Беларуская Служба

Доктар Вайцяхоўскі пра «Архіў чалавечых лёсаў»: Гэта не маральны суд, а сітуацыя, якая выраўноўвае самаацэнку ахвяраў і катаў

20.11.2025 14:15
Людзям з супольнасцяў і тэрыторый, дзе мелі месца канфлікты, бывае складана паразумецца. Расказваем пра  праект акурат з такой мэтай на польска-нямецкім памежжы – Архіў чалавечых лёсаў у Collegium Polonicum у Слубіцах.
Аўдыё
  • На адной сустрэчы афіцэр распавядаў пра сваё жыццё і дзейнасць. А жанчына з Заходняй Германіі ўстала і кажа: «Спадар, вы гаворыце так, быццам вы пекар ці хтосьці іншы. Але вы знішчылі жыцці дзясяткаў людзей».
   (Dr Krzysztof Wojciechowski).
Доктар Кшыштаф Вайцяхоўскі (Dr Krzysztof Wojciechowski).Беларуская рэдакцыя Польскага радыё

Слухайце размову ў далучаным файле!

Доктар Кшыштаф Вайцяхоўскі (Dr Krzysztof Wojciechowski) шмат гадоў быў дырэктарам Collegium Polonicum у Слубіцэ – гэта горад на самай мяжы з Германіяй. Доктар Вайцяхоўскі, філосаф і сацыёлаг, з'яўляецца ініцыятарам шматлікіх ініцыятыў, якія злучаюць супольнасці па абодва бакі ракі Одра. Адзін з такіх праектаў – Архіў чалавечых лёсаў у Collegium Polonicum.

Доктар Кшыштаф Вайцяхоўскі распавядае, што прыехаў у Слубіцэ на польска-нямецкае памежжа ў 1990-ыя гады, ён назіраў, як шмат непаразумення паміж людзьмі, найперш таму, што яны не ведалі хто чым жыве, шмат людзей у гэтай мясцовасці былі перасяленцамі з іншых рэгіёнаў. Праект Архіў чалавечых лёсаў акурат і мусіў паказваць жыццё людзей, іх досвед і погляды:

– Найбольш агульнае сцвярджэнне такое: мэтай асацыяцыі зʼяўляецца распаўсюджванне культуры біяграфічнага апавядання і яе ўспрымання. Я прыехаў сюды ў 1991 годзе і ўбачыў, што палякі і немцы спрабуюць наладзіць кантакты, размаўляць, вырашаць праблемы і г.д. Але гэта мела свае межы. Нават калі вы сядзіце за сталом і хочаце мець агульны назоўнік, агульныя погляды, вы ўсё роўна недзе дасягаеце мяжы. У немцаў іншы погляд, у палякаў іншы погляд, і пераадолець гэта цяжка. Прыкладам гэтага зʼяўляецца высылка немцаў.

Для немцаў вайна насамрэч доўжылася тры месяцы, можна нават сказаць 100 дзён, і гэта быў час высяленняў. Калі Чырвоная Армія набліжалася, яны пачалі ўцякаць, кідаць усё, скончваць жыццё самагубствам, засільвацца і г.д.. Чырвоная Армія іх не шкадавала, але ў дадатак да гэтага Гебельс сказаў ім, што іх усіх забʼюць. Таму людзей ахапіў жах. Быў студзень 1945 года, 40 градусаў ніжэй за нуль, і яны ішлі па рэках з маленькімі дзецьмі. Тут ёсць страшныя гісторыі.

Але для палякаў гэтая вайна доўжылася шэсць гадоў, з 1 верасня да канца 1945 года.

А цяпер, калі немцы кажуць пра высылку, то пачынаюць называць гэта нейкай гістарычнай несправядлівасцю. А палякі адказваюць: «Але пачакайце, на што вы скардзіцеся? Вы вінаватыя, вы ўсё гэта зрабілі, і чаго вы хацелі, каб сустрэлі кветкамі?» Акрамя таго, большасць уцякалі самі, не было так, быццам хтосьці прыставіў да іх пісталет і сказаў: «Уцякайце».

Такім чынам, ёсць барʼер, няма згоды па гэтым ці многіх іншых пытаннях. Я памятаю, што спачатку з абодвух бакоў была жудасны недахоп работнікаў. І немцам спатрэбілася шмат часу, каб дазволіць палякам працаваць на іх тэрыторыі, таму што пераважала меркаванне, што палякі скрадуць іх працу. Яны не маглі зразумець, што калі палякі прыйдуць і прынясуць дадатковую сацыяльную энергію і працоўную сілу, то пірог, які трэба будзе падзяліць, павялічыцца, як для іх, так і для палякаў будзе большы кавалак.

