Беларуская Служба

Вайна на рэйках, вайна ў інтэрнэце. Моцная атака расійскай дэзынфармацыі

19.11.2025 15:27
Акт дыверсіі пад Пулавамі выклікаў чарговую хвалю дэзынфармацыі ў інтэрнэце. Гэта другі фронт гібрыднай вайны, якая набірае моц. Ананімныя акаўнты сцвярджаюць, што беспадстаўна абвінавачваюцца расіяне, маўляў, за дыверсіяй стаяць украінцы або… польскі ўрад.
 .
Ілюстрацыйнае фота. Shutterstock

Актыўнасць ананімных акаўнтаў з прарасійскай рыторыкай у сацыяльных сетках выклікае занепакоенасць. Гэта асабліва заўважна на фоне выбуху на рэйках пад Пулавамі, піша Rzeczpospolita. Сцэнар падобны да вераснёўскай атакі дронаў на Польшчу: спачатку адбылося парушэнне паветранай прасторы, а потым у інтэрнэце імгненна з’явілася маса антыўрадавых, антыўкраінскіх і пракрамлёўскіх паведамленняў, якія адкрыта ўводзілі ў зман. Цяпер у сацсетках таксама неспакойна – ананімныя профілі, у тым ліку на платформе X, што маюць маю колькасць падпісчыкаў і былі створаны за апошнія месяцы (а некаторыя – літаральна некалькі дзён таму), распаўсюджваюць расійскую прапаганду. Інфармацыйная вайна ў інтэрнэце ў самым разгары.

У каментарах да паведамленняў пра выбух на рэйках можна прачытаць:

  • «Калі 10 млн жыхароў Украіны – гэта расіяне, як думаеце, колькі ў Польшчы можа быць патэнцыйных тэрарыстаў з украінскім пашпартам? 5? 10? а можа 100 тыс.?»
  • «Займіцеся гэтымі (…) украінцамі»,
  • «Зловяць украінцаў, а павесяць на расіян»,
  • «Чым бліжэй да разлічэння, тым больш будзе актаў дыверсіі, каб адвесці ўвагу?! (…) Тое самае адбывалася перад прэзідэнцкімі выбарамі (падпалы)».

Гэта толькі частка пастоў пад твітамі пра нядаўні акт дыверсіі. Ананімныя акаўнты сцвярджаюць, што расіян абвінавачваюць без падстаў, а за выбухам, магчыма, стаяць украінцы або… польскі ўрад. Некаторыя наогул ставяць пад сумнеў факт выбуху:

«Цікавая выбухоўка – не пашкодзіла ні шпалаў, ні насыпа. Далей падносяць нам лухту, каб толькі сеяць прапаганду. Можа, зараз скажуць, што крыху далей знайшлі расійскія дакументы, бо, відаць, спец па выбухаўцы згубіў іх падчас уцёкаў».

Такіх прыкладаў у сацыяльных медыя вельмі шмат. Хваля дэзінфармацыі і фэйкаў – вялізная. Некаторыя эксперты мяркуюць, што – падобна да барацьбы з хакерамі, дзе існуюць спецыяльныя каманды па кібербяспецы – адказам павінна стаць стварэнне нацыянальнай інстытуцыі для процідзеяння дэзынфармацыі. У яе складзе мог бы дзейнічаць і спецаддзел, які б аператыўна рэагаваў у сацсетках на паведамленні, інфармаваў і даваў адпор фэйкам.

Працоўных каманд, што займаюцца гэтай пагрозай, ужо некалькі. У Міністэрстве лічбавізацыі адзначаюць, што на працягу некалькіх гадоў вядуцца сістэмныя дзеянні па процідзеянні дэзынфармацыі.

– Уздзеянне дэзынфармацыі на грамадскую, палітычную і эканамічную сітуацыю становіцца ўсё большым, таму праводзяцца медыйныя, сацыяльныя і адукацыйныя кампаніі, накіраваныя на павышэнне ўстойлівасці грамадства, – тлумачыць Шымон Завілла з прэс-службы Міністэрства лічбавізацыі.

Армія супраць дэзынфармацыі?

У Міністэрстве падкрэсліваюць, што, акрамя працы «папераджальнага» характару, вядуцца і дзеянні, накіраваныя на выяўленне дэзынфармацыйнай дзейнасці, устанаўленне адказных груп і сетак ботаў. На гэта выдзяляюцца істотныя сродкі. Напрыклад, у гэтым годзе NASK атрымаў заказ на «маніторынг кантэнту з дэзынфармацыйным патэнцыялам у сацсетках і распрацоўку інструментаў, якія павышаюць устойлівасць дзяржаўнай адміністрацыі і грамадства да дэзынфармацыі праз навуковыя і адукацыйныя дзеянні». Кошт – амаль 14,5 млн злотых. Медыйныя кампаніі абыдуцца яшчэ прыкладна ў 3 млн злотых у 2025 г. Але эфектыўнасць гэтых мер ставіцца пад сумнеў – хваля фэйкаў пасля атакі дронаў і дыверсіі на рэйках гэта паказала.

Нягледзячы на гэта, планаў ствараць «армію супраць дэзынфармацыі» няма. У NASK тлумачаць, што там ужо працуе Цэнтр аналізу дэзынфармацыі (OAD). Клаўдзія Добіньска з PR-каманды NASK адзначае, што там дзейнічаюць спецыялізаваныя групы, якія штодня аналізуюць і манітораць інфасферу, выяўляюць актуальныя дэзынфармацыйныя наратывы, прымаюць паведамленні і перадаюць іх у адміністрацыі сацсетак, каб тыя рэагавалі на маніпулятыўны кантэнт.

– Падчас бягучага маніторынгу OAD канцэнтруецца на аналізе інфасферы. У структуре таксама працуе каманда, адказная за выяўленне ботаў і сетак акаўнтаў і іх перадачу адміністратарам соцсетак, – тлумачыць Добіньска.

Прадстаўнікі ўраду дадаюць, што інструментаў супраць дэзінфармацыі значна больш. Пры міністры замежных спраў ужо створана Кансультацыйная рада па ўстойлівасці да міжнароднай дэзінфармацыі. Яе склад абраны з прадстаўнікоў 90 арганізацый. Акрамя таго, з гэтага года дзейнічае міжведамасная група па супрацьдзеянні замежнаму ўмяшанню і маніпуляцыі ў інфармацыйным асяроддзі.

Ці абароняць Польшчу захады ЕС?

Значную ролю ў барацьбе з дэзінфармацыяй павінны адыграць новыя прававыя нормы – Еўрапейскі акт аб лічбавых паслугах (DSA), які павінен павысіць бяспеку карыстальнікаў у сетцы. Працэс імплементацыі DSA ў Польшчы працягваецца. Праект змяненняў у закон аб электронных паслугах быў прыняты Саветам Міністраў у канцы верасня. Ён увядзе механізмы нагляду за дзейнасцю лічбавых платформаў і зробіць магчымым падачу заяў на блакаванне незаконнага кантэнту (рашэнне будзе выдаваць Упраўленне электронных камунікацый).

Але гэта не адзіныя дзеянні на ўзроўні ЕС. На мінулым тыдні Еўракамісія абвясціла дзве новыя праграмы: «Еўрапейскі шчыт дэмакратыі» і «Стратэгію для грамадзянскай супольнасці». Іх мэта – абарона асноў дэмакратычных сістэм у ЕС: справядлівых выбараў, незалежных медыя і ўстойлівага да дэзынфармацыі грамадства. Праграмы, верагодна, будуць добраахвотнымі, але прапануюць дзяржавам канкрэтныя інструменты для абароны інфармацыйнай прасторы.

У межах аховы інфармацыйнай цэласнасці Еўракамісія таксама абвясціла падрыхтоўку крызіснага пратаколу да DSA, які палегчыць рэагаванне на «наднацыянальныя інфармацыйныя аперацыі», а таксама стварэнне еўрапейскай сеткі кантралёраў інфармацыі і Еўрапейскай абсерваторыі лічбавых медыя.

вх