Беларуская Служба

Польскі гісторык: «Ёсць два важныя дакументы, якія адсутнічаюць у польскай гістарычнай свядомасці, але павінны займаць там значнае месца»

06.12.2025 10:15
Гісторыя нашых адносін з украінцамі, літоўцамі і беларусамі адзначана не толькі канфліктамі, піша ў Gazeta Wyborcza ползьскі гісторык Мацей Яноўскі.
Ілюстрацыя крыніца: www.wielkahistoria.pl/Jan Matejko/domena publiczna).

Расійская прапаганда робіць усё магчымае, каб паглыбіць разлад паміж палякамі і ўкраінцамі, у той час як польскія правыя сілы бачаць у гісторыі ўзаемаадносін толькі Валынскую разню. Таму неабходна пастаянна нагадваць, што ў польска-ўкраінскай гісторыі, а таксама ў польска-літоўскіх і польска-беларускіх адносінах былі не толькі канфлікты і варожасць - сцвярджае Мацей Яноўскі.

Гісторык называе два важныя дакументы, якія адсутнічаюць у польскай гістарычнай свядомасці, але павінны займаць там значнае месца.

Трэці Літоўскі Статут, напісаны на старажытнарускай мове (старабеларускай - рэд.), быў створаны ў 1588 годзе і ўяўляў сабой кадыфікацыю законаў Вялікага Княства Літоўскага да падзелаў Польшчы, прычым некаторыя яго палажэнні заставаліся ў сіле нават пасля падзелаў. У прадмове да яе, напісанай віцэ-канцлерам ВКЛ Львом Сапегам, кожны шляхціц Вялікага Княства, які чытаў па-руску, мог прачытаць на сваёй мове кірыліцай:

«У кожнай Рэчы Паспалітай нічога не можа быць даражэй для сумленнага чалавека, чым свабода. […] Але было б недастаткова, каб чалавек быў вольны ад знешніх ворагаў і мусіў пакутаваць за сваіх унутраных ворагаў. Таму […] гэтая аброць была вынайдзена, каб стрымліваць кожнага нахабніка, каб, баючыся закона, ён устрымаўся ад усялякага гвалту і празмернасці, і не мучыў і не прыгнятаў слабейшых за сябе, бо для гэтага ўстанаўліваюцца законы, каб магутным не дазвалялася рабіць усё». 

Гэта і ёсць Рэч Паспалітая найлепшага фармату - сцвярджае Яноўскі.

Пераносімся на 122 гады наперад. 1710 год, больш за 60 гадоў прайшло з часу паўстання Хмяльніцкага. Ідзе Вялікая Паўночная вайна: Швецыя супраць Расіі. Казакі, якія дзесяцігоддзі таму, змагаючыся з Рэч Паспалітай, здаліся Маскве, цяпер бачаць наступствы яе панавання. Яны спадзяюцца, што, нягледзячы на паражэнне Швецыі пад Палтавай, пад шведскай абаронай будзе створана казацкая дзяржава.

У Бендэрах, Малдавія (пад турэцкім панаваннем, па-за дасяжнасцю расійскіх войскаў), праходзяць выбары гетмана.

«Камандзіры і палкоўнікі Войска Запарожскага» прымаюць важны дакумент: «Пакты і Канстытуцыі правоў і свабод Войска Запарожскага», таксама вядомыя як Канстытуцыя Філіпа Орліка па імені гетмана, які прынёс на іх прысягу адразу пасля выбараў.

Напісаныя на лацінскай мове, яны вызначаюць сістэму, якая павінна дзейнічаць у «нашай (казацкай- рэд.) айчыне (..) вызваленай ад маскоўскага ярма»: выбарны кіраўнік і гарантыі правоў падданых, асабліва казацкай старшыны, якая павінна мець правы, падобныя да правоў дваранства Рэчы Паспалітай.

Казакі апісваюцца як «свабодная нацыя» (natio libera), у адрозненне ад дэспатычных дзяржаў, такіх як Масква. Цікава, што гэты дакумент, які, не мае ніякіх прапольскіх тэндэнцый і з'яўляецца сведчаннем імкнення Украіны да незалежнасці, застаецца настолькі цесна звязаным з «сармацкімі» ўяўленнямі пра палітыку, перш за ўсё дамінаванню закона над уладай - адзначае гісторык.

Культура Рэчы Паспалітай наднацыянальнага і шматэтнічнага ўтварэння паўплывала на польскую ідэнтычнасць гэтак жа моцна, як і на Літву і Русь.

«Я б не хацеў уяўляць, якой была б польскасць без Міцкевіча, Славацкага, Пілсудскага, Мілаша і Вінцэнза. Людзі, якія выраслі там, дзе этнічныя палякі былі меншасцю, людзі, якія ўспрымалі культурную разнастайнасць як натуральнае», зазначае Мацей Яноўскі.

«Узаемная ўзаемазалежнасць зрабіла нашы нацыі — палякаў, літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў — такімі, якімі яны з'яўляюцца сёння, і ўключыла іх у сферу заходніх ідэй права і свабоды. Гэта сцвярджэнне не з'яўляецца спробай замоўчваць гістарычныя канфлікты — часам жахлівыя. Гэтыя канфлікты трэба вывучаць, і мы павінны імкнуцца зразумець іх механізмы, але мы не павінны абмяжоўвацца імі. У нашай агульнай гісторыі ёсць больш прыгожыя старонкі, чым Валынь ці прыгонніцтва» заклікае Мацей Яноўскі, гісторык, які вывучае гісторыю Польшчы і Еўропы XIX стагоддзя.

яс