля мяне.

Нехта можа сказаць, што разбэшчаная, ад дабрабыту пашалелі, там жа вам усе ўмовы стварылі.

— Так, я ўдзячная, нам плацілі сапраўды выплаты, і мы існавалі, і першы час вельмі дапамагалі немцы, і адзенне, калі прыехалі, нават не было чым выцерціся, ручніка нават няма, таму што, ну, не цяміш ты, што табе трэба ручнік, ты не збіраешся ў турыстычную паездку. Я ехала з думкай, што я еду на тыдзень.

Як вы лічыце, што калі будзе перамір'е, спыняцца ваенныя дзеянні, ваша дачка і іншыя вашыя знаёмыя вернуцца?

— Дачка вернецца, яна ўвесь час пра гэта кажа: "Як толькі скончыцца, я адразу ж, мама, я на наступны дзень". У мяне ёсць знаёмыя, мы там пазнаёміліся, украінцы з Ізюма, уся сям'я выехала. Яны кажуць, што ў нас быў рэстаран, у нас была хата, у нас была кватэра - цяпер нічога няма. Яны кажуць, нам няма куды вяртацца. Людзі, якім няма куды ехаць, застануцца там, бо тут усё разбурана. Іншая ў мяне сяброўка, з якой я таксама ў Нямеччыне пазнаёмілася, у яе муж на той момант працаваў у Еўропе, і яна з'ехала. Яна кажа, у мяне там муж, сына вывезла, і яна ўжо там будзе жыццё сваё будаваць.

Скажыце, як гэта жыць ва ўмовах, калі ўжо чацвёрты год ідзе война, пастаянныя бамбаванні, прылёты ракет, інфармацыя ад знаёмых, што нехта паранены, загінуў?

— Неяк звыкаешся. У нейкія моманты, менавіта калі "шахеды" ляцяць, калі ракеты ляцяць, не ўсведамляеш, у якіх рэаліях ты жывеш. Але ў цэлым, ты проста шукаеш нейкую крыніцу для сябе: дзеля чаго жыць і што трэба жыць.

У чым гэта крыніца для вас?

— Проста ў жыцці. Я, скажам, інструктар пілатэса. Гэта маё хобі. Я раблю трэніроўкі для дзяўчат. Часам прыходзіш, усю ноч не спаўшы, пасля дня на працы, і разумееш, што дзяўчынкам трэба даць зарад энергіі, каб не ўпасці духам. Вельмі многія ўпадаюць у дэпрэсію. Нехта спраўляецца антыдэпрэсантамі. Нехта знаходзіць крыніцу проста ў жыцці. Сёння мы жывеш адным днём. Калі сёння не страляюць, не бамбяць, "шахеды" не ляцяць, - добра. Ты знаходзіш у гэтым плюсы. Бывае, вельмі цяжка. Прыходзіш, і дзяўчаты ўсе такія раскіслыя, усе такія паніклыя. Кажу, кабеткі, давайце, зараз будзе лягчэй, і мы сыходзім у спорт. І сапраўды, пасля выходзіш, як быццам бы нічога няма. Бывае, падчас трэніроўкі, пачынаецца паветраная трывога: прайдзіце ў сховішча. У мяне былі такія дзяўчынкі, якія казалі: працягваем займацца, - лёс нас знойдзе. Усё так і жывуць.

Гэта нейкі фаталізм ці пераацэнка каштоўнасцяў?

— Так і ёсць. У мяне адна дзяўчына, у яе рукі пачыналі трэсціся, як толькі гучала сірэна. Яна хаця б у калідор выходзіла, дзе няма вокнаў і сядзела, пакуль не давалі адбой трывогі. Кожны па-свойму рэагуе. Мне здаецца, у асноўным ты звыкаешся і кажаш: ну, калі лёс, значыць, так і будзе. Але пераацэнка, канешне, каласальная адбылася ў момант пачатку вайны. Калі ты разумееш, што нішто ўвогуле ніякіх грошай не каштуе: гэтыя кватэры, машыны, нейкія каштоўнасці ў параўнанні з  жыццём. Жыццё становіцца на першае месца.  

Калі паглядзець на горад Адэсу, якім ён быў перад 2022 годам, і цяпер, што змянілася, на вашу думку?

— У цэлым едзеш па горадзе і здаецца, што вайны няма, але як толькі ўбачыш дамы, разумееш, што яна ёсць. Першы год, калі я вярнулася, я рэальна хадзіла на пляж толькі, каб пашпацыраваць і паглядзець на мора, таму што было страшнавата. Толькі ў гэтым годзе я першы раз пайшла на мора, хаця сёлета таксама падарваліся многія на мінах у моры. Я не ведаю, цяпер нейкая бясстрашнасць з'явілася, інстынкт самазахавання спрацоўвае толькі ў крайніх выпадках, калі ты сапраўды адчуваеш пагрозу. Але, калі глядзіш на мора, глядзіш на гэтую ваду, - з'яўляецца настрой душэўны, нейкі спакой аднаўляецца і проста хочацца жыць. 

Размаўляў Юры Ліхтаровіч