Палякі ж баяліся, што немцы скупяць іх зямлю. Я кажу пра агульную Еўропу пасля падзення камунізму ў 1990-х гадах і нават пасля ўступлення ў Еўрасаюз. Польшча стала членам Еўрапейскага Саюза ў 2004 годзе, але толькі ў 2011 годзе, праз сем гадоў, Германія дазволіла палякам працаваць, а Польшча немцам – купляць зямлю. Калі б яны зрабілі гэта на 20 гадоў раней, усе б выйгралі. 

Фрагмент занатаванай гісторыі, якую распавяла ўраджэнка Гродзеншчыны.
Фрагмент занатаванай гісторыі, якую распавяла ўраджэнка Гродзеншчыны.

Да слова, і цяпер у польскіх медыя вельмі шмат перасцярогаў наконт Германіі, доктар Кшыштаф Вайцяхоўскі кажа, што гэта асаблівасці калектыўнай псіхікі:

– Гэта страхі больш слабога грамадства. Яны заўсёды існуюць у нейкай меншай адзінцы супраць большай. У нас заўсёды ёсць ірацыянальныя страхі: нас скупяць, скрадуць... Ці, наадварот, маўляў, мы нічым не горшыя. У Польшчы цяпер хваля энтузіязму, звязанага з эканамічным развіццём краіны, і пастаянна чытаем пра тое, што апярэджваем немцаў. Так працуе калектыўная псіхіка.

Аднак я назіраў, як гэтыя барʼеры зніжаюцца або знікаюць. Калі выгнаны немец распавядае, як маці цягнула яго за руку, яму было чатыры гады, ён мёрз, ногі замерзлі, не было чаго есці, а яго маці трымала на руках паміраючага брата. То палякі слухаюць і плачуць. Ніхто не гаворыць «гэта ваша віна», і тое ж наадварот, калі вы расказваеце гісторыі палякаў.

Чалавечая эмпатыя настолькі моцная, што пераадольвае шмат што, вядома, не заўсёды, але яна пераўзыходзіць розныя стэрэатыпы, культурныя, палітычныя ўяўленні і г.д.

Вось чаму мы стварылі гэты Архіў. Бо спадзяваліся, што, па-першае, барʼер паміж народамі знікне, а таксама барʼер паміж пакаленнямі. Маладзейшае пакаленне не хацела слухаць, таму мы думалі, што старэйшыя людзі ім распавядуць: «Я ведаю, што такое голад, як гэта — есці бульбяное лушпінне, бо больш няма нічога». І яны ўжо самі задаюцца пытаннямі.

Літаратуразнаўца, прафесар, загадчык кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Андрэй Масквін (злева) і доктар Кшыштаф Вайцяхоўскі (справа), філосаф, сацыёлаг, аўтар праекту Архіў чалавечых лёсаў у Collegium Polonicum. Літаратуразнаўца, прафесар, загадчык кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Андрэй Масквін (злева) і доктар Кшыштаф Вайцяхоўскі (справа), філосаф, сацыёлаг, аўтар праекту Архіў чалавечых лёсаў у Collegium Polonicum. 

А трэцяе – рэгіянальная ідэнтычнасць. Абодва бакі маюць праблемы з рэгіянальнай ідэнтычнасцю. З польскага боку ёсць людзі, выгнаныя з усходу, з розных бакоў, але яны змяшаліся, і калі спытаць, хто яны, то ім цяжка адказаць. Больш за тое, як гэта часта бывае ў змешаных супольнасцях, адны высмейвалі іншых.

Напрыклад, у Слубіцах было дзве вуліцы, якія дагэтуль называюць “Маленькай Масквой”, бо людзі там размаўлялі на нейкай дзіўнай усходняй мове – сумесі польскай, беларускай, рускай і г.д. Нават незразумела, адкуль яны былі. У новых жыхароў не было супольнага мінулага.

Таксама ў гэтай мясцовасці было мноства людзей, якіх выгналі з усходняй Германіі, і ў іх таксама не было ўласнай ідэнтычнасці. Менталітэт прусаў з Калінінграда зусім адрозніваўся ад менталітэту берлінцаў ці баварцаў; гэтыя людзі жылі ў зусім іншых светах. Мы меркавалі, што калі людзі пачнуць расказваць свае гісторыі, знаходзіць агульныя назоўнікі, то рэгіянальная ідэнтычнасць пачне фармавацца. І гэта сапраўды працуе.

 У памяшканні Архіва створаная інсталяцыя з нататак і фотаздымкаў людзей, якая нагадвае вадаспад.

Інсталяцыя ў Архіве. Інсталяцыя ў Архіве.

— Гэта зрабіла дзяўчына-студэнтка, мастачка з Беларусі. Я аднойчы быў у Берліне ў Яўрэйскім музеі. А побач з гэтым музеем ёсць месцы для культурных майстар-класаў і г.д. Там убачыў коркавую дошку як арт-абʼект з прышпіленымі да яе ўсялякімі запіскамі, кшталту «Купі малака і хлеба», «цётка прыязджае ў аўторак», фота з адпачынку, паштоўка і г.д. Такіх запісак было так шмат, і ўсё гэта лілося каскадам, як філасофія жыцця. Мне гэта вельмі спадабалася. Таму звярнуўся да гэтай студэнткі, яе завуць Кацярына Філіз, яна з Беларусі. Прапанаваў ёй зрабіць нешта падобнае тут. Яна прагледзела нашы біяграфіі, адабрала фрагменты, якія там былі, адабрала фотаздымкі, надрукавала іх. І была створана такая кампазіцыя, якую я лічу вельмі выразнай. Больш за тое, яна выбрала фота маёй маці з 1920-х і 1930-х гадоў і маёй бабулі, але я не ведаў, што гэта будзе выкарыстана. Таму што мастачка выкарыстала шмат фотаздымкаў, мела доступ да базы дадзеных і выпадкова знайшла гэтае фота. Было вельмі прыемна. Як вада з кропляў, вялікая гісторыя складаецца з маленькіх гісторый. Дзякуючы выпадку і таленту гэтай маладой пані атрымалася так цудоўна. 

Фрагмент інсталяцыі. Фрагмент інсталяцыі.

Доктар Кшыштаф Вайцяхоўскі распавядае пра сустрэчы герояў праекту, калі адзін у мінулым быў катам, а іншы – ахвяраю, але ў новым часе і новых умовах гэтыя людзі вымушаныя суіснаваць побач:

– Ва Франкфурце на Одры было шмат шпіёнаў, даносаў. Людзей саджалі ў турмы. Цяпер гэтыя людзі мусяць жыць побач. Сусед зрабіў так, што чалавек два гады правёў у турме, за нішто! Так, як у сучаснай Расіі Пуціна – прыходзіць паліцыя і кажа, збіраць рэчы. Пачалі мы рабіць вечары гісторый. Было каля 200 такіх вечароў. Людзі збіраюцца – пяцьдзясят, шэсцьдзесят, семдзесят чалавек у гарадской бібліятэцы – гэта вельмі важна, у атачэнні кніг зусім іншая атмасфера, чым у вялікай залі ці недзе яшчэ. І хтосьці распавядае гісторыю свайго жыцця. Вядома, чакаюць, што чалавек раскажа яе шчыра. Адзін адседзеў тры гады ў турме, таму што знайшлі ў яго нумар тэлефона чалавека, які ўцёк за мяжу, а гэты чалавек не хацеў уцякаць і ў выніку два гады ў турме. А другі быў генералам Штазі. І цяпер яны павінны расказаць гэта адзін аднаму. Вядома, я пазбягаю канфрантацыі, бо калі вы пасадзіце іх побач, то пёры будуць ляцець, як кажуць палякі. Таму мы запрашалі аднаго, а потым, другога, гэта не тэлевізійнае ток-шоў. Чалавек распавядае, але ўсе разумеюць, што адбываецца. І той, хто быў у турме, мае задавальненне ад таго, што распавядае пра сваё жыццё супрацоўніку Штазі. Канешне, усе ведаюць, хто і што рабіў. Чалавек пачынае ўнікаць некаторых момантаў, казаць, што насамрэч стараўся нікому не нашкодзіць і гэтак далей.

На адной сустрэчы афіцэр распавядаў пра сваё жыццё і дзейнасць. А жанчына з заходняй Германіі ўстала і кажа: «Спадар, вы гаворыце так, быццам вы пекар ці хтосьці іншы. Але вы знішчылі жыцці дзясяткаў людзей». Гэта яму было непрыемна чуць, бо цяпер трэба жыць з маральным цяжарам да канца жыцця.

Гэта не маральны суд, а сітуацыя, якая выраўноўвае самаацэнку, крыху зніжае ў аднаго чалавека і крыху падвышае ў іншага. І калі ў людзей прыкладна аднолькавая самаацэнка, яны паводзяць сябе зусім інакш.

Выдадзеныя матэрыялы Архіва чалавечых лёсаў. Выдадзеныя матэрыялы Архіва чалавечых лёсаў.

 

Доктар Вайцяхоўскі звяртае ўвагу таксама, што для праектаў вуснай гісторыі важны момант супольнай і зразумелай мовы, на якой гавораць людзі. Бо пераклад падчас публічных сустрэч забірае ноты інтымнасці, даверу. У выпадку ж пісьмовай фіксацыі гэта ўжо не грае такой важнай ролі.

Архіў цяпер змяшчае прыблізна 1300 асабістых запісаў, з якіх каля 500 – поўныя біяграфіі на 20-30 старонак тэксту з фотаздымкамі, апублікаваныя ў выглядзе альбома фармату А4, пераплеценыя і сшытыя так, каб і праз гады захоўвацца. «Гэтыя копіі даюць людзям велізарны прыліў самаацэнкі», – кажа Кшыштаф Вайцяхоўскі. – Яны ганарацца тым, што іх жыццё было занатавана».

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта 

вх