Беларуская Служба

Беларуска ў Польшчы: ад мары пра сцэну — да адкрыцця сваёй беларускасці

10.01.2026 06:03
Гэтая гісторыя — не толькі пра музыку і эміграцыю, але і пра ўнутраны шлях чалавека да самога сябе.
Аўдыё
  • Беларуска ў Польшчы: ад мары пра сцэну — да адкрыцця сваёй беларускасці
Эміграцыяshutterstock.com/Song_about_summer

Праз страты, сумневы і пошук Надзея паступова знаходзіць свой голас — і ў музыцы, і ў мове, і ў адчуванні ўласнай ідэнтычнасці. 

Мара дзяцінства — стаць сольнай спявачкай

Надзея — музыкантка. Яна вучылася ў Беларусі і Расіі, а калі пачалася вайна, пераехала ў Польшчу, дзе працягвае музычную адукацыю. Надзея іграе на некалькіх інструментах, але яшчэ з дзяцінства бачыць сябе спявачкай. Цяпер яна спявае ў хоры, паралельна шукаючы ўласны шлях у сольнай творчасці.

— Гадоў, мабыць, у дванаццаць, калі я пачала свядома думаць пра будучыню, зразумела, што мая мара — стаць сольнай спявачкай і пісаць уласныя песні. Але добрай каледжнай адукацыі ў той час у нас не было. І вось харавыя спевы апынуліся бліжэй за ўсё да гэтага, бо акадэмічныя спевы мяне, як джазавую і поп-артыстку, проста «забівалі» — перастройка голасу даецца вельмі цяжка. І я дагэтуль перабудоўваюся з акадэмічнага вакалу на больш сучасны.

Музыка для Надзеі заўсёды была не проста прафесіяй, а спосабам самавыяўлення і ўнутранай размовы са светам. Нават у складаныя перыяды жыцця яна заставалася тым апірышчам, які не дазваляў згубіцца.

Эміграцыя стала нечым зусім новым

Дзяўчына згадвае, што, трапіўшы ў эміграцыю, апынулася нібы ў іншым свеце — настолькі далёкімі былі ўсё і ўсе, з чым яна сутыкнулася.

— Мабыць, самы дэпрэсіўны эпізод у маім жыцці быў тады, калі я пераехала ў Польшчу. Раней я вучылася ў Пецярбургу, увесь час была ў музычным асяродку, а тут я ўпершыню трапіла не ў музычную супольнасць. Я проста не ведала, пра што размаўляць з людзьмі: нашы каштоўнасці вельмі моцна розніліся. Дыялогі, тэмы размоў былі іншымі.

Праз паўгода пасля пераезду ў Познань я знайшла педагога па вакале — таксама беларуса, фіналіста польскага конкурсу. І цяпер, дзякуючы яму, я валодаю тым узроўнем вакалу, які маю сёння. Я кожны дзень спяваю, практыкуюся, удасканальваю тэхніку, пішу і думаю, пра што будуць мае ўласныя трэкі.

«Я ніколі не хацела жыць у Беларусі…»

Дарэчы, у Польшчы Надзея атрымлівае адукацыю на англійскай мове і марыць пасля заканчэння вучобы паехаць далей у Еўропу, каб працягнуць навучанне. Яна ўпэўнена, што дзеля дасканаласці ў сваёй прафесійнай сферы яшчэ трэба вучыцца ў выбітных педагогаў. Я цікаўлюся ў суразмоўцы, як яна спраўляецца з эміграцыяй, ці прызвычаілася і як наогул такое жыццё паўплывала на яе.

— Я ніколі не хацела жыць у Беларусі, таму што бачыла, што адбываецца на нашай эстрадзе: хто там выступае, каго запрашаюць на мерапрыемствы, якія існуюць беларускія конкурсы. Калі сказаць, што мне гэта наогул не падабаецца, — значыць нічога не сказаць. Я разумела, што магчымасцяў зрабіць тое, што я хачу, у Беларусі няма. Гэта не тая краіна, дзе я хачу жыць і развівацца.

І, дарэчы, я ніколі не ганарылася тым, што я беларуска. Нядаўна мы размаўлялі пра гэта з дзяўчатамі, і я тлумачыла, чаму хацела паступаць вучыцца ў Расію. Яна здавалася мне нечым моцным, вялікім, і мне хацелася быць часткай гэтай «вялікасці». Я думала, што калі буду там вучыцца і жыць у той супольнасці, то стану бліжэйшай да гэтага. Але з часам мае вочы расплюшчыліся.

Толькі апынуўшыся ў эміграцыі і трапіўшы ў беларускую супольнасць, я зразумела — я шукала не там. Тыя беларусы, з якімі я тут спяваю, размаўляю, нешта раблю, далі мне адчуванне гонару. Я настолькі моцна пачала ганарыцца тым, што я беларуска, што цяпер хачу прасоўваць сваю беларускасць у свеце. Менавіта яна і будзе тым, што адрозніць мяне ад іншых. Раней я думала, што буду пісаць песні толькі па-англійску, але цяпер разумею: мае песні будуць і па-беларуску, і па-англійску.

Раптам нешта клікнула…

— А як даўно ты загаварыла па-беларуску?

— Першага студзеня 2026 года я паставіла сабе мэту канчаткова перайсці на беларускую мову ў зносінах з беларусамі. Цяпер я вучуся на англійскай мове ў польскай супольнасці. І мне доўгі час не ўдавалася перайсці на беларускую, але раптам нешта так клікнула… Я не ведаю, што гэта, але нешта з’явілася. Я дам гэтаму назву, калі сама зразумею. І цяпер я канчаткова прыходжу да сваёй беларускасці.

Надзея трохі задумваецца і дадае, што вялікі ўплыў на вяртанне да беларускасці аказалі людзі, якія цяпер побач з ёй: беларусы, з якімі яна спявае ў хоры і праводзіць час. У дзяўчыны з’явіўся новы погляд на беларускае мастацтва, песні і літаратуру. Я пытаюся, ці сумуе яна па Беларусі.

— Некалі сумавала. Часта ўспамінаўся Мінск, парк Перамогі, дзе мы шмат гулялі з бацькамі. Гэта хутчэй настальгія. Але я не планую вяртацца ў Беларусь. Мне проста хочацца, каб усё гэта хутчэй скончылася і я магла прыязджаць да бацькоў. Каб мае будучыя дзеці таксама маглі свабодна прыязджаць на сваю радзіму. 

Павел Залескі 

слухайце аўдыёфайл

 

 

 

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы