Усе гістарычныя падзеі цікавілі мяне з пункту погляду культуры
Уладзімір у Польшчы ўжо некалькі гадоў. Ён займаецца дызайнерскай распрацоўкай беларускіх арнаментаў, а таксама іншых нацыянальных гістарычных сімвалаў, якія потым змяшчаюцца на цішоткі і іншую вопратку. Кажа, што акрамя гэтага любіць пісаць вершы пра эміграцыю і каханне, а таксама слухаць і ствараць беларускую музыку.
— Яшчэ ў школе, калі вывучалі гісторыю Беларусі, усе падзеі, якія мы разглядалі, мяне заўсёды цікавілі з пункту погляду культуры. Я глядзеў розныя фільмы і перадачы на беларускім тэлебачанні, дзе паказвалі тэатральныя выступы, спевы, нацыянальныя танцы. А пазней пачаў звяртаць увагу на розныя рэчы, у тым ліку на тыя, што прывозяць з Кітаю і іншых краін. Бачыў, што людзі ў сваёй вопратцы шукаюць нейкія стылі. І я падумаў: а чаму б не ствараць асаблівыя стылі, якія б аб’ядноўвалі беларусаў? А гэта наш арнамент, нашы нацыянальныя сімвалы, гэта кветкі, якія растуць у нашым краі і г.д.
.
Шмат ведаў атрымліваў ад людзей
Такім чынам Уладзімір пачаў больш глыбока вывучаць беларускія нацыянальныя сімвалы. Цяпер ён ужо ведае, што яны азначаюць, на якую вопратку што дарэчы наносіць.
— А пазней, калі я ўдзельнічаў у кірмашах у Беларусі, падыходзілі людзі, мы размаўлялі, і яны прапаноўвалі свае спалучэнні колераў на вопратцы. Напрыклад, мы ведаем, што спалучэнне чырвона-зялёнага колеру адлюстроўваецца ў цяперашнім дзяржаўным сцягу Беларусі. А нехта казаў, што калі дадаць блакітны замест чырвонага, то атрымаецца колер нашай прыроды. Ці, напрыклад, чырвона-белы — наш культурны код, але тут таксама белы можна замяніць на чорны, і будзе ўжо іншае спалучэнне. І так кожны раз, размаўляючы з людзьмі на гэтую тэму, ты шліфуеш свае здольнасці, цікавішся спалучэннем колераў, тым, як яны ўплываюць на настрой. І мне гэта падабаецца.
Кожная рэч — гэта мой маленькі праект
Яшчэ ў Беларусі Уладзімір спрабаваў рабіць розныя дызайнерскія праекты: вышываная Пагоня на цёплых світарах, іншыя нацыянальныя сімвалы; рабіў друк на сшытках беларускіх літар для школьнікаў з арнаментам; ствараў бранзалеты, завушніцы, запанкі для кашуль і шмат іншага. Праўда, суразмоўца падкрэслівае, што гэта былі пераважна адзінкавыя індывідуальныя працы.
— Нехта скантактуецца са мной і скажа, што яму тое ці іншае патрэбна. І хоць ты гэтага яшчэ не рабіў, але чаму б не паспрабаваць? Нехта дасылае малюнак і прапануе зрабіць нейкую рэч. Я бачу, што гэта творчы чалавек, дык чаму б разам не папрацаваць? Я не раблю вялікіх аб’ёмаў: мае рэчы — гэта тое, чаго не купіш у сеткавай краме. Кожная рэч — гэта як маленькі праект.
.
Я проста не баюся размаўляць
Што датычыцца інтэграцыі ў польскае грамадства, то Уладзімір кажа, што праблем з гэтым не мае. Ён выдатна камунікуе з людзьмі, калі трэба, звяртаецца ў польскія адміністрацыі.
— На сённяшні дзень я магу чытаць кніжкі на польскай мове. Я тут ужо некалькі гадоў, і мне не складана было размаўляць па-польску, проста не хапала прыгожых слоў. Таму я спецыяльна пачаў чытаць, каб дабаўляць лексіку, хадзіў на розныя імпрэзы. У мяне ёсць некалькі знаёмых палякаў, якія падпраўляюць мае памылкі. Я проста не баюся размаўляць. Гэта тое самае, як калі чалавек баіцца пераходзіць з рускай на беларускую, бо, маўляў, робіць памылкі. А я кажу: лупі трасянкай, цябе паправяць. Галоўнае, каб у чалавека было жаданне, а мова адшліфуецца — і ўсё будзе добра. Пасля таго як мая польская стала лепшай, я пачаў больш разумець чэшскую і славацкую. Добра разумею ўкраінскую, хаця з украінцамі мы гаворым: я па-беларуску, а яны па-ўкраінску.
Тут больш магчымасцяў для творчасці
Мы загаварылі з Уладзімірам пра тое, як ён перажывае эміграцыю, што яна для яго значыць. Суразмоўца кажа, што ў яго, як і ў большасці маладых людзей, вялікай настальгіі па доме няма. Бо тут, маўляў, трэба думаць, як жыць, як працаваць, гадаваць дзяцей. Хаця, з іншага боку, кожны дзень навіны з Беларусі чытае, перажывае і хоча, каб хутчэй наступілі змены.
— Нехта з маіх знаёмых кажа, што ў Беларусі таксама добра, можна зарабляць. Але ў Польшчы, калі казаць пра заробкі, яны вышэйшыя, хаця некаторыя рэчы даражэйшыя. Але і магчымасцяў у цябе больш. Шкада толькі, што не можаш вярнуцца ў Беларусь, і часта атрымліваецца, што твае родныя таксама не могуць да цябе прыехаць. Для мяне, напрыклад, хочацца, пакуль я малады і ёсць амбіцыі, паспець іх рэалізаваць — і тут больш магчымасцяў. У Еўропе няма такога, што альбо толькі белае, альбо толькі чорнае: тут настолькі шмат колераў жыцця, што той, хто хоча, той зможа. А калі ў мяне нешта не атрымалася, то гэта толькі таму, што я такі.
.
У Польшчы я ўдыхнуў на поўныя грудзі
Цікаўлюся ў Уладзіміра, як у творчага чалавека, дзе часцей яго наведвае натхненне — у Беларусі ці ў Польшчы. Ён сур’ёзна задумаўся. Найперш, паводле яго, шмат залежыць ад таго, як уладкавана тваё жыццё.
— Проста тут, у Польшчы, ты можаш мысліць і пісаць што заўгодна, умоўна кажучы. І тут варыянтаў для свабоды творчасці больш. Тут больш падзей, больш розных культурных плыняў, больш людзей розных нацыянальнасцяў. І гэта ўсё ўплывае на цябе. Тут ты адчуваеш сябе ў большай бяспецы і не думаеш, пераходзячы вуліцу, што зайшоўшы ў кавярню, нешта напісаўшы і паставіўшы лайк, перад табой з’явіцца таварыш маёр. Для мяне асабіста гэта важна. Калі я апынуўся ў Польшчы, то ўздыхнуў на поўныя грудзі. Гэта падаецца, што мы — блізкія славянскія народы, знаходзімся вельмі блізка, ну што там паміж Гродна і Беластокам, але паміж намі рэальная прорва. Гэта вельмі ўплывае, і творчага натхнення тут больш.
Уладзімір кажа, што хацеў бы вярнуцца ў Беларусь, але толькі тады, калі будзе ўпэўнены, што больш не наступіць такога псіхалагічнага надрыву. А яшчэ хочацца вярнуцца туды з досведам, каб не пачынаць усё спачатку праз дзесяць гадоў.
Павел Залескі
Здымкі з архіва Уладзіміра